Сустрэцца з гераіняй гэтага аповеду, нягледзячы на канікулярны час, аказалася няпростай задачай. Удзел у двухдзённым рэспубліканскім фестывалі педагагічнага майстэрства, заняткі і трэнінгі з сёлетнім удзельнікам алімпіяды па нямецкай мове і непасрэдна паездка з ім на абласны этап практычна не пакінулі вольнага часу ў шчыльным працоўным графіку настаўніцы замежных моў Ушацкай школы Людмілы Іванаўны Даньковай.
Усё паспяваць ураджэнка Гомельшчыны імкнулася з дзяцінства. Была выдатніцай вучобы, сур’ёзна займалася спортам, прымаючы ўдзел у шматлікіх спаборніцтвах і зборах, аб’ездзіла практычна ўвесь Савецкі Саюз.
– Менавіта спорт “выбудаваў” з мяне чалавека, настаўніка, – кажа Л.І.Данькова. – Калі ставіш перад сабой высокую планку, выпрацоўваецца цвёрдасць характару, неабходная ў нашай прафесіі, ды і ў жыцці. Часам здаецца, што сілы заканчваюцца – аднак, як і ў спорце, абавязкова адкрываецца другое дыханне. Калі ж дасягаеш жаданага цяжкай працай, адчуваеш сябе сапраўдным чэмпіёнам.
Стаць педагогам Людміла Іванаўна вырашыла ў старэйшых класах, калі ў яе школу пасля заканчэння ВНУ прыйшла маладая настаўніца нямецкай мовы. Захапіўшыся прадметам, дзяўчына вырашыла і сябе выпрабаваць у якасці лінгвіста. Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў у той час быў адным з самых прэстыжных і папулярных у нашай краіне, паступіць туды без ідэальнага валодання прадметам было немагчыма. Аднак Людміла Іванаўна справілася і ў 1980 годзе стала студэнткай установы.
Была старастам групы, камандзірам узвода на ваеннай кафедры. За поспехі ў вучобе і актыўную грамадскую дзейнасць на чацвёртым курсе ўвайшла ў лік 10 шчасліўчыкаў (з больш чым сотні студэнтаў), якія накіраваліся на стажыроўку ў Лейпцыг. Яшчэ адной удачай стала знаёмства з будучым мужам, які вучыўся ў суседняй школе міліцыі.
Добры старт
Навучальныя ўстановы закаханыя заканчвалі адначасова. Людмілу Іванаўну запрашалі на работу ў Маскву, Мікалая Іванавіча – у Ханты-Мансійск. Аднак воляй лёсу абое засталіся ў Беларусі – у 1985-м маладая сям’я прыехала на Шуміліншчыну, на радзіму мужа.
Працоўную дзейнасць Л.І.Данькова пачынала ў першай школе г.Шуміліна, дзе выкладала нямецкую і англійскую мовы. Пазней, каля 8 гадоў, была настаўніцай-“англічанкай” у школе №2. Жанчына і зараз прыгадвае, наколькі цанілася ў той час работа педагога, яе лічылі элітнай, высокай была заработная плата, не ўзнікала праблем з жыллём. Пашанцавала і Даньковым, якім хутка далі ў горадзе кватэру, каб затрымаць тут перспектыўную сям’ю.
Не баючыся цяжкасцей
Пры зносінах з Л.І.Даньковай успомніліся лёсы жонак дзекабрыстаў. У Сібір, на шчасце, услед за мужам жанчыне ехаць не давялося, аднак лёс пакідаў яе па Беларусі нямала. Так, калі Мікалая Іванавіча перавялі начальнікам ва Ушацкі райаддзел міліцыі, Людміла Іванаўна не пашкадавала кінуць наладжаны быт, любімую работу – і ў 2000-м пераехала ў наш раён, дзе ў сям’і першапачаткова быў толькі пакой у інтэрнаце.
– Прызнаюся: дагэтуль нічога пра Ушачы не ведала, крыху пабойвалася сюды ехаць, – прыгадвае Л.І.Данькова. – Аднак, калі трапіла, зразумела, што гэта адназначна маё, такое блізкае, роднае! Вельмі ўразіла прырода: вялікая колькасць лясоў, вадаёмаў нагадалі пра тыя мясціны, дзе прайшло маё дзяцінства. І людзі на Ушаччыне ў многім асаблівыя – вельмі хутка знайшла шмат сяброў.
Працоўны шлях у нашым раёне Людміла Іванаўна пачынала ва Ушацкай школе, дзе выкладала англійскую мову. Пазней, на працягу трох гадаў, была загадчыцай метадычнага кабінета ў аддзеле адукацыі. Вось толькі затрымацца ва Ушачах надоўга Даньковым не атрымалася. У 2004-м мужа Людмілы Іванаўны накіравалі начальнікам аддзела міліцыі ў Оршу. Жанчына паехала следам, уладкавалася ў механіка-эканамічны каледж, дзе выкладала нямецкую і англійскую мовы. Навучаючы дастаткова дарослых юнакоў і дзяўчат, набывала новы вопыт, які, на думку гераіні, – важнейшы складнік работы педагога.
І зноў ва Ушачы…
У 2006 годзе мужа Людмілы Іванаўны перавялі ў Віцебск. Аднак паехаць за ім на гэты раз жонка не змагла: у нашым раёне жыла яе мама, якой патрабавалася дапамога. Так жанчына ў другі раз уладкавалася ва Ушацкую школу.
– Ніколі не забуду мудры выраз аднаго свайго выкладчыка пра работу настаўніка – “Для вас гэта гульня, а для дзяцей – жыццё”, – расказвае Л.І.Данькова. – Таму ніколі не дазваляла сабе працаваць не ў поўную моц. Я па натуры перфекцыяніст, лічу: калі ўзяўся за справу, трэба выканаць яе бліскуча! А вось з тым, што работу настаўніка многія ацэньваюць выключна па колькасці перамог яго вучняў на алімпіядах і ў конкурсах, не згодная. Галоўнае – даць кожнаму неабходную базу, якая спатрэбіцца ў жыцці.
Шмат таленавітых дзяцей падрыхтавала Людміла Іванаўна за гады сваёй педагагічнай дзейнасці. Прычым, многія пайшлі па яе прыкладзе ў навучальныя ўстановы лінгвістычнага профілю. На факультэце рамана-германскай філалогіі ВДУ імя П.Машэрава вучыцца зараз Ганна Качко. У Полацкім дзяржуніверсітэце атрымлівае адпаведную адукацыю Рыта Саксон. Ну і, вядома, усе мы ведаем пакуль яшчэ школьніка, пераможцу шматлікіх алімпіяд па нямецкай мове Паўла Гардзіёнка. З усімі гэтымі дзецьмі Л.І.Данькова працавала з першага класа, ведала пра кожнага літаральна ўсё: не толькі здольнасці ў вучобе, але і інтарэсы, мары. Напэўна таму з кожным лёгка знаходзіла агульную мову, бачыла, куды “націснуць”, каб падштурхнуць да больш сур’ёзнага вывучэння прадмета. Будучаму спецыялісту па лагістыцы, напрыклад, дастаткова было нагадаць, што зараз наша краіна “завязана” на многіх замежных кампаніях, а аўтаслесару – аб вялікай колькасці аўтамабіляў нямецкай зборкі.
– Для сябе даўно рашыла, што даць добры ўрок і даць вучням веды – гэта не адно і тое ж, – падзялілася сваімі меркаваннямі Л.І.Данькова. – Можна правесці ідэальны з пункту гледжання методыкі занятак, але не зацікавіць дзяцей да вучобы. Таму ўрокі часта будую па ўласных распрацоўках. Напрыклад, вывучэнне мовы пачынаю – у разрэз праграме – з вывучэння не літар, а гукаў – так дзеці хутчэй авалодваюць навыкамі чытання.
Мама, жонка, настаўнік
Многія калегі, знаёмыя Людмілы Іванаўны здзіўляюцца, як тая ўсё паспявае – і дома, і на рабоце. Яе ж сакрэт дастаткова просты: шмат працаваць, не шкадуючы сябе.
– Суткі – вялікія, – усміхаецца жанчына. – Калі дзень, вечар правёў з блізкімі, скласці планы, падрыхтавацца да ўрокаў можна і ноччу.
Напэўна, таму дзеці Л.І.Даньковай ніколі не адчувалі недахопу маміных любові і ўвагі, выраслі дастойнымі людзьмі. У многім яны пайшлі па слядах таты, выбраўшы работу ў органах унутраных спраў. Так, Наталля – зараз старшы оперупаўнаважаны ўпраўлення крымінальнага вышуку ГАУС Мінгарвыканкама, а Таццяна – старшы оперупаўнаважаны па асоба важных справах УБЭЗ ГАУС Мінгарвыканкама, уладальніца дзяржаўнай узнагароды – медаля за адзнаку ў ахове грамадскага парадку.
Ёсць у Людмілы Іванаўны ўжо трое ўнукаў, з якімі любіць бавіць час і пакрыху вучыць іх замежным мовам. Зрэшты, і не іх адных. На Новы год, напрыклад, падарыла зяцю размоўнік англійскай мовы, веданне якой яму неабходна ў рабоце.
У сваіх жа працоўных буднях – а выкладае Людміла Іванаўна зараз дзве мовы – выкарыстоўвае самы розны матэрыял. Наладзіла сувязі з многімі педагогамі вобласці і нават рэспублікі, з якімі дзеліцца напрацоўкамі. У пошуку дадатковай інфармацыі дапамагае ёй таксама інтэрнэт. Не абыходзіцца ў рабоце Л.І.Даньковай і без праяўлення творчасці – да фестывалю міжкультурных камунікацый, напрыклад, летась ставіла з вучнямі танец, які быў высока ацэнены членамі журы і гледачамі.
– Гэта рэха маёй спартыўнай маладосці, – усміхаецца жанчына. – Хаця са спортам сябрую і зараз, люблю ўвечары пазаймацца на шматлікіх трэнажорах, якія маюцца ў мяне дома.
* * *
У народзе кажуць, што галоўнае ў дасягненні значных поспехаў – гэта знайсці свайго педагога. Такога, з якім заўсёды проста, цікава, карысна. Вучням Ушацкай школы ў гэтым сэнсе можна толькі пазайздросціць: з настаўніцай замежнай мовы Л.І.Даньковай інакш не бывае! Нездарма яе прозвішча другі год запар занесена на раённую Дошку гонару.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.