Столовая ушачского райпо вскоре примет посетителей в обновленном виде

Общество

Сталовая райспажыўтаварыства вельмі хутка прыме наведвальнікаў у абноўленым выглядзе. Наяўнасцю кліентаў, іх станоўчымі водгукамі аб’ект грамадскага харчавання ніколі абдзелены не быў, а вось у плане тэхнічнага аснашчэння, знешняга выгляду не дацягваў да сучаснага ўзроўню. Планы па рамонце з элементамі рэканструкцыі ў райспажыўтаварыстве выношвалі не адзін год, і нарэшце іх удалося ператварыць у рэальнасць.

Поўнасцю абнавілася абсталяванне кухні, акрамя сталоў закуплены новыя пліты, спецыяльныя патэльні, цестамясільная машына і іншыя прыборы, патрэбныя для якаснага, смачнага прыгатавання страў. Будуць прыемна здзіўлены наведвальнікі і новымі магчымасцямі, якія з’явіліся дзякуючы набытаму абсталяванню. Сярод іх, напрыклад, у інтэр’ер раздатачнай лініі выдатна ўпісалася барная стойка, а таксама печ для вырабу піццы – па заказе кліента гэтую знакамітую страву будуць рабіць і падаваць адразу з пылу-жару.

– Трэба адзначыць, што на час рамонту мы не пакінулі нашых наведвальнікаў і пастаянных кліентаў без абедаў. Цяпер у іншым рэжыме працуе рэстаран, дзе можна паабедаць па цэнах сталовай, – адзначае першы намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Ю.Ф.Хоміч.

Ну а пакуль у сталовай ідуць прыгатаванні да адкрыцця – падключэнне і наладка абсталявання, дапрацоўка некаторых важных штрыхоў у інтэр’еры. Работнікі райспажыўтаварыства імкнуцца зрабіць усё, каб з дня на дзень сустрэць наведвальнікаў у поўнай гатоўнасці.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: повар І.Гардзіёнак і інжынер-тэхнолаг А.Владзіёнак каля новага абсталявання для выпечкі піццы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *