Энергетык са стажам

Общество

 

 Колькі разоў Леанід Сяргеевіч Лукашонак даваў перадсвяточныя інтэрв’ю пра дзейнасць сваёй арганізацыі, столькі і пакідалі “на пасля” расказ пра яго самога: “Вось будзе 40 год, як прыйшоў у арганізацыю – тады”. Так і мінулі 40, а ў верасні гэтага года і 41, як звязаў свой лёс з раёнам электрычных сетак Леанід Сяргеевіч. Ды і самой арганізацыі роўна столькі ж. Калі ў 1967, атрымаўшы спецыяльнасць электрыка, вярнуўся на малую радзіму раёна электрычных сетак яшчэ не было, проста Ушацкі ўчастак Полацкіх электрасетак. Ды і месца ў арганізацыі тады для яго не знайшлося. Таму папрацаваў на хлебазаводзе і нават прайшоў падрыхтоўку ленатыпіста ў друкарні газеты. Адтуль у верасні і запрасіў яго былы галоўны інжынер І.А.Літвінаў. Два гады электраманцёрам і 14 – майстрам брыгады.

Майстрам, толькі старэйшым, працуе Леанід Сяргеевіч і зараз. Ёсць з чым параўнаць – і работу, і часы. Сцвярджае, што паздаравеў паля таго, як саступіў крэсла кіраўніка моладзі. Па-першае, пастаянна на свежым паветры. Па-другое, нервы ў парадку, спакойна ставішся да тэлефонных званкоў у любы час сутак. Што датычыцца работы на ўчастках зараз і 40 гадоў таму, то гэта таксама непараўнальна.

– Мы былі не энергетыкамі, а хутчэй пажарнікамі – працавалі ў пажарным рэжыме. Пра планаванне работы, як зараз, не было і размовы. Там энергія знікла, там… Масавая электрыфікацыя раёна прыпала на 1964-1965 гады, у 67-68 падключалі аддаленыя маленькія вёскі, ну а апошняя лямпачка Ільіча загарэлася ў 1969 пасля правядзення ленінскага суботніка ў вёсках Пяскі і Ляхі. Рабілася ўсё хутка, таму пры ветры ці ўрагане ляжаў не адзін слуп і без святла заставалася не адна вёска. Ды і не за дзень яно з’яўлялася: позна паступала паведамленне – тэлефонаў таксама не было, а якія дарогі. Глыбачанска-дубраўская зона была самай праблемнай, у Дубраўцы аднойчы мы тыдзень жылі, гаспадарка нам выдзеліла гусенічны трактар, домік для гасцей – у дарозе б больш правялі, чым за работай, дабіраліся туды праз Лепель-Камень.

З матэрыяльнай базы ў пачатку было толькі два ГАЗоны ва Ушачы і адна дабітая машына на ўчастку ў Вялікіх Дольцах. Гэта сёння тэхніка з рацыяй, печкамі, тады ж укрываліся брызентам, білі мёрзлую зямлю і ставілі слупы. У брыгадзе менавіта з-за ручной працы было па 10-12 чалавек. І вялікая цякучасць кадраў. Толькі ў 70-х, пасля з’езда энергетыкаў, калі галіна была прызнана вядучай, павысілася зарплата.

Паколькі старшы майстар замяняе любога з майстроў, то сёння Леанід Сяргеевіч зноў на аб’ектах, хоць любы з участкаў дасканала ведаў падчас 24 год кіраўніцтва арганізацыяй. Нават па здымках з самалёта беспамылкова ўгадвае, нашы гэта землі ці не.

– Вось падрыхтую замену, чарговага майстра, і можна будзе ісці на адпачынак. А прафесійнае свята сустракаць буду заўсёды, тым больш што яно становіцца сямейным. Энергетык са стажам малодшая дачка, яна выкладае ў нашым абласным вучэбным цэнтры. На другім курсе энергетычнага факультэта вучыцца ўнук.

У будучым годзе Леаніду Сяргеевічу споўніцца 65 год. Не ўзрост, тым больш калі бачыш перад сабой маладжавага энергічнага мужчыну. А ўсё таму, што не сядзіць на канапе перад тэлевізарам, а працуе. Энергетыка “падпітвае”, дае зарад бадзёрасці – галіна такая, не дазваляе старыцца.

В.КАРАЛЕНКА.
 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *