Калі ў пятніцу наведаў цэнтральную кацельню, то спачатку здалося, што стаў сведкам аварыі. Слупы дыму не толькі звыкла для вока ўзнімаліся з труб – здавалася, і само памяшканне патанула ў ім. На шчасце, аказалася, што гэта не дым, а пара з газавага катла, які работнікі кацельні рыхтавалі да запуску. Пры гэтым адзін ужо спраўна працаваў, помпа падавала ваду тэмпературай каля 80 градусаў у ацяпляльную сістэму. Вось толькі ўлічваючы прагноз надвор’я на выхадныя і ўзрост абсталявання, вырашана было прагрэць, а заадно праверыць і другі кацёл, каб аператыўна запусціць яго ў выпадку неабходнасці.
Гэты аб’ект у калядныя маразы – цэнтр увагі не толькі кіраўніцтва прадпрыемства. Простыя грамадзяне, камфортная тэмпература ў кватэрах якіх залежыць ад працы кацельні, раз-пораз таксама пазіраюць на яе трубы. Менавіта адсюль па цеплатрасах гігакалорыі разыходзяцца на школу і дзіцячыя садкі, музей і бібліятэкі, і яшчэ шэраг сацыяльных, адміністрацыйных і вытворчых аб’ектаў.
Трэба сказаць, што сама цэнтральная кацельня адносіцца да аб’ектаў павышанай небяспекі, бо аварыя на ёй можа прывесці да катастрафічных наступстваў, і пабочным асобам уваход у гэтае памяшканне забаронены. Але для нас майстар участка кацельні і цеплавых сетак жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Мікалаевіч Мартыновіч зрабіў выключэнне і правёў кароткую экскурсію, паказаў “вытокі” цеплыні ў радыятарах батарэй і гарачай вады ў кранах.
Асноўнымі на кацельні з’яўляюцца два катлы на шчапе. Паназіраў у спецыяльнае акенца, што робіцца ўнутры печы – відовішча ўражвае. “Там каля 800 градусаў зараз! – крычыць збоку А.М.Мартыновіч, інакш у блізкасці ад абсталявання размаўляць нельга. – Шчапа добрая, гарыць нармальна і цеплааддача на ўзроўні”.
А бывае і такая, што немагчыма распаліць печ. Шчапу камунальнікі нарыхтоўваюць самі, закупляюць у лясгаса і за межамі раёна – пры неабходнасці возяць з Лепельскага, Полацкага і нават Расонскага.
– Расход, вядома, залежыць ад якасці сыравіны і ўмоў надвор’я, – працягвае А.М.Мартыновіч. – Калі тэмпература плюсавая, то неабходна дзесьці 40 метраў кубічных шчапы, пры невялікіх маразах – 60, зараз, калі кацельня працуе практычна на максімуме, – “з’ядае” каля 80 кубаметраў.
Газавыя катлы ў дадатак да асноўных выкарыстоўваюцца пры стабільна адмоўных тэмпературах – калі на вуліцы мінус 5-7 градусаў. Напрыклад, у мінулым годзе за ўвесь ацяпляльны перыяд “блакітнае паліва” выкарыстоўвалася дзесьці 40 дзён.
Не скажаш, што працуюць тут у экстрэмальным рэжыме, але ўхіленне непаладак не чакае – да гэтага гатовы ў любы час сутак. Каб пазбегнуць форс-мажорных абставін, работа наладжана такім чынам, каб мінімізаваць наступствы любых аварый, аператыўна іх ліквідаваць. І ў пераважнай большасці выпадкаў карыстальнікі нават не паспяваюць заўважыць, што на кацельні нешта здарылася. Дасягаецца гэта ў тым ліку і за кошт таго, што 8 машыністаў і 3 слесары не дзеляць працу на “маю” і “не маю”, нават начальнік кацельні Сяргей Васільевіч Полазаў пры неабходнасці становіцца машыністам. У пятніцу, напрыклад, ён якраз знаходзіўся ля катлоў на шчапе, пакуль штатныя аператары Дзяніс Дуброўскі і Сяргей Філімонаў завіхаліся ля газавых.
Акрамя распальвання, пуску і спынення машыністы забяспечваюць і рэгуліроўку, кантроль за работай катлоў. Нягледзячы на тое, што абсталяванне аснашчана аўтаматыкай, яно патрабуе пастаяннага назірання за датчыкамі. Машыністы прызнаюцца, што здараюцца пазаштатныя сітуацыі, але калі пры іх узнікненні дзейнічаць вытрымана і не панікаваць, спакойна адключыць абсталяванне і выправіць непаладкі, то нічога страшнага няма. “Галоўнае – не баяцца катла!” – усміхаюцца мужчыны, хаця для непадрыхтаванага чалавека з усімі засоўкамі, кранамі і іншым абсталяваннем ён выглядае ледзьве не жахліва.
З наладкай і запускам машыністам дапамагаў слесар Сяргей Малінь. У прадстаўнікоў гэтай прафесіі таксама даволі шырокае кола абавязкаў, але ў першую чаргу яны адказваюць за рамонт абсталявання. Парыў трубы, выхад са строю помпы – ухіляць няспраўнасць ім.
Ёсць у штаце і прадстаўніцы цудоўнага полу – тры лабаранты, як і астатнія, пастаянна дзяжураць па 12 гадзін у змену, кантралююць утрыманне ў вадзе металаў. Калі іх колькасць перавышае норму, то абсталяванне працаваць не будзе і неабходна ачыстка.
Некалькі дзён моцных маразоў праверылі падрыхтаванасць работнікаў цэнтральнай кацельні і прымусілі працаваць у напружаным рэжыме. Аднак з гэтым выпрабаваннем камунальнікі справіліся паспяхова.
– Людзі да добрага хутка прывыкаюць, – філасофскі зазначае С.В.Полазаў. – За ўсю маю шматгадовую дзейнасць яшчэ ніхто не патэлефанаваў на кацельню і не папрасіў, каб тапілі менш – лепш адкрыюць фортачку. А вось на нізкую тэмпературу скардзяцца, хаця ў большасці выпадкаў яна бывае па віне саміх жыльцоў – старыя рамы, няўцепленыя дзверы не трымаюць калорыі. Гэта ўжо на сумленні гаспадароў, бо мы ў нашых умовах робім усё магчымае, каб жыхары райцэнтра з Дзядулем Марозам сутыкаліся толькі ля святочнай ёлкі!
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.