У магазіне аўтазапчастак прыватных прадпрымальнікаў Міхаіла і Святланы Глінскіх, размешчаным у зручным памяшканні цэнтра гандлёвых паслуг, шмат пастаянных кліентаў: гэтую кропку ўшачане цэняць за шырокі выбар тавараў, добразычлівасць гаспадароў, іх шчырую гатоўнасць дапамагчы вырашыць праблему пакупніка. У цяперашнія халодныя дні ў магазіне асабліва мнагалюдна: аўтаўладальнікі ідуць сюды не толькі набыць “актуальныя” тавары, але і атрымаць параду па эксплуатацыі сваёй тэхнікі ў экстрэмальных зімніх умовах. Мы папрасілі Міхаіла Уладзіміравіча даць некалькі адпаведных рэкамендацый і для чытачоў нашай газеты.
– Праблемы, канечне, лепей папярэдзіць загадзя, а таму аўтамабіль да эксплуатацыі ў халодны час трэба рыхтаваць. Вельмі многае залежыць ад выбару масла. Канечне, на яго якасці ні ў якім разе нельга эканоміць: набывайце толькі прадукцыю правераных брэндаў. Асабіста я ў гэтым плане магу параіць арыгінальныя маслы MANNOL, адметныя сваёй марозаўстойлівасцю. Увогуле зімой можна выкарыстоўваць усесезоннае масла з маркіроўкай 15W – пры тэмпературы да мінус 15 яно не згубіць сваёй вязкасці. Пры больш моцных маразах лепш падыдуць сінтэтычныя маслы 5W або 0W. Каб ачысціць паліўны бак ад лёду і вады, можна выкарыстоўваць зімовыя асушальнікі паліва.
Не пакідайце без увагі акумулятар. Пры моцных маразах тэрмін яго службы скарачаецца хутчэй, а таму правяраць зарадку батарэі пажадана не радзей чым раз у тыдзень.
Ледзь не палова ўсіх паломак рухавіка абумоўлена непаладкамі ў сістэме ахалоджвання. Калі ў вас ёсць магчымасць набыць якасны антыфрыз – лепш зрабіце гэта. Сярод пераваг названай вадкасці – большы змазваючы эфект і марозаўстойлівасць, даўжэйшы тэрмін выкарыстання. Тасол каштуе менш, аднак пры правільным падборы таксама можа спраўна выконваць сваю функцыю.
Галоўная парада – ні ў якім разе не выкарыстоўваць вадкасці сумніўнай вытворчасці. Лепш набываць вялікія каністры, бо змешваць розныя непажадана. Пры выбары вадкасці варта звярнуць увагу на канцэнтрацыю: калі яна вялікая, могуць хутка сапсавацца гумавыя шлангі сістэмы ахалоджвання. Добра, напрыклад, сябе праяўляе такая марка, як FORD G12, яе ахалоджваючыя вадкасці не даюць вокісу ў блоку рухавіка і вытрымліваюць нізкія тэмпературы.
Можна парэкамендаваць сродкі для запуску аўтамабіля ў маразы. Гэта спецыяльныя аэразолі, у склад якіх уваходзяць гаручыя вадкасці: каб хутка завесці рухавік, трэба прыснуць аэразолем ва ўпускны паветраны тракт. Аднак да падбору такіх сродкаў неабходна падыходзіць індывідуальна, у залежнасці ад маркі і стану аўтамабіля. Сярод тых сродкаў, якія атрымалі станоўчыя водгукі нашых пакупнікоў, магу назваць аўтахімію MANNOL, якая ўдала спалучае і дэмакратычную цану, і якасць.
Зімой асаблівага догляду патрабуюць шклоамывальнікі: не забывайцеся сачыць за ўзроўнем вадкасці ў іх, ачышчайце і апрацоўвайце шматфункцыянальнай змазкай шарніры шчотак, наносьце на шкло аэразольны антызапацявальнік. Не забывайце пра ачыстку свечак ад нагару, бо ён адмоўна ўплывае на запуск рухавіка. Для барацьбы з абледзяненнем замкоў існуюць кампактныя размарожвальнікі, а ўшчыльняльную гуму можна апрацаваць сіліконавым спрэем.
Будзем рады дапамагчы ўшачанам набыць пералічаныя сродкі і даць кансультацыі па іх прымяненні. Ну і, канечне, жадаем, каб халады не прынеслі вам дадатковых аўтамабільных праблем!
Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.