Работники социальной службы Ушаччины получили заслуженные награды к своему профессиональному празднику

К профессиональному празднику

Дзень работнікаў сацыяльнай абароны – гэта свята, якое непасрэдна датычыцца больш як 37 тысяч беларусаў, што працуюць у органах па працы, занятасці і сацабароне. Адзначаюць яго і падапечныя прадстаўнікоў узгаданай службы – а гэта больш за 1,8 мільёна людзей, што знаходзяцца на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва нашай краіны.

Вось і ва Ушачах у мінулы чацвер на ўрачыстае мерапрыемства з нагоды прафесійнага свята сабраліся тыя, чыя місія – быць міласэрнымі, дапамагаць людзям, якія маюць у гэтым патрэбу – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, пенсіянерам, інвалідам, адзінокім і адзінока пражываючым, іншым катэгорыям грамадзян. Работнікаў сацыяльнай абароны павіншаваў старшыня райвыканкама В.В.Родзіч.

– Для многіх жыхароў Ушацкага раёна сацыяльныя работнікі з’яўляюцца той адзінай нітачкай, якая звязвае іх з сучасным светам, – адзначыў Віктар Віктаравіч. – Сваім паўсядзённым клопатам пра людзей вы даказваеце статус Беларусі як краіны сацыяльнай справядлівасці, дзяржавы для народа. Паслугі аказваеце прафесійна, прытрымліваючыся, у першую чаргу, не службовай інструкцыі, а закліку сэрца.

Доказам апошняга, зрэшты, стала значная колькасць уручаных у гэты дзень узнагарод. Так, Ганаровую грамату камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і ў сувязі з прафесійным святам атрымала сацыяльны работнік ТЦСАН Наталля Леанідаўна Малахава. Падзяка старшыні абласнога камітэта аб’яўлена галоўнаму бухгалтару ТЦСАН Святлане Віктараўне Пятроўскай, загадчыцы аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання ТЦСАН Наталлі Мікалаеўне Кляпец, загадчыцы аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Алене Леанідаўне Ігнатовіч. Ганаровую грамату Ушацкага райвыканкама В.В.Родзіч уручыў сацыяльным работнікам ТЦСАН Мікалаю Іванавічу Піскуну і Галіне Ягораўне Юдзінцавай. Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена сацыяльнаму работніку Валянціне Сяргееўне Быкавай.

Цёплая і душэўная атмасфера, якая панавала ў зале падчас урачыстасці, стала доказам павагі да людзей, якія штодзень робяць дабро, дораць душэўную цеплыню тым, хто мае патрэбу ў клопаце і падтрымцы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *