Жительница Глыбочки нашла своё призвание в… написании жалоб

Закон - один для всех

Справы аб абароне  грамадзянамі сваіх працоўных правоў суды разглядаюць  даволі часта. На жаль, наймальнікі працягваюць крыўдзіць сваіх работнікаў і ім проста не застаецца нічога іншага як звярнуцца да служыцеляў Феміды. І трэба адзначыць, у большасці выпадкаў яна становіцца на бок грамадзяніна. Вось толькі не ў апісанай ніжэй справе, пра акалічнасці якой нам паведаміла памочнік пракурора Ушацкага раёна Н.Ф.Аваднёва.

Такой заблытанай і ў пэўным сэнсе недарэчнай грамадзянскай справы ў судзе Ушацкага раёна дагэтуль не было. Больш за месяц доўжыўся яе разгляд з прыцягненнем адваката і шматлікіх сведак, пастаянным з’яўленнем новых акалічнасцяў і нават выкарыстаннем дэтэктара лжы. Здаецца, жыхары Глыбачкі Глыбачэнскага сельсавета (і не толькі яны) і зараз не адышлі цалкам ад непрыемных момантаў, якія давялося перажыць дзякуючы сваёй аднавяскоўцы 1961 года нараджэння, санітарцы мясцовай бальніцы.

Выходзіць згодна з графікам на працу Наталля не імкнулася, некалькі разоў дапускала прагулы. Вядома, пра гэтыя “вызваленыя” для сябе дні галоўнаму ўрачу бальніцы жанчына не паведамляла – і ўрэшце рэшт трапілася на падмане. Даведаўшыся пра адсутнасць Наталлі на рабочым месцы, Г.С.Прыходзька, як таго патрабуюць правілы, звярнулася ва Ушацкую ЦРБ – і ўзгаданы факт быў афіцыйна пацверджаны. У такой сітуацыі санітарка не знайшла лепшага варыянту, як добраахвотна напісаць заяву аб звальненні. Што, зрэшты, і зрабіла. Калі ж за прагулы жанчыну прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці ў выглядзе вымовы, аб напісанай заяве яна пашкадавала. Праўда, было ўжо позна: па выніках яе разгляду быў выдадзены загад аб звальненні, з якім жанчыну азнаёмілі, пра што сведчыў яе подпіс. Вось толькі мірыцца з дакументам Наталля не хацела, таму, напрыдумаўшы вінаватых у нібыта незаконным яе звальненні, запатрабавала вярнуць яе на работу.

Паколькі месца ў Глыбачанскай бальніцы сястрынскага догляду заставалася вакантным, просьба жанчыны была разгледжана і задаволена. Вось толькі доўга там затрымацца не здолела – і ў хуткім часе зноў напісала на імя галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ заяву аб звальненні. Утрымліваць санітарку не сталі. Але ж тая хутка перадумала і заявіла, маўляў, напісанае ёю – вынік пагроз з боку кіраўніцтва Глыбачанскай БСД і Ушацкай ЦРБ. Да таго ж, акрамя вяртання на работу, патрабавала спагнання сумы сярэдняга заробку за час вымушаных прагулаў, а таксама матэрыяльнай кампенсацыі маральнага ўрону.

Суд разгледзеў гэтую справу і адмовіў Наталлі ва ўсіх яе “жаданнях”. Такое рашэнне, вядома, не задаволіла жанчыну – і яна з касацыйнай скаргай звярнулася ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суда. Аднак і там яе чакала расчараванне. Былую ж санітарку неадольна цягнула на страчанае працоўнае месца. У кастрычніку, падчас адпачынку пацыентаў, яна прыйшла ў Глыбачанскую бальніцу і пачала абыходзіць палаты, раздаючы хворым падарункі. Калі ж гэтую місію самазванага Дзеда Мароза паспрабавалі перарваць работнікі медустановы, пачала скандаліць – аблаяла сваю былую калегу, вырвала з яе рук тэлефонную трубку, каб тая не пазваніла ў міліцыю. У адносінах Наталлі быў складзены адміністрацыйны пратакол па артыкуле 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь, штраф склаў 2 базавыя велічыні. Такая мера таксама пакрыўдзіла жанчыну – і яна зноў звярнулася са скаргай у суд вышэйшай інстанцыі. І на гэты раз абвінаваціла не толькі ўшацкіх праваахоўнікаў за недакладнасць у разглядзе справы, але і сваю калегу – маўляў, тая, выганяючы Наталлю з бальніцы, наносіла ёй цялесныя пашкоджанні. Абласны суд, разабраўшыся ў акалічнасцях справы, прыйшоў да высновы пакінуць пастанову суддзі суда Ушацкага раёна без змен, а скаргу жанчыны – без задавальнення.

Апісаць усе цяжбы ўзгаданай грамадзянскай справы проста нерэальна. Яе хутчэйшага вырашэння чакалі, здаецца, усе – ад работнікаў Глыбачанскай БСД і Ушацкай ЦРБ, да простых жыхароў Глыбачкі, якія не маглі абыякава глядзець на неадэкватныя дзеянні былой санітаркі і шкадавалі галоўнага ўрача Ганну Сямёнаўну, якая ўсё брала блізка да сэрца. І ўрэшце ўсё стала на свае месцы – неабгрунтаваным “жаданням” жанчыны не было суджана збыцца, а ў медыцынскую ўстанову і ў цэлым у населены пункт прыйшоў спакой.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Жительница Глыбочки нашла своё призвание в… написании жалоб

  1. Дзіўная справа.Падарункі хворым-гэта добра,навошта было вызываць міліцыю.Відаць, галоўная лекарка вырашыла расправіцца з няўгоднай санітаркай.Як пішуцца заявы аб звальненьні пад ціскам-добра ведаю.Паважаная снітарка,зьвяртайцеся ў Вярхоўны суд,поспеху Вам.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *