Канцэрт, які напярэдадні навагодніх святаў у роднай музычнай школы давала яе выпускніца Наталля Шах, мала чым адрозніваўся ад многіх падобных у яшчэ не працяглай і разам з тым багатай біяграфіі таленавітай акардэаністкі. Хіба што памерамі невялікай залы і сямейнасцю атмасферы, бо на мерапрыемстве прысутнічалі ў асноўным родныя лаўрэата шматлікіх конкурсаў, педагогі і вучні. Але на ўзроўні выканання гэта не адбілася ніякім чынам – для любой аўдыторыі Наталля аддаецца спаўна.
Творы Баха, Моцарта, Чайкоўскага, сучасных французскіх і айчынных кампазітараў, з кінафільмаў і ў завяршэнні навагодняя п’еса-жарт, дзе арганічна спляліся многія вядомыя і любімыя мелодыі – гадзіна, якая праляцела вельмі хутка, патанула ў авацыях. “На сваіх выступленнях я стараюся, каб гледачы перажылі поўную гаму пачуццяў. Таму падбіраю рэпертуар такім чынам, каб людзі ў зале маглі праслухаць сур’ёзныя класічныя творы, задумацца. І разам з тым абавязкова павінна быць штосьці лёгкае, каб расслабіцца, каб быў пазітыў”, – тлумачыла свой выбар вучаніца Наталлі Генадзьеўны Пашковіч, у якой дзяўчына асвойвала азы на працягу сямі гадоў. Ёй наогул пашанцавала на педагогаў: 4 гады навучання ў Наваполацкім музычным вучылішчы яе выкладчыкам па класе баяна быў выдатны майстра Міхаіл Івашкін, а зараз Наталля, студэнтка 5 курса Акадэміі музыкі, займаецца ў яго былога вучня, знакамітага баяніста Уладзіміра Плігаўкі.
Нягледзячы на насычанасць вучэбнай праграмы, паралельна Н.Шах выкладае ў музычнай школе №1 Мінска. Веды і майстэрства дазваляюць – падчас вучобы ў Акадэміі яна неаднаразова прымала ўдзел у канцэртах, з сольнымі праграмамі выступала ў Літве, Латвіі, Расійскай Федэрацыі, Германіі. “Малады маэстра” магчыма не зусім удалае словазлучэнне, але да Н.Шах прымянімае, бо мала каго ў такім узросце запрашаюць у журы прэстыжнага конкурсу маладых выканаўцаў. А Наталля ў Дзімітраўградзе акрамя сольнага канцэрта і майстар-класа выступала якраз у такой ролі.
Музычная дзейнасць зацягнула яе сваёй разнастайнасцю, россыпам жанраў. Наталля сцвярджае і даказвае, што акардэон не мае межаў для фантазіі, а вучышся практычна кожны раз, калі бярэш у рукі інструмент. Лёгкасць, з якой яна ім валодае, падманлівая – за ёй гады ўпартай працы. Ды і сам акардэон, з якім Н.Шах выступала перад землякамі, мае вагу каля 30 кілаграмаў, дарагі кошт і “арыстакратычнае” паходжанне.
– Чыстае гучанне забяспечвае вельмі складаная механіка, – характарызуе свой інструмент Наталля. – Выпускаюцца такія акардэоны толькі ў гарадку Кастельфіарда, што ў Італіі. Для яго набыцця прыйшлося доўга збіраць сродкі. Дарэчы, за іх можна было набыць новы аўтамабіль прадстаўнічага класа…
А любоў да сваёй малой радзімы наогул не мае цаны. Ва Ушачы Наталля наведваецца, як толькі напружаны графік падорыць ёй свабодны час. Тым больш значна, што яна не пашкадавала яго, каб парадаваць сваім віртуозным выкананнем настаўнікаў і вучняў музычнай школы, з якой пачаўся яе шлях у свет вялікай музыкі.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.
Молодец, девочка! Поздравления маме Лене.