Учора яшчэ не было сямі гадзін раніцы, а аўтагрэйдар ДРБУ-105, падсоўваючы магутнай лапатай прычэп фуры, дапамагаў ёй развярнуцца на вуліцы Віцебскай. Гэта дазволіла вызваліць амаль палову праезнай часткі, занятую магутным грузавіком, а потым ачысціць яе ад шчодрых падарункаў “Акселя” – 4-5 студзеня на Ушаччыне ва ўзмоцненым рэжыме прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых службаў ліквідавалі наступствы снегападу, які прынёс цыклон з прыгожым скандынаўскім іменем.
У сераду нібы на дражджах расла гурба снегу на цэнтральнай плошчы гарпасёлка. Але радавала хіба што малышоў, якія пад вечар ужо каталіся тут і на гумавых балонах. Зрэшты, калі б снег на працягу дня не вывозілі, то спусціцца на лыжах з крутога схілу можна было б не ў адным месцы Ушач. Непагадзь не застала знянацку ні камунальнікаў, ні работнікаў дарожных арганізацый. У аператыўным парадку былі вызначаны першачарговыя задачы па ачыстцы і падсыпцы дарог, вуліц, тратуараў, аўтобусных прыпынкаў, вывазе снегу. Зразумела, што пачаліся работы з цэнтральных, самых ажыўленых шляхоў зносін. У арганізацыях задзейнічалі ўсю наяўную спецтэхніку. На пасяджэнні камісіі па бяспецы дарожнага руху, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч, паміж кіраўніцтвам УП ЖКГ, дарожных службаў дасягнута дамоўленасць пры ўзнікненні асабліва складанай абстаноўкі на дарогах і вуліцах не дзяліць іх на “свае” і “чужыя”. А гэтымі днямі якраз і склалася падобная сітуацыя, таму, напрыклад, спецтэхніка ДРБУ-105, накіроўваючыся ў напрамку Глыбачкі, не ехала з прыўзнятай лапатай, а чысціла і трасу, якая знаходзіцца на балансе ДЭУ-37 (на здымку). Трэба адзначыць, што службы ўмеюць працаваць сумесна і дапамагаць адна адной. Так, падчас аднаго з апошніх абледзяненняў раскідвальнік ДРБУ-105 падсыпаў вуліцы гарпасёлка, падстрахаваўшы камунальнікаў, у якіх на той момант зламалася ўласная тэхніка.
Актыўна змагаліся і змагаюцца са снегам работнікі камунальнай службы. 4 студзеня пасля абеду тры аснашчаныя лапатамі МТЗ у чарговы раз пашыралі вуліцу Ленінскую (на здымку). Вось толькі на шляху ад пачатку гарпасёлка да цэнтра не ўсюды гэта ўдавалася зрабіць з належнай якасцю.
– Нам вельмі перашкаджаюць “падснежнікі”, – расказваў намеснік дырэктара УП ЖКГ Ушацкага раёна Дзмітрый Сяргеевіч Шасцярэнь, які кіраваў ходам работ. – Так мы называем пакінутыя на праезнай частцы аўтамабілі. Тэхніка вымушана іх аб’язджаць, застаюцца нячышчаныя “кішэні” , якія ствараюць нязручнасці для руху транспарту. А на асобных вуліцах, кшталту Камсамольскай, гэта наогул можа прывесці да немагчымасці праезду транспартных сродкаў. Таму звяртаемся да грамадзян з просьбай не пакідаць аўтамабілі ў месцах з ажыўленым рухам. Па гэтай жа прычыне мы не можам якасна ўбіраць дваровыя тэрыторыі.
Вялікі аб’ём работы выконваюць дворнікі, бо далёка не ўсюды ёсць магчымасць пачысціць тратуары і дарожкі спецтэхнікай. Перашкаджаюць гэтаму апоры ліхтароў і дрэвы на ўчастку тратуара паміж магазінам “На Віцебскай” і скрыжаваннем вуліц Ленінскай і Камсамольскай – вялікія гурбы разграбаліся ўручную (на здымку). Дарэчы, з-за малой шырыні тратуара на апошняй вуліцы механізаваная ўборка снегу таксама вельмі праблематычная. Акрамя таго ад снежных заносаў расчышчаюцца падыходы да месцаў масавага прабывання грамадзян, пешаходныя пераходы.
Ва ўзмоцненым рэжыме працуе і служба ДАІ. Яе супрацоўнікі не толькі сочаць за выкананнем вадзіцелямі і пешаходамі правілаў дарожнага руху, што вельмі актуальна падчас непагадзі, але і ажыццяўляюць кругласутачны маніторынг стану дарог.
Камунальная і дарожныя службы працуюць гэтымі днямі пачынаючы з глыбокай ночы. У той жа час у ліквідацыі снежных заносаў на сваіх і прылеглых тэрыторыях павінны праявіць актыўнасць кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, уладальнікі прыватных дамоў.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.