Предприятия Ушач праздничным оформлением создают хорошее настроение

Общество

Кожны год прадпрыемствы і арганізацыі Ушач у пераднавагоднія дні ствараюць святочны настрой, упрыгожваючы свае адміністрацыйныя будынкі, вытворчыя і прылеглыя тэрыторыі.

Напэўна, усе ўшачане і госці раёна ўжо ацанілі незвычайны “агеньчыкавы заапарк”, які з’явіўся ў новым скверы ля Ушацкай школы. Гэтае месца адразу аблюбавалі аматары фатаграфавання – адпаведнымі здымкамі літаральна застракацелі старонкі ў сацыяльных сетках. А для самых дапытлівых нават узнікла нагода заняцца даследаваннем капытнай фаўны, бо дзіцячыя пытанні – “А што гэта за козлік з вялікімі рагамі?” – прыводзілі ў замяшанне большасць тат і мам. Каб “прасвятліць сітуацыю”, звярнуліся да дырэктара Ушацкай школы В.І.Клімашэўскага, які прыклаў шмат намаганняў, каб у новым скверы з’явіліся падсвечаныя фігуркі жывёл. “Наш навагодні “заапарк” – казачны, а таму і істоты ў ім адпаведныя: алень, жырафа, казярог, цялец і залатая антылопа, – тлумачыць Віталь Іосіфавіч. – Напярэдадні свята мы задумаліся, чым здзівіць і парадаваць людзей, якія будуць гуляць у скверы, і знайшлі вось такі варыянт аздаблення. Устройства фігур даволі простае: на спецыяльных каркасах, паўтараючых абрысы жывёл, замацаваны святлодыёдныя лямпачкі. Вырабіць гэтыя канструкцыі нам дапамог прадпрымальнік з Бягомля, ну а ўстаноўкай займаўся тэхперсанал школы”.

Як звычайна, вялікую лепту ў святочнае афармленне Ушач унеслі УП ЖКГ і райспажыўтаварыства. Прычым, навагодні антураж набылі не толькі аб’екты гандлю, а і самі работнікі – давялося бачыць, напрыклад, з якім выдатным настроем атаварваліся людзі ў перадсвяточныя дні ў “Мясной лаўцы”, дзе апранутыя ў навагоднія каўпачкі прадаўцы не шкадавалі для пакупнікоў ні віншаванняў, ні ўсмешак. Прыемныя эмоцыі для пасажыраў стварыла прыгожае навагодняе ўбранства аўтастанцыі – варта адзначыць, што сёлета гэты будынак набыў святочны выгляд адным з першых.

Дастойна справіліся з задачай выглядаць па-святочнаму многія ўшацкія прадпрыемствы, якія ўпрыгожылі памяшканні і двары ёлачкамі, а будынкі – ілюмінацыяй.

Сярод іншых новым навагоднім афармленнем здзівіла і ўразіла пажарная аварыйна-выратавальная часць №1 г.п.Ушачы (на здымку). Будынак выратавальнікаў, асабліва здалёк, стаў падобны на чароўны домік, побач з якім стаяць упрыгожаныя дрэвы, казачны алень. Тое, што гэта раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, выдае надпіс “101” і эмблема Міністэрства, каркас для якіх, дарэчы, выратавальнікі зрабілі самі. Прынамсі, упрыгожвалі часць як для стварэння святочнага настрою, так і для ўдзелу ў конкурсе на лепшае навагодняе афармленне сярод аддзелаў па надзвычайных сітуацыях вобласці. Напярэдадні Новага года былі падведзены яго вынікі – ушацкі райаддзел заняў другое месца, саступіўшы толькі калегам з Наваполацка.

На двары зараз самыя чарадзейныя і прыгожыя зімовыя дні, а таму ні ў якім разе не сядзіце дома – гуляйце па нашым прыгожым райцэнтры, атрымлівайце асалоду, заражайцеся добрымі эмоцыямі!

Наталля БАГДАНОВІЧ,

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *