Юные ушачанки стали гостями Дворца Республики и побывали на главной ёлке страны

Наши дети

Вось ужо 20 год дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” аб’ядноўвае мецэнатаў, палітыкаў, бізнесменаў і проста неабыякавых людзей, якія ў час навагодніх святаў імкнуцца спраўдзіць жаданні маленькіх беларусаў. Кульмінацыяй жа гэтага руху з’яўляецца галоўная ёлка краіны, якая штогод збірае больш дзвюх тысяч дзяцей з усіх куточкаў Беларусі. Ганаровае права стаць гасцямі Палаца Рэспублікі атрымліваюць выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, а таксама хлопчыкі і дзяўчынкі, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах, мнагадзетных і апякунскіх сем’ях. Сярод удзельнікаў гэтага свята заўсёды ёсць і юныя ўшачане – сёлета такое пачэснае права атрымалі вучаніцы Ушацкай школы Паліна Сазонава, Вікторыя Гулюта, а таксама прадстаўніца Вялікадолецкай Лізавета Рыталь.

Здымак Паліны ўпрыгожвае школьную Дошку гонару. У дзённіку пяцікласніцы толькі выдатныя адзнакі, яе даследчая работа па рускай мове заняла першае месца на раённай навуковай канферэнцыі, а казка на беларускай з уласнымі ілюстрацыямі стала лепшай у конкурсе, прысвечаным 500-годдзю кнігадрукарства. Веданне англійскай мовы і выдатныя вакальныя здольнасці дапамаглі дзяўчынцы атрымаць летась дыплом пераможцы ІІІ ступені ў абласным конкурсе міжкультурных камунікацый. Развіццю творчага таленту Паліны спрыяе вучоба на эстрадным аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў, дзе, дарэчы, займаецца і яе старэйшая сяброўка Віка Гулюта. Сямікласніца таксама старанна імкнецца праяўляць сябе і ў вучобе, і ў пазашкольным жыцці, а яшчэ знаходзіць час, каб дапамагаць бацькам выхоўваць малодшых браціка і сястрычку. Абедзвюм дзяўчынкам вельмі цікава было паглядзець казачнае прадстаўленне “Крыштальная мелодыя”, што ладзілася на галоўнай ёлцы краіны. “Надзвычай уразіла пастаноўка, яе сцэнарый, велічныя дэкарацыі. Вельмі цікава было ўбачыць сярод выканаўцаў адной з галоўных роляў прадстаўніка Беларусі на сёлетнім дзіцячым Еўрабачанні Сашу Мінёнка, які, дарэчы, нарадзіўся ў Віцебску. Пасля прагляду гэтага шоу захацелася займацца музыкай і спевамі яшчэ больш упарта і старанна, каб калі-небудзь таксама выступіць на падобнай сцэне!” – расказваюць юныя ўшачанкі.

Шмат незабыўных эмоцый падарыла паездка ў сталіцу і сямікласніцы Лізе Рыталь (на здымку). Гэтая падзея ўвогуле стала для яе адной з самых яркіх у жыцці: дзяўчынка жыве з бабуляй у невялікай вёсцы, і раней выязджаць у буйныя гарады ёй даводзілася хіба што на спаборніцтвы. Дарэчы, па выніках пазамінулага года Ліза была прызнана лепшай спартсменкай Вялікадолецкай школы, а летась яна паспяхова прадстаўляла наш раён на абласным і рэспубліканскім этапах летняга мнагабор’я “Здароўе”, дзе адзначылася адпаведна другім і трэцім месцамі. Вядома ж, не забываецца дзяўчынка і пра вучобу, асабліва любіць родную мову, удзельнічае ў алімпіядах па гэтым прадмеце. Шмат у Лізы і іншых талентаў – яе работы па экалогіі, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве прынеслі шмат дыпломаў на розных конкурсах.

Галоўную ёлку краіны называюць таксама прэзідэнцкай, бо традыцыйна штогод дзяцей на ёй віншуе асабіста кіраўнік дзяржавы. Нягледзячы на юны ўзрост запрошаных, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка размаўляў з імі, як з дарослымі. Ён заклікаў дзяцей цвёрда ісці да пастаўленай мэты, пераадольваючы перашкоды і цяжкасці, любіць сваю Радзіму, клапаціцца аб яе дабрабыце, шанаваць мір і бяспеку. “Менавіта ад вас залежыць, як будзе выглядаць наша зямля і якой стане краіна праз 20, 30 або 50 гадоў”, – падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч.

“Прадстаўляць наш раён на галоўнай ёлцы краіны і ганарова, і адказна. А як хвалююча было ўбачыць на свае вочы Прэзідэнта Беларусі, пачуць адрасаваныя непасрэдна нам словы і парады!” – падзяліліся ўражаннямі, вярнуўшыся дамоў, юныя ўшачанкі.

Нагадваць пра паездку ў Палац Рэспублікі ім будуць памятныя падарункі і знаёмствы з новымі сябрамі. А яшчэ дзяўчаты паабяцалі, што і надалей пастараюцца быць гонарам для сваіх родных, настаўнікаў, землякоў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Юные ушачанки стали гостями Дворца Республики и побывали на главной ёлке страны

  1. Я вельмі рады, што рады тых, каго накіроўваюць на галоўную ёлку краіны ад Ушаччыны, становіцца ўсё больш і больш.. Я сам дэлегат 2007 года.. І таму жадаю дзяўчатам усяго самага найлепшага.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *