Александр Паншин

К профессиональному празднику

Наша размова з Аляксандрам Віктаравічам Паншыным пераносілася некалькі разоў. P1150516Дзень такі выдаўся. Тры пацыенты ў рэанімацыйным аддзяленні, прыём у паліклініцы ў якасці хірурга, плюс начное дзяжурства. На яго пачатак і адклалі сустрэчу. Толькі маё знаёмства з буднямі ўрача пачалося з рэальнага вяртання жыцця чалавеку. Нездарма кажуць, лепш адзін раз убачыць.
У прыёмным пакоі ўстойлівы пах адэкалону. На насілках непрытомны мужчына. Хворы паступіў прама з міліцэйскага УАЗа. У машыну садзіўся сам, адтуль ужо выносілі, пэўна з сабой прыхапіў бутэльку адэкалону. “Тыповая алкагольная кома – канстатуе Аляксандр Віктаравіч. – Калі б не захапленне спіртным, мы, рэаніматолагі, без работы засталіся б. Маю на ўвазе не толькі такія нярэдкія выпадкі, а і розныя цяжкія траўмы як вынік выпівак”.
Яшчэ каля гадзіны ўсё аддзяленне рэанімацыі падключала розныя прыборы, прамывала страўнік, ставіла кропельніцы, каб хутчэй справіцца з таксікацыяй. Раніцай, як правіла, такія хворыя ўжо просяцца дадому, і ў лепшым выпадку кажуць дзякуй, у горшым буяняць і пагражаюць. Ну ніяк не пасуецца гэта работа з белымі халатамі, мабыць таму паверх іх у рэаніматолагаў яшчэ і фіялетавы фартух.
Калі б не дзяжурства, Аляксандра Віктаравіча выклікалі б з дому. Яго ці Канстанціна Мікалаевіча Цімафеева. Яны па чарзе на працягу паўмесяца “невыязныя”, гатовыя ў любую мінуту быць у аддзяленні. Не выключэнне выпадкі, калі і жывуць там. Як сёлета, калі толькі на апаратах трымаўся хворы з пнеўманіяй. Дактары мянялі адзін аднаго, не пакідаючы пост, Паншын вымушаны быў прарваць вучобу. І ўсё ж вырвалі маладога чалавека ў смерці. Потым гутарылі з калегамі, у Наваполацку такіх цяжкіх было пяць, так што па колькасці насельніцтва ў нас нават больш.
Колькі “хрэснікаў” на яго рахунку? Не злічыць, хоць і дактары не Богі, здараецца рознае. Рэаніматолагі ж працуюць з самымі цяжкімі сітуацыямі, лёгкіх хворых у аддзяленні проста не бывае. А вось магчымасці дактароў выраслі значна. У 1994-м, калі Аляксандр Віктаравіч скончыў у Астане медыцынскі інстытут, такога ў паміне не было. А гучная назва рэанімацыя заключалася ў адасобленых пакоях і балоне з кіслародам. Зараз да пацыента падключаны гемадэнамічны манітор, на якім літаральна ўсе жыццёвыя паказчыкі. Дарэчы, навейшае абсталяванне ўстанавілі літаральна тры дні таму. І канечне, гэта дадатковая нагрузка – асвойваць складаную тэхніку і раз у тры гады рэаніматолагі абавязкова праходзяць перападрыхтоўку. Анестэзіёлаг-рэаніматолаг раённай бальніцы – урач шырокай практыкі. Гэта ў вялікіх гарадах вузкая спецыялізацыя, адпаведныя цэнтры, куды хворага прывязуць згодна са спецыфікай, тут жа яны павінны разбірацца і ў траўмах, і ў атручваннях, і ў апёках…
– У кожнага ўрача свае складанасці і нюансы, – кажа Аляксандр Віктаравіч, як і ў кожнай прафесіі наогул. Я сваю люблю. Па-першае, гэта заўсёды цікава, назіраць за магчымасцямі чалавека, змагацца да апошняга. Цяжка, калі не атрымоўваецца, псіхалагічна цяжка, калі ў аддзяленні дзеці. Аднак гэта мая работа і пачуцці даўно навучыўся кантраляваць. Яны ў нашай справе не памочнікі. І тым не менш як прыемна, калі цябе зноў чуюць і бачаць.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *