Датай “нараджэння” органаў сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь лічыцца 5 студзеня 1919 года, калі пастановай Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі быў створаны Камісарыят сацыяльнага забеспячэння. З таго часу служба прайшла доўгі шлях станаўлення і развіцця. Сёння яна ў поўнай меры забяспечвае рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы пенсійнага забеспячэння, сацыяльнай абароны насельніцтва. Міласэрнасць, дабрыня, гатоўнасць прыйсці на дапамогу людзям, якія маюць у гэтым патрэбу, – маральныя катэгорыі, якія з’яўляюцца жыццёвай нормай для работнікаў галіны. Напярэдадні іх прафесійнага свята мы пагутарылі з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна А.У.ХВАШЧЭЎСКАЙ.
– Алеся Уладзіміраўна, спецыялісты вашай службы рэгулярна праводзяць матэрыяльна-бытавое абследаванне жыхароў Ушацкага раёна…
– Так, гэта дазваляе на месцы выявіць патрэбу людзей у розных відах дапамогі і своечасова прапанаваць адпаведныя паслугі. За 2016 год намі сумесна з работнікамі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях наведана амаль 1,5 тысячы домаўладанняў. З іх жыхарамі праведзены гутаркі аб неабходнасці захавання правілаў бяспекі, магчымасці пражывання ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Ну а для стварэння бяспечных умоў 193 пажылым ушачанам аказана садзейнічанне ў забеспячэнні палівам, 60 непрацаздольным адрамантаваны печы, у 153 дамах устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
– Чула, што Ушацкі раён займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці па колькасці людзей, якія знаходзяцца на комплексным абслугоўванні аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме.
– Сапраўды, па ўзгаданым паказчыку мы другія ў вобласці. На 1 снежня бягучага года на такім абслугоўванні ў нас 582 чалавекі, што складае 15,5 працэнта ад усяго пажылога насельніцтва Ушаччыны. Зараз у раёне пражывае 3734 атрымальнікі пенсіі, старэйшыя за 60 гадоў. Для таго ж, каб зрабіць прыём на месцах для іх больш даступным, створана 9 сацыяльных пунктаў – летась у іх звярнуліся 116 чалавек.
– Акрамя комплекснага абслугоўвання сацыяльныя работнікі аказваюць насельніцтву яшчэ і разавыя платныя паслугі?
– Так, за 12 месяцаў 2016 года 1550 жыхарам раёна аказана 1717 паслуг на агульную суму 5936,4 рубля. Зрэшты, непрацаздольным грамадзянам падобную разавую падтрымку аказваюць спецыялісты аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання. Пералік адпаведных прапаноў – вялікі, складаецца ажно са 158 пунктаў. За адзначаны перыяд ушачанам аказана 1140 такіх паслуг на суму 2480,71 рубля.
– У аддзяленні тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання, наколькі я ведаю, ёсць і бясплатныя паслугі?
– Безумоўна. Гэта найперш пракат артапедычнага інвентару – кастылёў, хадуноў, інвалідных калясак. У 2016-м такой магчымасцю скарысталася больш за 40 чалавек, летась было 27. На забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі прыняты дакументы ад 45 інвалідаў І і ІІ груп. Зараз адной сям’і, якая выхоўвае дзіця-інваліда, аказваюцца бясплатныя паслугі нянькі.
– З мая 2016 года з’явілася ў вас і паслуга сядзелкі…
– Так, аднак яна платная. На сённяшні дзень дапамога аказана 2 сем’ям.
– Раскажыце, калі ласка, пра паслугі суправаджэння і асістэнта для інвалідаў.
– Абедзве аказваюцца спецыялістамі аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Разлічваць на першую могуць інваліды першай групы з парушэннем апорна-рухальнага апарату (зараз у нас такіх 4), на другую – інваліды па зроку (таксама 4). Штомесяц нашы работнікі суправаджаюць людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў аддзяленне банка для аплаты камунальных паслуг, ажыццяўлення іншых плацяжоў, у паліклініку, бібліятэку, камбінат бытавога абслугоўвання і інш.
– Нядаўна мы знаёмілі нашых чытачоў з новымі формамі работы ТЦСАН. Наколькі яны запатрабаваныя?
– Па стане на 30 снежня 2016 года паслугі прыёмнай сям’і аказаны аднаму непрацаздольнаму грамадзяніну, яшчэ 12 прадстаўнікоў названай катэгорыі аблегчылі свой быт у дамах сумеснага пражывання. У гасцявых сем’ях некаторы час пабылі 5 пажылых жыхароў раёна, а ў патранатных – 13.
– А што наконт аказання грамадзянам гуманітарнай дапамогі?
– Калі гаварыць пра замежную, то летась яна выдадзена 290 жыхарам раёна, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Непасрэдна ж намі арганізавана і праведзена акцыя “Сям’я – сям’і”, у ходзе якой атрымалі адзенне і абутак яшчэ 49 сямей.
– Значную матэрыяльную падтрымку ўшачанам традыцыйна прапануе аддзяленне па аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі…
– У 2016 годзе выплаты назначаны 1001 жыхару Ушаччыны на агульную суму 150888,51 рубля, яшчэ 403 грамадзянам матэрыяльная дапамога аказана са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на суму 17620,3 рубля.
– Ці ёсць зараз месца ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вяркудах?
– Так. Яго паслугамі за мінулы год скарысталіся 32 чалавекі, на сённяшні дзень там пражывае 23.
– Традыцыйна карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва паслугі аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў, а таксама для грамадзян пажылога ўзросту, пра што мы расказвалі на старонках “Патрыёта”…
– Сапраўды. На базе аддзяленняў дзейнічаюць разнастайныя гурткі, клубы па інтарэсах. Прадукцыя, якая вырабляецца інвалідамі ў працоўных майстэрнях, рэалізуецца праз гандлёвую сетку райспажыўтаварыства, кірмашы. Грамадзяне ўдзельнічаюць у экскурсіях, культурна-масавых мерапрыемствах рознага ўзроўню, вучацца камп’ютарнай грамаце – карацей кажучы, ні хвіліны не сядзяць без цікавай і карыснай справы.
– У нашым раёне пражываюць зараз 26 удзельнікаў і 4 інваліды Вялікай Айчыннай вайны, 37 вязняў. Якая дапамога аказваецца ім?
– На надомным абслугоўванні ТЦСАН знаходзяцца 6 ветэранаў і 11 вязняў. За 6 ветэранамі і 4 вязнямі ажыццяўляецца догляд па лініі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Вяркудах пражывае два ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Усе прадстаўнікі названай катэгорыі замацаваны за прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, якія разам са спецыялістамі нашай службы, старшынямі сельскіх выканаўчых камітэтаў, старэйшынамі вёсак аказваюць грамадзянам неабходную дапамогу. Летась двое ветэранаў прайшлі санаторна-курортнае лячэнне, астатнім выплачана матэрыяльная кампенсацыя. У маі і лістападзе 2016-га чацвёра ветэранаў Вялікай Айчыннай з суправаджальнымі асобамі наведалі пансіянат “Ладэ”.
Шчыра жадаю ўсім работнікам і ветэранам сістэмы працы і сацыяльнай абароны моцнага здароўя, шчасця, удачы, упэўненасці ў заўтрашнім дні.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.