В Сорочино всех, кто хочет отдохнуть в дороге, гостеприимно встречают в кафе «Спадарожнік»

Общество

Да самых ажыўленых месцаў нашага раёна можна смела аднесці  вёску Сарочына. Штодня праз гэтую кропку на карце Беларусі ў бок Мінска, Віцебска, Полацка і Ушач перамяшчаецца мноства людзей. Агульнае ўражанне аб раёне ў іх складваецца ад многага, напрыклад, добраўпарадкавання, стану дарог, а таксама прыдарожнага сэрвісу. Тых, хто хоча адпачнуць у дарозе, перакусіць ці штосьці купіць з сабой, заўсёды гасцінна сустракаюць у кафэ “Спадарожнік” Ушацкага райспажыўтаварыства.

– Вы абавязкова напішыце, як тут добра абслугоўваюць! Калі праязджаю міма, абавязкова заходжу ў “Спадарожнік”. Тут ёсць усё, што патрэбна чалавеку, які спыніўся ў дарозе, – так ахарактарызаваў работу кафэ адзін з пастаянных наведвальнікаў.

Кампактнае памяшканне змясціла ў сабе самае неабходнае. Тут можна прысесці за столік і падсілкавацца перад дарогай ці проста купіць штосьці неабходнае. Акрамя асартыменту харчовых тавараў кропка грамадскага харчавання аказвае і дадатковыя паслугі, такія як, напрыклад, зарадка мабільнага тэлефона, камплектаванне набораў посуду ў дарогу, запраўка тэрмасаў і іншае. Ёсць нават спецыяльны пакой адпачынку на той выпадак, калі падарожнікі хочуць пасядзець у цішыні ці паесці не ў агульнай зале (абавязковая ўмова – пакупка тавараў у гэтай кропцы).

– Кліентам даспадобы наша ўшацкая кулінарная і кандытарская прадукцыя. Доўга не залежваюцца пірожныя, піражкі, булачкі і іншае, заўсёды ўсё свежае і смачнае. Летам самым хадавым таварам з’яўляецца марожанае і напіткі, зімой часта купляюць каву, чай. Месячны тавараабарот у залежнасці ад пары года вагаецца ад 8 да 13,5 тысячы рублёў, – расказвае бармен кафэ Святлана Міхайлаўна Хвасціёнак (на здымку).

Святлана Міхайлаўна ў сферы гандлю працуе ўжо больш 15 гадоў, а таму лёгка знаходзіць падыход нават да самага патрабавальнага наведвальніка. Хоць і мае крыху меншы стаж другі бармен Таццяна Пятроўна Рубанік, аднак са сваімі абавязкамі спраўляецца гэтак жа добра.

У сферы гандлю і грамадскага харчавання самым строгім экзаменатарам з’яўляецца, безумоўна, пакупнік. Каб прыцягнуць наведвальнікаў, гандлёвым кропкам трэба трымаць марку, пашыраць асартымент, здзіўляць нечым новым і развівацца. Так, напрыклад, у сённяшнім свеце сучасных тэхналогій ужо мала хто абыходзіцца без інтэрнэту. У гарадах, выбіраючы кафэ для правядзення часу, многія арыентуюцца на магчымасць выхаду там у інтэрнэт. А таму ёсць спецыяльная зона WI-FI і ў “Спадарожніку”.

Летась ушацкае райспажыўтаварыства стала лепшым у вобласці па паказчыках тавараабароту. Нягледзячы на няпростае становішча, змяншэнне пакупніцкага попыту, высокія пазіцыі яно займае і цяпер. У любую пару года як у прыгаданым “Спадарожніку”, так і ў любой гандлёвай кропцы спажыўкааперацыі рады кожнаму пакупніку.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *