Калі Ганна Сямёнаўна Прыходзька (Кляпец) заканчвала Віцебскі медыцынскі інстытут, урачоў агульнай практыкі не выпускалі. Імі станавіліся падчас працяглай, рознабаковай працы ва ўчастковай бальніцы, дзе адзіны вясковы ўрач проста абавязаны быць і інфекцыяністам, і афтальмолагам, і педыятрам. І яна станавілася. Тэрапеўт па спецыялізацыі — па сутнасці ўжо ўрач шырокай практыкі, яна вучылася з кожным новым прыходам хворага. Раілася з калегамі, часта дапамагаў Віктар Канстанцінавіч Літвінаў, многа чытала і чытае, а зараз вось асвоіла інтэрнэт.
– Нядаўна было рэдкае захворванне, дык абсалютна ўсё знайшла ў інтэрнэце. Яшчэ люблю расійскі часопіс “Лечащий врач”, вельмі карысны, у бальніцы выпісваем “Здравоохранение”. Карыстаюся працамі віцебскага прафесара Окаракава, нядаўна пашчасціла, ён прыязджаў ва Ушачы, даваў курс па гіпертаніі. Урач не можа варыцца толькі ва ўласным саку. І таму бясцэннай аказалася перападрыхтоўка, якую я прайшла ў 2002 годзе па курсе ўрача агульнай практыкі на базе Віцебскага медуніверсітэта. Калі маеш вопыт, паўгода вочна-завочнай перападрыхтоўкі ўзбагацілі і вельмі спадабаліся.
З усім ідуць да яе вяскоўцы з усёй глыбачанскай акругі. І аднастайнасці будняў Ганна Сямёнаўна не адчувае, наадварот, усміхаецца і сцвярджае, што зараз працаваць стала прасцей і цікавей – вопыт. Гэта раней і сярод ночы ляжала і сумнявалася, ці правільна паставіла дыягназ.
Глыбачанская бальніца не проста ўчастковая, а вельмі спецыфічная – бальніца сястрынскага догляду. Акрамя пяці стацыянарных ложкаў тут ёсць аддзяленне, у якім як у прытулку падоўгу жывуць пажылыя і хворыя людзі, некаторыя нават гадамі. 50 працэнтаў з 18 пацыентаў – ляжачыя, а іх сярэдні ўзрост – 80 гадоў. Таму і ў змену разам з медсястрой заступае не па адной, а па дзве санітаркі. Павярнуць, пераслаць ложак, памыць. І галоўнае, яны тут пад пастаянным медыцынскім наглядам, перыядычна атрымліваюць падтрымліваючы курс. Таму і не бывае абвастрэнняў, калі раней праз два-тры месяцы траплялі ў бальніцу. Не пустуе і пяць бальнічных ложкаў. У любы час сутак, нават калі няма ўрача, медсёстры здымуць гіпертанічны крыз, акажуць дапамогу пры траўме. Ганна Сямёнаўна ўпэўнена ў сваім персанале, ну а праца санітарак – гэта ратны подзвіг у адносінах да пажылых людзей, якія становяцца роднымі. У бальніцы адказны загадчык гаспадарчай часткі і выдатны повар. А калі ўсе на сваім месцы, то і адміністратару рабіць няма чаго, жартуе Ганна Сямёнаўна.
– Самая распаўсюджаная “хвароба” вяскоўцаў, абыякавасць да сябе. Да ўрача – толькі калі нешта здарыцца. Да нас яшчэ даходзяць, а ў райцэнтр ужо не накіраваць, хоць тлумачыш, што з’явілася столькі новага сучаснага абсталявання. А так прыемна працаваць, калі людзі цябе чуюць і любяць сябе. І праз газету хацелася б папрасіць ушачан быць уважлівымі да сябе. Крамлёўскіх таблетак не бывае, як нам бы ўсім хацелася – выпіў і стаў здаровым. За здароўем трэба сачыць, і гэта карпатлівая штодзённая праца.
Што робіць для сябе любімай урач Ганна Прыходзька? Абмежавала ўжыванне кавы, паколькі пачаліся праблемы з ціскам. Праходзіць міма салодкага, хоць таксама вельмі любіць, бо ведае, наколькі распаўсюджаны цукровы дыябет. Гэта ўжо праца над сабой і для сябе. Хоць да арганізма трэба прыслухоўвацца. А яшчэ абавязкова робіць прышчэпкі сабе і сваім пацыентам. І ўсім раіць, бо эфектыўнасць праверана.
Падчас нашай размовы ўрачу патэлефанавалі. Малодшы сын, студэнт 4 курса медыцынскага універсітэта парадаваў маці – здаў на 8 чарговы экзамен. Дзіцячы неўролаг Гродзенскай абласной бальніцы і старэйшая сястра Ганны Сямёнаўны. З удзячнасцю прыгадвае жанчына настаўнікаў Кубліцкай школы, якую заканчвала і дзе давалі трывалыя веды. Так атрымалася, што сённяшнія два ўчастковыя ўрачы – Глыбачанскай і Вялікадолецкай бальніц – кублічане. Самыя паважаныя людзі на вёсцы, бо няма больш важнай і патрэбнай прафесіі, чым медык.
В.П. Гарбаценка , Н.Г. Верацейка, Г.С. Прыходзька, Р.І.Цюлюпа, Г.Ф. Касатая.