Малышам уютно и комфортно в яслях-саде №4 г.п.Ушачи, который в этом году открылся после масштабной реконструкции

Наши дети

Звонкія дзіцячыя галасы ў яслях-садзе №4 гарпасёлка замаўкаюць зараз хіба што ў ціхі час. І нават не верыцца, што яшчэ пяць месяцаў таму ўстанова пуставала, а тут “гучалі” толькі адбойныя малаткі ды пілы. Так, узведзены ў 1982 годзе будынак набываў новае жыццё, мадэрнізацыя і капітальны рамонт працягваўся тут з красавіка 2015-га.
Адкрыцця ўстановы з нецярпеннем чакалі не толькі педагогі, але і бацькі дашкольнікаў. Для жыхароў густанаселенага маладзёжнага мікрараёна вуліцы Віцебскай гэтае пытанне было вельмі актуальным, паколькі садок знаходзіцца блізка ад дома. Самі ж малышы – а гэта 117 хлопчыкаў і дзяўчынак – важнасць падзеі адчулі толькі тады, калі самі прыйшлі ва ўстанову пасля яе адкрыцця. Вядома, ацаніць праведзеную тут замену даху, мадэрнізацыю інжынерных сістэм, іншыя “дарослыя” справы яны не могуць. А вось парадавацца прыгожай мэблі, мяккім дыванкам, на якіх так зручна пагуляць, параскладваць любімы канструктар – безумоўна! Любяць хлопчыкі і дзяўчынкі бавіць час у музычнай зале, выходзіць у двор, дзе “вырас” вялікі гульнявы комплекс.
– Вельмі ўдалым атрымалася і вулічнае асвятленне, – кажа выконваючая абавязкі загадчыцы ясляў-сада №4 г.п.Ушачы В.М.Тычына. – Бацькам стала зручней прыводзіць і забіраць дзетак, асабліва зімой, у кароткі светлавы дзень.
Спыняцца на дасягнутым тут не збіраюцца. За сродкі бацькоўскага савета нядаўна папоўнілі “цацачную” базу ясляў-сада. Падарункам да Новага года ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама стала новая пасцельная бялізна. Няма ніякіх сумненняў: юныя ўшачане ацэняць такі клопат і ў будучым аддзячаць землякоў добрымі справамі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *