Объект, который поможет заработать. Ушачские мелиораторы проводят реконструкцию мелиоративной системы «Вотьковичи» площадью 200 гектаров

Общество

З кожным днём змяняецца краявід у наваколлі сівых падмуркаў касцёла Святой Веранікі ў Селішчы, якія яшчэ памятаюць нашэсце напалеонаўскіх палкоў. І калі раней з мастка праз канал па дарозе з Баяршчыны на Воцькавічы касцёл быў практычна не бачны, то зараз праглядаецца, як на далоні, бо замест купін кустоўя і цераспалосіцы невялікіх дробнаконтурных палеткаў тут з’явіліся шырокія плошчы ворыўных зямель, якія ў наступным годзе яшчэ павялічацца.
Ландшафт змяняецца ў выніку працы Ушацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. “Гэта наша, тое, што мы любім і чым умеем займацца!” – задаволена кажа прараб Уладзімір Віктаравіч Напрыенка. Добры настрой спецыяліста зразумелы. У апошнія гады з-за скарачэння фінансавання рэспубліканскіх праграм прадпрыемствы меліярацыйных сістэм перажывалі не лепшыя часы. Таму прыходзілася шукаць аб’ёмы, асвойваць будаўніцтва, браць падрады на работах па добраўпарадкаванні. Ушацкія меліяратары таксама сутыкнуліся з “няпрофільнымі” відамі дзейнасці – клалі плітку, зараблялі на “Нафтане”. Спраўляліся паспяхова, але марылі аб сваіх работах. Таму вельмі рады з’яўленню менавіта аб’екта меліярацыі, тым больш – у нашым раёне. Маразы пакуль не перашкаджаюць работам, і ў кароткі снежаньскі дзень яны працягваюцца ад цёмнага да цёмнага – пакуль можна штосьці ўбачыць у нівелір.
З лістапада прадпрыемства ўжо асвоіла на аб’екце звыш 100 тысяч рублёў, кошт усёй “Рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы Воцькавічы”, у выніку якой у ААТ “Агра-Селішча” з’явіцца каля 200 гектараў палепшаных зямель, складае 620 тысяч рублёў. Ідзе карчоўка кустоўя, засыпаюцца дробныя каналы, замест якіх укладваецца сучасная дрэнажная сістэма. Тэхнікай кіруюць вопытныя прафесіяналы. Напрыклад, на бульдозеры, які з заменай навяснога абсталявання пераўтвараецца ў карчавальнік, задзейнічаны Аляксандр Чэвідаеў – па словах У.В.Напрыенкі, такога спецыяліста цяжка адшукаць ва ўсёй сістэме “Віцебскмеліявадгаса”. Нават пад праліўным дажджом на мантажы дрэнажу зладжана працавала брыгада Сяргея Сарокіна ў складзе машыніста трубаўкладчыка Васіля Васільевіча Пугача, рабочых Андрэя Анкудовіча, Віталя Саламахі, трактарыста Аляксандра Кірышчанкі, чысцілі і пашыралі асноўны канал экскаватаршчыкі Сяргей Гарбаценка і Аляксандр Зялёнка.
Скуюць калядныя маразы зямлю – не бяда. У такім выпадку меліяратары будуць весці работы на тарфяных участках, займацца вывазам кустоўя і камення. Аб’ект, які дазволіць прадпрыемству зарабіць, фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту, а яго ўключэнне ў спіс першачарговых ініцыяваў наш дэпутат, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка.
Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *