Падарункі ад сенатара атрымалі да Новага года выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку гарпасёлка. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад нашага рэгіёна Мікалай Мікалаевіч Шаўчук, які ўзначальвае выканаўчую ўладу суседняга Полацкага раёна, змог выкраіць час, каб наведаць і Ушацкі. Салодкія падарункі дзецям ад дэпутацкага корпуса раёна ўручыла і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка.
М.М.Шаўчук хоць і нарадзіўся ў Брэсцкай вобласці, але Віцебшчына даўно стала для яго другой радзімай, бо 35 гадоў адпрацаваў у Полацкім раёне. Як зазначыў сам Мікалай Мікалаевіч, Ушаччына для яго не чужая, з кіраўніцтвам нашага раёна падтрымліваюцца дзелавыя і добрасуседскія адносіны. Інакш і не можа быць, бо мы ўсе – патомкі крывічаў, тэрыторыя нашага раёна гістарычна ўваходзіла ў Полацкае княства, ды і ў самім старажытным горадзе на сённяшні дзень пражываюць тысячы людзей, якія ніткамі лёсу звязаны з Ушаччынай.
Дзеці ў прытулку, дзе навагодні настрой бачны ва ўсім, былі рады візіту гасцей. Традыцыйныя вершы пад ёлкай і салодкі стол стварылі святочны настрой, тым больш, што адзін з хлопчыкаў аказаўся імяніннікам: 28 снежня яму споўнілася 11 год. А госці парадаваліся таму, што пра гэта не забылася яго маці, якая наведала сына з падарункамі – шанс на нармальнае сямейнае жыццё ў хлопчыка, здаецца, ёсць.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.