Молодая семья Бука из агрогородка Великие Дольцы считает, что комфортно жить можно и в сельской местности

Образование и молодежь

“А расказаць вам вершык пра Новы год? А праўда, сукенка ў мяне прыгожая, яе на ранішнік у садок апрану!” – адказаць на гэтыя пытанні маленькай Ксюшы Бука, канечне, можна было толькі станоўча. У чаканні гасцей яна актыўна бегала па пакоях прасторнага дома, так старалася не адставаць ад яе і меншая Анечка, якая толькі нядаўна стала ўпэўнена ступаць сваімі ножкамі. На гэтым тыдні сям’я Віталя і Таццяны Бука з аграгарадка Вялікія Дольцы, як і іншыя ўшацкія сем’і, актыўна рыхтавалася да навагодніх святаў – упрыгожылі вокны выцінанкамі, збіраліся ставіць ёлку.
Іх сям’ю можна смела назваць маладой як па ўзросце, так і па колькасці пражытых разам гадоў, але нягледзячы на гэта ў іх ужо ёсць самае галоўнае – двое дзетак і дом, дзе можна ўсім разам шчасліва жыць. Пазнаёміліся яны пяць гадоў таму, сямейны ж саюз быў утвораны ў 2013-м. У іх шмат агульнага ў поглядах і характары, абое выраслі ў простых вясковых мнагадзетных сем’ях, здаецца, нават знешне яны падобныя адзін на аднаго. І калі многія маладыя шукаюць магчымасць падацца ў горад, то Таццяна і Віталь прытрымліваюцца іншага погляду.
– Упэўнены, што камфортна і цывілізавана можна жыць і на сяле. У горадзе ў разы цяжэй вырашыць жыллёвае пытанне, а нават калі і знойдзецца які-небудзь падыходзячы варыянт, за акном будуць бясконца гудзець машыны і трамваі, дзецям не будзе такога прастору для гульняў, а колькі часу давядзецца траціць на тое, каб дабрацца да работы. У нас і школа, і дзіцячы садок добрыя ў аграгарадку. У горадзе такога жылля, якое ў нас зараз ёсць, моладзі не знайсці, – разважаюць маладыя людзі.
Некалькі гадоў таму сям’і Бука гаспадарка выдзеліла новы дом на новай вуліцы аграгарадка. Віталь адзін з прадстаўнікоў працоўнай сямейнай дынастыі Букаў. Як жартуюць вялікадолецкія механізатары, з Букаў можна сабраць калі не міні-калгас, то брыгаду ці мехатрад дакладна. Бацька, родныя дзядзькі Віталя – ураджэнцы Замошша – не адно дзесяцігоддзе працуюць у “Вялікадолецкім”. Пасля заканчэння вучобы па іх слядах, не задумваючыся, пайшоў і Віталь. Без гэтых працавітых людзей не абыходзіцца практычна ні адзін від работ у сельгаспрадпрыемстве. Яны не толькі ніколі не падводзяць родную гаспадарку, але заўсёды выручаюць адзін аднаго. Так і на гэтым тыдні Віталь замяняў на “Амкадоры” на час хваробы свайго бацьку Віктара.
– Адыходзячы год быў напоўнены рознымі цяжкасцямі, клопатамі і, канечне, радаснымі момантамі. Напрыклад, прыемнай падзеяй для ўсёй нашай сям’і стала ўшанаванне Віталя на раённым свяце, прымеркаваным да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Ён увайшоў у лік пераможцаў раённага спаборніцтва сярод механізатараў. Мы з дачушкамі ім ганарымся! – адзначае Таццяна.
Пакуль галава сямейства шчыруе на працы, яна завіхаецца дома. Для Таццяны зараз асноўнай справай з’яўляецца догляд за дзецьмі, да дэкрэтнага водпуску дзяўчына працавала ў сістэме райспажыўтаварыства. Акрамя звычайных клопатаў па доме, у яе ёсць мноства іншай работы, пастаяннага догляду патрабуе немалы ўчастак каля сядзібы. На ім акрамя агародніны, яна вельмі любіць вырошчваць ружы, якіх тут ужо каля 15 відаў! Сёння складана знайсці маладую сям’ю, якая мае асабістую падсобную гаспадарку. Віталь і Таццяна ж гэтай працы не баяцца: трымаюць свіней, трусоў, разводзяць розныя пароды курэй. Калі па дарозе ў вяскоўцаў пыталіся, дзе жыве сям’я, яны давалі аднолькавы арыенцір: на новым пасёлку ўбачыце размаляваны дом – муж і жонка знаходзяць час на добраўпарадкаванне сваёй сядзібы.
“Мы не марым пра нешта летуценнае і завоблачнае, а птушку шчасця знайшлі на зямлі сваіх бацькоў”, – сцвярджаюць Віталь і Таццяна. Хочацца, каб у нашым раёне было больш такой працавітай, патрыятычнай моладзі, Ну а гэтай прыгожай сям’і мусім пажадаць, каб у наступным годзе ажыццявіліся ўсе іх планы і мары!
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *