Главная новогодняя ёлка Ушаччины зажгла свои огни в рамках масштабного шоу

Общество

Аказваецца, каб трапіць на карнавал, зусім не абавязкова адпраўляцца ў далёкі Рыа. Ёсць і бліжэйшыя адрасы – атмасферу такога нястрымна-вясёлага дзейства можна было адчуць вечарам пятніцы на цэнтральнай плошчы Ушач, дзе ў рамках маштабнага шоу запаліла свае агеньчыкі навагодняя ёлка.

Як і належыць карнавалу, прайшоў ён пад дэвізам “Танцуюць усе!” Тон жа ў агульным вяселлі задавалі нястомныя малышы, якіх у гэты вечар, здаецца, на плошчы сабралася некалькі соцень – яно і зразумела, бо найперш менавіта для дзяцей ладзілася казачнае шоу. Не сумавалі побач з малымі бацькі, і нават дзядулі з бабулямі ў гэты вечар забыліся пра гады і хваробы і прыйшлі на плошчу. Спачатку яны спрабавалі “ўтаймаваць” гарэзлівых унукаў, але ж потым, упэўніўшыся ў немагчымасці гэтага, і самі пачалі прытанцоўваць пад задорныя навагоднія рытмы.

Напоўнілі ж імі ў гэты вечар плошчу арт-каманды 12-ці ўшацкіх арганізацый, якія ў рэжыме нон-стоп, змяняючы адзін аднаго, прэзентавалі гледачам навагоднія казкі. І трэба адразу сказаць, што абсалютна кожнае выступленне было яскравым і эмацыянальным, раскрыла артыстычныя таленты людзей, многіх з якіх мы ў паўсядзённым жыцці прывыклі бачыць дзелавымі і сур’ёзнымі. Але ж Новы год – гэта самы час для чароўных пераўтварэнняў!

Высокую планку выступленням задалі артысты з УП ЖКГ. Як падкрэсліла адна з вядучых шоу Дзіна Пенкальская, работнікі гэтай арганізацыі вельмі шмат зрабілі для таго, каб Ушачы выглядалі па-святочнаму. Ну а ў тым, што камунальнікі спаўна надзелены творчымі талентамі, упэўніла паказаная імі гумарыстычная навагодняя казка. Гарачай з’яўляецца перадсвяточная пара і для лясгасаўцаў – такім жа было і выступленне самадзейных артыстаў гэтай слаўнай арганізацыі. Як і належыць, шчасліва скончылася музычная гісторыя пра каханне, якую распавяла гледачам вялікая арт-каманда ТЦСАН, а тутэйшыя няўрымслівыя “сняжынкі” дапамаглі “нябеснай канцылярыі” запоўніць прабел у вырабе натуральных зімовых дэкарацый. Надзвычай арганічна ў навагодніх гісторыях выглядаў квартэт дзіцячых садоў гарпасёлка, ды і як жа магло быць інакш, калі ўменне расказваць казкі – прафесійны навык гэтых работнікаў. А колькі ў іх было на плошчы маленькіх балельшчыкаў, якіх ніяк нельга было падвесці!

Арыгінальныя рымэйкі вядомай гісторыі пра дзяўчынку ў чырвоным капялюшыку прапанавалі каманды цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і раённага цэнтра дзяцей і моладзі. А сцэнарый новай казкі пра Калабка, у якой ролю Дзеда Мароза, як і належыць, узяў на сябе дырэктар установы Віталь Клімашэўскі, напісала настаўніца Ушацкай школы Марыя Ядрэўская. Задорам, напорам і бесшабашнасцю пакарыла гледачоў маладая каманда Арэхаўскай школы, у якой максімальна абаяльным аказаўся нават Кашчэй Бессмяротны!

Асляпляльным ва ўсіх сэнсах гэтага слова аказалася выступленне арт-каманды ўшацкіх медыкаў, аздобленае не толькі песнямі і танцамі, але і піратэхнічнымі эфектамі. Таццяна Шалак, Марына Грыневіч, Марына Анташук, Алёна Маркевіч, Наталля Клачок, Ірына Завадзінец, Джэма Гвоздзева, Кацярына Казлова, Людміла Якубёнак і іх завадатар Дзед Мароз, у якім са здзіўленнем пазнала былога ваенкама раёна Яўгена Пальчэха (мужчына зараз працуе ў ЦРБ), устроілі сапраўднае шоу і нагадалі тыя часы, калі на канцэртах мастацкай самадзейнасці работнікаў райбальніцы ўсіх гледачоў не мог умясціць нават РДК.

Мерапрыемства ў чарговы раз даказала, што забаўляльныя праграмы, якія пад кіраўніцтвам прафесійных культработнікаў ствараюць самадзейныя артысты з працоўных калектываў, атрымліваюцца самымі масавымі і яскравымі. Пацвердзілі гэта і ўражанні гледачоў. Выказаць свае думкі двухгадовы Максім Мішалаў пакуль не можа, але ж радасная ўсмешка на вясёлым тварыку хлопчыка была красамоўней за любыя словы. Ды і як жа не весяліцца, калі з утульных татавых плячэй добра бачна ўся святочная плошча! “Сёння Максімка выпадкова знайшоў куплены намі “пад ёлачку” падарунак, так што цяпер давядзецца набываць новы!”, – раскрылі яшчэ адзін фактар добрага настрою сынка яго бацькі Людміла і Сяргей. Тата хлопчыка – ураджэнец Украіны, на Ушаччыне жыве нядаўна, на падобным мерапрыемстве ў райцэнтры ён пабываў упершыню і прызнаўся, што святочнае шоу яго вельмі ўразіла.

Узнёслы настрой быў і ў аднаго з самых сталых гледачоў дзейства: Віктар Мікалаевіч Падасінавік прыйшоў на свята з трыма сваімі ўнукамі. Гэты чалавек, які шмат год адпрацаваў на прадпрыемстве жыллё­ва-камунальнай гаспадаркі, і зараз застаецца неабыякавым да яе спраў, перажывае за тое, каб вуліцы і двары Ушач былі акуратнымі, выглядалі прыгожа. Ды і сам прыкладае для гэтага намаганні: мы даведаліся, што напярэдадні святаў мужчына ўстанавіў на казырку свайго пад’езда дома №19 па вуліцы Фрунзе ёлку, упрыгожыў яе гірляндай, а суседзі прынеслі для “грамадскай” лясной прыгажуні цацкі. “Для кватэры ў мяне ёсць штучнае дрэўца, а вось гэта вырашыў набыць, каб стварыць добры настрой для ўсіх, хто праходзіць ля нашага дома. Гэта ж нескладана – упрыгожыць ёлачку, павесіць на акно гірлянду ці іншыя навагоднія атрыбуты, – уяўляеце, як было б цудоўна, каб кожны ўнёс сваю лепту ў святочнае аздабленне Ушач і вёсак раёна”, – падзяліўся сваімі меркаваннямі Віктар Мікалаевіч.

І, канечне, з ім цяжка не пагадзіцца. Новы год мы чакаем з асаблівым імпэтам. І самым запамінальным атрымоўваецца свята, якое мы рыхтуем і ствараем для сябе самі – поруч з блізкімі, сябрамі і калегамі. У чаканні цудаў і прыгод накшталт тых, што разыгралі ў карнавальны вечар ушачане ля навагодняй ёлкі. Дык хай жа яе стракатыя агеньчыкі дораць усім выдатны настрой і спадзяванне на казачныя цуды.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *