«Белагропромбанк» провёл для пятиклассников Ушачской школы урок по финансовой грамотности

Калейдоскоп

Вядомы афарызм сцвярджае, што шчасце не ў грашах. Але кожны разумее значнасць матэрыяльных каштоўнасцей у паўсядзённым жыцці. Грошы – важнейшы інструмент, які дапамагае здзяйсняць мары і задавальняць патрэбы чалавека. Калі ж яны з’явіліся, хто іх прыдумаў? Як развівалася банкаўская сістэма і што яна ўяўляе сабой зараз? Адразу знайсці адказы на гэтыя пытанні складана нават дарослым. А вось пяцікласнікі раёна дзякуючы ўрокам фінансавай адукацыі ААТ “Белаграпрамбанк” з лёгкасцю вучацца адрозніваць крэдыт ад уклада і аванс ад рахунка, аперыраваць іншымі тэрмінамі, якія трывала ўвайшлі ў слоўнік сучаснага чалавека.

Калі б Ірына Барысаўна Бурак не выбрала прафесію фінансіста, то ёй можна было падавацца на педагагічную ніву дзейнасці – так даступна начальнік разлікова-касавага цэнтра № 37 “Белаграпрамбанка” нашага гарпасёлка на мінулым тыдні расказвала вучням Ушацкай школы асновы банкаўскай справы і карыстання грашовымі сродкамі, сучаснымі плацежнымі камунікацыйнымі сістэмамі. Магчыма, размова з непаседамі ў канцы вучэбнага дня складалася лёгка і таму, што пяцікласнікі яўна праяўлялі цікавасць да тэмы, ды і няблага валодаюць інфармацыяй па ёй. Прынамсі, некаторыя са стопрацэнтнай дакладнасцю тлумачылі, як неабходна дзейнічаць, калі ты страціў банкаўскую пластыкавую картку, не толькі ведаюць пра інтэрнэт-банкінг, але і могуць лагічна абгрунтаваць перавагі такой формы разліку за паслугі, выказваюць слушныя прапановы наконт таго, як правільна распарадзіцца грашыма. Але нягледзячы на вызначаную ступень дасведчанасці, мерапрыемства дало магчымасць кожнаму ўзбагаціць свае веды, крыху больш разабрацца ў эканоміцы і фінансах.

“Белаграпрамбанк” праводзіць такія тэматычныя заняткі не першы год, а сёлета спецыялісты фінансавай установы накіруюцца ва ўсе школы раёна і да 20 студзеня наступнага года юнымі экспертамі ў банкаўскай сферы могуць стаць усе пяцікласнікі. У гэтым ім дапаможа кніга “Мае першыя фінансы”, якую падораць кожнаму. Яна з’яўляецца цікавым і ў нейкім сэнсе ўнікальным выданнем, на старонках якога казачны персанаж Агрык у простай і зразумелай форме расказвае чытачам пра фінансавыя сродкі, банкі, іх работу і многае іншае.

У “Белаграпрамбанку” не толькі ўмеюць лічыць і захоўваць грошы. Тут вераць, што вучыць дзяцей эканоміцы – самы выгадны ўклад, які ў хуткім часе прынясе дывідэнды краіне: “Нашы заняткі – адзін з механізмаў рэалізацыі агульнадзяржаўнай праграмы павышэння ўзроўню фінансавай адукацыі. Сучаснаму вучню важна засвойваць не толькі прадметы школьнай праграмы. Сёння для таго, каб стаць паспяховым, патрэбна ўменне арыентавацца ў свеце фінансаў. Спадзяёмся, што кніга дапаможа дзецям у будучым рэалізаваць свае планы і стаць не абавязкова спецыялістамі банкаўскай сферы, але адукаванымі паўнапраўнымі членамі грамадства”, – адзначыла І.Б.Бурак.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *