Каб убачыць за справай брыгаду па рамонце і эксплуатацыі электрасетак пад кіраўніцтвам майстра Сяргея Мікалаевіча Хвашча, давялося выправіцца ў няблізкі шлях: у панядзелак работнікі праводзілі планавую замену апор лініі 0,4 кВ ля вёскі Кісялёва, што на Мосаршчыне. Драўляныя, істотна падгніўшыя апоры гэтай паветранай лініі ўжо адслужылі свой тэрмін і павінны саступіць месца больш даўгавечным жалезабетонным. Працэс замены даволі складаны і працаёмкі, а таму патрабуе ад энергетыкаў зладжаных дзеянняў і спецыфічных, асаблівых навыкаў.
Па словах майстра, высокі прафесіяналізм прысутны абсалютна кожнаму члену гэтай брыгады, у складзе якой ёсць працаўнікі, што аддалі раёну электрычных сетак большую частку свайго жыцця – так, напрыклад, у далёкім 1984 годзе прыйшоў на прадпрыемства брыгадзір Аляксандр Пятровіч Качан, два дзясяткі год працоўнага стажу ў манцёра Сяргея Віктаравіча Анкудовіча. Побач з такімі калегамі хутка набіраецца вопыту і маладое пакаленне энергетыкаў: Сяргей Сіманаў, да прыкладу, у брыгадзе адносна нядаўна, але асвоіў усе аперацыі і гатовы працаваць на самых складаных участках – вось і ў момант нашага візіту на аб’ект малады чалавек хутка і спрытна праводзіў дэмантаж старога проваду.
Працэс замены апор патрабуе ўдзелу спецыяльнай тэхнікі, у прыватнасці, бурыльна-кранавай машыны, таму на дапамогу манцёрам лінейнай брыгады ў гэты дзень прыйшлі Уладзімір Мікалаевіч Ушакоў і Уладзімір Ісакавіч Чобат.
Правядзенне планавага і капітальнага рамонту высакавольтных паветраных ліній – галоўная задача брыгады, аднак займаецца яна і ўхіленнем аварыйных сітуацый, а значыць кожны з работнікаў павінен быць гатовы выехаць у любую кропку раёна ў любы час сутак. Вядома ж, пажадана, каб такіх экстрэмальных выпадкаў было найменш, а таму лінейныя брыгады вядуць работы па іх прадухіленні: робяць перацяжку правадоў, мяняюць ізалятары, раўняюць апоры, абразаюць пагражаючыя абрывам лініі сукі дрэў. “У гэтым сэнсе даволі непрыемна іншы раз чуць нараканні мясцовых жыхароў, якія бываюць незадаволены часовымі нязручнасцямі, выкліканымі рамонтнымі работамі. Але ж электралініі – як і любы іншы механізм, якім карыстаецца чалавек, патрабуюць тэхнічнага абслугоўвання і рамонту. Вы ж перыядычна адмарожваеце свой халадзільнік, адключыўшы яго ад электрычнасці, каб прыбор не выйшаў са строю. Зрэшты, за мяжой ужо ўкараняюцца новыя тэхналогіі, пры якіх рамантаваць ЛЭП можна без адключэння электраэнергіі, так што магчыма гэтыя прагрэсіўныя навінкі неўзабаве дойдуць і да нас”, – з доляй аптымізму разважае С.Хвошч.
Спецыфіка дзейнасці лінейных брыгад такая, што людзі часта не бачаць той вялікай работы, што праводзяць гэтыя спецыялісты. Яны ж і ў спёку, і ў халады спяшаюцца ва ўсе куткі раёна, працуюць у небяспечных умовах, каб мы з вамі мелі магчымасць карыстацца ўсімі здабыткамі цывілізацыі, каб год ад году паляпшалася якасць нашага жыцця.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымку: У.Ушакоў, А.Качан, М.Лісіца, В.Анкудовіч, В.Казак, А.Мялешка, С.Хвошч, У.Чобат, С.Сіманаў.
Пад пастаянным напружаннем
Галоўныя аб’екты Ушацкага раёна электрычных сетак – амаль 800 кіламетраў ліній напружаннем 10 кВ, звыш 700 кіламетраў – 0,4 кВ, трансфарматарныя падстанцыі, электрычныя сеткі і ліхтары вулічнага асвятлення. Работнікі арганізацыі забяспечваюць іх рамонт, замену і эфектыўную эксплуатацыю.
За бягучы год сіламі прадпрыемства выкананы работы на 78,2 кіламетра ліній напружаннем 10кВ і на звыш 73 кіламетрах 0,4 кВ, планава адрамантаваны 32 трансфарматарныя падстанцыі. З найбольш маштабных работ – замена кіламетра звычайнай паветранай лініі на ізаляваную ў Гарадцы, каля 800 метраў у Косаўшчыне. Выканана рэканструкцыя ўчастка энергасістэмы працягласцю 4,3 кіламетра ад Пліна да Замошша, на мінулым тыдні скончаны работы на лініі ля Гуты з частковай заменай абсталявання, пры неабходнасці мяняецца не толькі провад, а і апоры. Шэсць трансфарматарных падстанцый заменены на новыя, больш энергазберагаючыя.
Асаблівая ўвага надаецца высечкам прасек пад правадамі лiнiй, замене неізаляваных правадоў на ізаляваныя на паветраных лініях 10 кВ у лясных масівах. Гэта павышае бяспечнасць электрасетак, надзейнасць энергазабеспячэння спажыўцоў. Трэба сказаць, што брыгады раёна электрычных сетак у бягучым годзе выканалі значныя аб’ёмы работ па выдаленні аварыйных дрэў, дапамагалі ім у дасягненні планавых паказчыкаў і работнікі лясгаса. Агульная плошча высечак ручным і механічным спосабам склала амаль 35,5 гектара.
З усімі работамі, і планавымі, і ўзнікаючымі ў выніку аварыйных сітуацый, ушацкія энергетыкі спраўляюцца ўласнымі сіламі, хаця самім неаднаразова даводзілася выязджаць на дапамогу калегам з іншых структурных падраздзяленняў Полацкіх электрычных сетак. Тут няма “выпадковых” людзей, усе работнікі маюць адпаведную адукацыю і навыкі. Увогуле энергетыкаў ад прадстаўнікоў іншых “мірных” прафесій адрознівае, напэўна, павышаны ўзровень сацыяльнай адказнасці – для якаснага, надзейнага і бесперабойнага забеспячэння карыстальнікаў электраэнергіяй яны, бывае, працуюць кругласутачна.
Калектыву прыходзіцца вырашаць многа пытанняў па выкананні зваротаў насельніцтва. Непасрэдна з ім кантактуюць і дыспетчары, адказнасць якіх не меншая. Ад іх граматных дзеянняў залежыць бяспека ўсіх брыгад змены, яны фактычна кіруюць энергасістэмай. У авангардзе знаходзяцца і аператыўна-выязныя брыгады. Менавіта яны першымі адпраўляюцца на пошук месца пашкоджання і лакалізацыі аварыі, выязджаюць на падстанцыі для выканання пераключэнняў. Гэта складаная і адказная місія, бо любая памылка можа прывесці да трагедыі.
– Мы ў прамым і пераносным сэнсе слова пад пастаянным напружаннем, – кажа галоўны інжынер арганізацыі Валерый Іванавіч Лемеш. – Таму кожны крок персаналу павінен быць максімальна вывераным.
Для аператыўнага і якаснага выканання работ раён электрычных сетак забяспечаны неабходнымі інструментамі, прыладамі і сродкамі сувязі. Складаная тэхніка падпарадкоўваецца толькі спецыялістам, вядзецца падрыхтоўка і перападрыхтоўка работнікаў. Шкодныя і небяспечныя вытворчыя фактары, спецыфіка і складанасць работ патрабуюць ад людзей асаблівых адносін да пытанняў аховы працы.
На сённяшні дзень у калектыве 64 работнікі, у ім арганічна спалучаюцца вопыт і маладосць. Працаваць “спусціўшы рукавы” ў РЭСе не атрымаецца, такія работнікі тут не прыжываюцца. Таму сярод ветэранаў прадпрыемства, аддаўшых яму звыш 20 гадоў дзейнасці, проста няма раўнадушных і абыякавых людзей. І невыпадкова ў раёне электрычных сетак нягледзячы на цяжкасці і нязручнасці многія мужчыны, калі дазваляе здароўе, працягваюць працаваць нават пасля дасягнення пенсійнага узросту – цяжка развітвацца з калектывам і пакідаць таварышаў пад напружаннем.
Начальнік РЭСа Васіль Мікалаевіч Варанько не любіць выдзяляць кагосьці са сваіх падначаленых, традыцыйна адзначае менавіта ветэранаў энергасістэмы, якія складаюць касцяк калектыву. Вопытнымі прафесіяналамі з’яўляюцца галоўны майстар Мікалай Віктаравіч Вайцяхоўскі, стаж якога набліжаецца да чатырох дзясяткаў гадоў, інжынер Валерый Іванавіч Лемеш, дыспетчары Міхаіл Васільевіч Зелянко, Леанід Аляксандравіч Гаравы, электраманцёры Сяргей Мікалаевіч Варанько, Вячаслаў Віктаравіч Коршун, Васіль Паўлавіч Шорац. Ва ўзорным стане захоўваюць тэхніку вадзіцелі Уладзімір Віктаравіч Шнітко, Генадзь Васільевіч Хвошч, Аляксандр Канстанцінавіч Шчэрбік, манцёр Аляксандр Сяргеевіч Васілеўскі. Граматнымі і добрасумленнымі спецыялістамі на працягу ўсёй працы ў РЭСе застаюцца слесар па рамонце аўтамабіляў Дзмітрый Пятровіч Прашковіч, рахункавод Таццяна Паўлаўна Кісель і многія іншыя. Зладжана дзейнічаюць і работнікі, якія маюць не вельмі вялікі ў параўнанні з ветэранамі стаж працы – электраманцёры Дзмітрый Дзмітрыевіч Шчэрбік, Раман Эмільевіч Больц, трактарыст Алег Пятровіч Рагавешка. Праца лепшых традыцыйна будзе адзначана да прафесійнага свята, а ўсяму свайму калектыву, які 24 гадзіны ў суткі знаходзіцца ў гатоўнасці выконваць ускладзеныя на іх абавязкі, ветэранам і работнікам іншых арганізацый энергасістэмы В.М.Варанько зычыць менш аварыйных сітуацый, моцнага здароўя, дабрабыту і згоды ў сем’ях, ва ўзаемаадносінах з калегамі і спажыўцамі.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.