Выпускны вечар – гэта адзін з самых прыгожых свят у жыцці кожнага чалавека, і калі большасць момантаў могуць паўтарацца неаднойчы, то вось школьны выпускны вечар толькі адзін…
Скончыліся ўрокі, за спіной дамашнія заданні і кантрольныя, празвінеў апошні званок, здадзены выпускныя экзамены. Але гэта хвалюючае, чаканае, і адначасова крыху сумнае свята не ставіць кропку ў бесклапотным юнацтве, гэта не фініш, а толькі пачатак самастойнага жыцця і новая старонка лёсу.
У пятніцу адзінаццацікласнікі школ развітваліся з роднай школай, сваімі настаўнікамі і сябрамі. Ва Ушацкай школе святочнае мерапрыемства пачалося ўвечары з ускладання вянкоў і кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны ў гарпасёлку. Выпускнікі разам са сваімі класнымі кіраўнікамі і дырэктарам школы С.К.Турло святочнай калонай прайшлі па вуліцах. А ў сценах роднай школы сабралася шмат родных, знаёмых, бацькоў, сяброў і проста тых, хто хацеў паглядзець на прыгожых і ўжо дарослых выпускнікоў. У іх вачах і сум, і радасць, і, канечне, хваляванне. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўчарашнім школьнікам былі ўручаны атэстаты аб сярэдняй адукацыі. І ў іх гонар святочная развітальная праграма, дыскатэка.
Мерапрыемствы, прымеркаваныя заканчэнню школы, прайшлі ва ўсіх школах раёна.