Ушачанка Алина Герцик виртуозной игрой на цимбалах удивила жюри конкурса художественной самодеятельности органов и подразделений МВД Витебщины

Наши дети

Мы ўжо па-добраму прывыклі да пераможных дасягненняў ушачан на розных конкурсах і спаборніцтвах. І нашы землякі працягваюць даваць нагоду для гонару. На аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці органаў і падраздзяленняў унутраных спраў Віцебскай вобласці, у якім прымалі ўдзел не толькі супрацоўнікі МУС, але і іх дзеці, другім месцам у намінацыі “Інструментальнае мастацтва” адзначылася сямікласніца Ушацкай школы Аліна Герцык.

Уразіла ж юная ўшачанка членаў журы віртуознай ігрой на цымбалах. Музычны жарт “Сувенір”, які яна выканала ў дуэце з выкладчыкам Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Ірынай Коршун, прагучаў надзвычай задорна, а асаблівую арыгінальнасць нумару прыдало тое, што ігралі вучаніца і настаўніца на адным інструменце. “Аліна вельмі таленавітая і займаецца з вялікім жаданнем”, – характарызуе І.Коршун сваю падапечную. Ну а мама дзяўчынкі Ірына Мікалаеўна Герцык аддае належнае маладому педагогу, якая здолела па-сапраўднаму зацікавіць дачку ігрой на інструменце. Гэты навучальны год у школе мастацтваў для Аліны выпускны, і яна выношвае планы па паступленні ў Наваполацкі музычны каледж. Зрэшты, у дзяўчынкі ёсць годны прыклад – на першым курсе гэтай установы вучыцца яе брат Арцём, які таксама іграе на народным інструменце – балалайцы. Прывіла ж хлопцу любоў да музыкі педагог Ушацкай ДШМ Галіна Уладзіміраўна Хвошч.

Таленты ў сям’і Герцыкаў не абмяжоўваюцца музыкай: майстрам па розных напрамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з’яўляецца Ірына Мікалаеўна, якая працуе ў Доме рамёстваў, ну а тата – супрацоўнік аддзялення крымінальнага вышуку Сяргей Сцяпанавіч – адстойвае гонар аддзела ўнутраных спраў на спартыўных спаборніцтвах. Музычныя схільнасці дзяцей ён цалкам падтрымлівае і ніколі не скардзіцца, што іншы раз, калі хочацца адпачыць пасля дзяжурства, дома не бывае для гэтага належных умоў. “Я ўжо настолькі прывык да “музычнага аздаблення”, што, напэўна, нават і не заснуў бы ў поўнай цішыні!” – жартуе Сяргей Сцяпанавіч. Ну а калі сур’ёзна, то добрая сям’я, цудоўныя дзеці – гэта надзейны тыл работнікаў міліцыі, які дапамагае ім годна выконваць свае складаныя і рызыкоўныя, але патрэбныя нашаму грамадству абавязкі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *