Пра тое, наколькі захапляльна майстраваць вырабы з прыродных матэрыялаў, удзельніцы творчага аб’яднання раённага цэнтра дзяцей і моладзі “Чароўны куфэрак” могуць расказваць бясконца. Нават у самой назве гуртка закладзены той сэнс, што літаральна з любой сыравіны можна зрабіць чарадзейную цацку, карціну, пано. Калі, канечне, праявіць фантазію і стараннасць – ну а гэтых якасцяў выхаванкам кіраўніка аб’яднання Ганны Аляксандраўны Бабянок не займаць! Вось і прывозяць ледзь не з кожнага абласнога конкурсу дзяўчаты дыпломы і прызы.
Працягнулася прыемная традыцыя і сёлета: творчы форум “Лед. Кветкі. Фантазія” прынёс ушачанкам срэбраную ўзнагароду. 8 снежня ў Віцебску праходзіў вочны этап, на якім дзеці павінны былі за паўтары гадзіны выканаць работу ў тэхніцы фітадызайн. За перамогу ў гэтым конкурсе змагалася 16 каманд, у склад якіх увайшлі па два гурткоўцы цэнтраў дзяцей і моладзі розных рэгіёнаў вобласці і горада Віцебска. Наш раён прадстаўлялі вучаніцы Ушацкай школы васьмікласніца Марыя Хамічонак і шасцікласніца Яна Чапкевіч (на здымку). Іх цудоўнае пано “Мароз Іванавіч”, створанае па матывах зімніх казак на аснове бяросты, проста зачаравала членаў журы. У адным вырабе дзяўчаты “пасялілі” персанажаў “Снежнай Каралевы” і “Марозка”, гарэзлівага Ямелю і небараку ваўка, што лавіў рыбу хвастом у палонцы. Дзяўчаты атрымалі дыплом, а іх работа стане экспанатам выставы, якая ўпрыгожыць хол канцэртнай залы “Віцебск” на абласной ёлцы для лепшых вучняў нашага рэгіёна.
Наталля БАГДАНОВІЧ.