Когда в доме нужен помощник. Социальная служба Ушаччины приходит на помощь пожилым людям

Калейдоскоп

У маладосці мы поўныя сіл і энергіі, і нам здаецца, што так будзе заўсёды. Аднак час бярэ сваё. Калі прыходзіць старасць, хваробы падсцерагаюць літаральна на кожным кроку, і сіл часам не хапае нават на самыя простыя справы. І добра, калі ў пажылога чалавека ёсць дзеці, унукі, гатовыя дапамагчы. Таму ж, хто воляй лёсу застаўся адзін, на выручку прыходзяць супрацоўнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме ТЦСАН. Пра тое, чым жыве на Ушаччыне названая служба, наша гутарка з яе загадчыцай М.А.МАЙСЕЕНКА.

– Маргарыта Анатольеўна, для тых, каму не даводзілася сутыкацца з сацыяльнай службай, раскажыце крыху пра сутнасць работы аддзялення дапамогі на доме.

– Пералік паслуг, якія аказваюць кліентам сацыяльныя работнікі, шырокі і залежыць ад функцыянальнага класа – гэта пакупка і дастаўка прадуктаў, прамысловых тавараў, лекаў, уборка памяшканняў, аплата камунальных паслуг, суправаджэнне ў бальніцу, прыгатаванне ежы і інш. Усё гэта робіцца для таго, каб пажылыя людзі, якія не могуць сябе паўнацэнна абслужыць, мелі магчымасць заставацца ў звыклай для іх абстаноўцы. Фактычна, такая дапамога адцягвае тэрмін перасялення грамадзян у стацыянарныя сацыяльныя ўстановы.

– Усё пералічанае – гэта бясплатныя паслугі?

– Для адзінокіх непрацаздольных грамадзян (сямей), агульнадушавы даход  якіх не перасягае бюджэту пражытачнага мінімуму, – так. На ўмовах частковай аплаты паслугі аказваюцца адзінокім непрацаздольным грамадзянам (сем’ям) з сярэднедушавым даходам не больш 200 працэнтаў БПМ. Тым жа, хто мае большы дастатак ці працаздольных родных, давядзецца заплаціць поўную цану паслугі. Адразу скажу, што яе кошт – дастаткова невысокі: 1,34 рубля за адзін візіт сацыяльнага работніка. Як правіла, людзі заключаюць дагаворы на абслугоўванне два-тры разы на тыдзень.

– Колькі кліентаў абслугоўваецца аддзяленнем?

– На сённяшні дзень іх 582, 66 з якіх – інваліды. Значная частка нашых кліентаў – 123 – адзінокія пенсіянеры. Усіх іх абслугоўваюць 86 сацыяльных работнікаў.

– Якім чынам адбываецца фарміраванне спісаў грамадзян, якім неабходна надомная дапамога? Яны самі павінны звярнуцца ў сацыяльную службу?

– У нас дзейнічае не толькі заявачны, але і выяўленчы прынцып: сумесна з прадстаўнікамі іншых дзяржструктур арганізуем па населеных пунктах Ушаччыны спецыяльныя рэйды, на месцах выяўляем тых, каму патрэбны памочнік. Зрэшты, большасць атрымальнікаў надомнай сацыяльнай дапамогі – жыхары сельскай мясцовасці, зараз іх у нас 526. У гарпасёлку патрэба ў сацпаслугах меншая за кошт таго, што тут больш развіта інфраструктура (магазіны, аптэка, пошта знаходзяцца ў шагавай даступнасці), жыллё пераважна добраўпарадкаванае – з цэнтральнымі ацяпленнем, водазабеспячэннем.

– У сувязі са старэннем вёскі, магчыма, варта штосьці мяняць: падапечных становіцца больш, а сацыяльных работнікаў – дэфіцыт…

– З гэтай прычыны не так даўно мы пачалі ўкараняць новыя спосабы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Шэраг гэтых інавацыйных форм работы, сапраўды, прадыктаваны часам: магчыма, некаторыя пажылыя людзі з невялікіх аддаленых вёсак і скарысталіся б паслугамі сацыяльнай службы, але ж там папросту няма людзей, якія могуць аказваць такую дапамогу.

Для пракладу, у вёсках Мосар і Градзянец функцыянуюць “Дамы зімоўкі”: у асенне-зімовы перыяд там сумесна пражываюць па двое адзінокіх пенсіянераў, якіх падтрымлівае наша служба. У вёсцы Лісічына ёсць адна “Прыёмная сям’я” – сумесна пражываюць і вядуць агульную гаспадарку людзі, што не з’яўляюцца блізкімі сваякамі, адзін з якіх мае патрэбу ў сацыяльных паслугах, а другі абсалютна бясплатна аказвае іх яму. Дзейнічаюць у нас “Патранатныя сем’і” – іх сутнасць заключаецца ў аказанні валанцёрамі бясплатных бытавых паслуг сваім пажылым аднавяскоўцам (яны і снег расчысцяць, і дроў прынясуць). Ёсць на Ушаччыне і дзве “Гасцявыя сям’і” – калі працаздольныя грамадзяне (у нашым выпадку сацыяльныя работнікі) бяруць да сябе дамоў на выхадныя ці ў святы адзінокіх пажылых грамадзян. Вядома, і ў гэтым выпадку гаворкі пра аплату не ідзе.

– Нагадайце, калі ласка, куды могуць звярнуцца пажылыя грамадзяне Ушацкага раёна, іх блізкія для заключэння дагавору на надомнае абслугоўванне ці атрымання дадатковай інфармацыі пра паслугі аддзялення?

– Зрабіць гэта можна па нумары 2-75-42.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *