Тыдзень таму мы расказвалі ў газеце пра экстрэмальны выпадак, калі на Мосарскім возеры быў выратаваны мужчына, які праваліўся пад лёд. Сёння ж мусім вярнуцца да гэтай гісторыі, каб распавесці пра яшчэ аднаго яе непасрэднага ўдзельніка. У момант, калі перад ім паўстаў выбар – кінуцца на дапамогу аднавяскоўцу, моцна рызыкуючы жыццём, ці пашкадаваць сябе, гэты чалавек не вагаўся ні хвіліны…
Прынамсі, хвіліны ў такой сітуацыі – недазвольна вялікі адрэзак часу. Прымаць рашэнне і дзейнічаць трэба імгненна – менавіта так і паступіў 21-гадовы жыхар Мосара Міхаіл Вусько, калі, ідучы ў бок былога Замошша, убачыў, што на ледзь сцягнутым тонкім лёдам возеры тоне чалавек. Канечне, найперш варта было б пазваніць у МНС, але пры ім не было тэлефона – а значыць, уся надзея на выратаванне тонучага ў той момант лягла на плечы маладога хлопца.
– Яшчэ са школьных урокаў добра памятаю, як дзейнічаць у падобнай сітуацыі, – расказвае Міша. – На жаль, не было пры сабе ні вяроўкі, ні нажа, таму выкарыстоўваў тое, што змог здабыць – адламаў галіну дрэва. Мужчына знаходзіўся далёка ад берага, дабрацца да яго было няпроста, апошнія метры да палонкі я пераадольваў паўзком. Нарэшце ён ухапіўся за працягнуты сук, але выбрацца на лёд не мог, бо той быў надзвычай крохкі. Тады я прапанаваў, адломваючы лёд, пакрыху прасоўвацца ў бок берага і на больш трывалым паспрабаваць вылезці на паверхню. Але раптам адчуў, што лёд разыходзіцца і пада мной…
Міша сцвярджае, што зусім не спалохаўся ў гэты момант: мабыць таму, што быў гатовы да такога павароту падзей. Кажа, што быў упэўнены ў сабе, бо добра плавае – з дзяцінства жыў ля азёр. Прыгадвае, што абсалютна не адчуваў і пранізлівага холаду ледзяной вады. І менавіта тое, што ён не паддаўся паніцы, дапамагло выратавацца: сканцэнтраваўшы ўсе сілы, Міша рэзкім грабком ног “адштурхнуўся” ад вады, выкінуўшы тулава на лёд…
У такой сітуацыі, напэўна, ніхто б не асудзіў хлопца, які цудам выратаваўся з ледзяной пасткі, калі б ён накіраваўся да берага. Але першае, што зрабіў Міша, калі выбраўся з вады – зноў схапіў тую ж галіну і працягнуў яе тонучаму аднавяскоўцу. І яны пераадолелі смяротную стыхію: знайшлі месца, дзе лёд быў крыху мацнейшы, і мужчыну ўдалося трапіць на паверхню. Вельмі асцярожна, на некаторай адлегласці адзін ад аднаго, рушылі яны да берага, куды тым часам пад’ехалі выратавальнікі, якім пра здарэнне паведамілі выпадковыя сведкі. Іх увагу Міша ўвесь час мусіў прыцягнуць крыкамі і свістам, што таксама было вельмі правільным дзеяннем.
Супрацоўнікі МНС дакладна выканалі сваю справу: хутка даставілі пацярпелага на бераг – сам ён ад стомы і холаду ўжо амаль не мог рухацца. Ад шпіталізацыі мужчына аднак адмовіўся, папрасіўшы завезці яго дамоў. А вось Міхаілу дапамога медыкаў усё ж спатрэбілася – пераахалоджванне дало пра сябе знаць і зараз хлопец праходзіць курс лячэння.
– Нічога, з хваробай мы справімся, галоўнае, што Міша жывы застаўся! – кажа яго маці Наталля Міхайлаўна. – Увогуле ж мы нават і не здзівіліся яго ўчынку: ён з дзяцінства быў адважны і рашучы.
У вялікай сям’і Вусько чацвёра ўжо дарослых дзяцей – і ўсе дружныя, працавітыя, добрыя. Выхаваць іх дастойнымі людзьмі маці дапамагаў спадарожнік жыцця Алег Хакімаў. “У нас самая лепшая сям’я!” – з гонарам кажа Міхаіл. З удзячнасцю прыгадвае і настаўнікаў Мосарскай школы, якую скончыў некалькі год таму, у прыватнасці, Уладзіміра Міхайлавіча Магіліна, які прывіў хлопцу любоў да фізічнай культуры. Міша неаднойчы абараняў гонар раёна на абласных этапах спаборніцтваў “Здароўе” і “Абаронца Айчыны” – медалі, якія сведчаць аб яго пераможных выступленнях, беражліва захоўваюцца ў іх дома.
– У той час, калі я вучыўся, у нашай школе спортам займаліся літаральна ўсе! І зараз многія памятаюць спартыўныя дасягненні Віктара Мягеля, Івана Рубаніка, іншых вучняў Уладзіміра Міхайлавіча, – расказвае Міхаіл.
Дарэчы, са спортам ён не развітаўся і падчас вучобы ў Віцебскім аграрным каледжы – там, у прыватнасці, актыўна займаўся плаваннем. Скончыўшы сёлета навучальную ўстанову, прыйшоў працаваць аграномам у КУСГП “Арэхаўна”. І хоць лічыць сваю прафесію патрэбнай і пачэснай, прызнаецца, што з дзяцінства хацеў стаць выратавальнікам. Вось толькі ажыццявіць гэтую мару перашкодзіла цяжкая аўтамабільная аварыя, у якую раней трапіў хлопец. Вялікая сіла духу, падтрымка родных дапамагае пераадольваць наступствы складаных траўмаў, але ж у МНС бяруць толькі тых, хто мае бездакорнае здароўе.
Ды ўсё ж, нават не атрымаўшы жаданую прафесію, выратавальнікам Міша стаў. Дасягнуў нават большага – прымусіў ганарыцца сабой і сваіх родных, і ўсіх нас.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымку: М.Вусько з мамай.
Настоящий мужчина.