У пятніцу, 18 лістапада, у Вялікіх Дольцах прыпынак грамадскага аўтатранспарту больш нагадваў аўтавакзал – адразу некалькі адзінак тэхнікі не змаглі працягнуць рух па сваіх маршрутах. З-за абледзянелай дарогі не пайшлі далей школьны і аўтобусы “Ушачы-Лепель”, “Ушачы-Пуцілкавічы”, “Полацк-Касары” – менавіта з апошняй вёскі нам і патэлефанавалі абураныя жыхары. І калі некаторым грамадзянам прыйшлося перанесці візіт да ўрача райбальніцы без наступстваў для здароўя, то адзінаццацікласнікі Вялікадолецкай школы, якія пражываюць у Касарах і Рагозіне, не змаглі трапіць ва Ушачы на рэпетыцыйнае тэсціраванне. Між тым за ўдзел у іспытах былі заплачаны грошы, якія ў вяскоўцаў зусім не лішнія. Але нават не гэта стала галоўнай прычынай абурэння і здзіўлення вяскоўцаў. Калі Наталля Семяхіна, маці аднаго з вучняў, стала тэлефанаваць у дарожныя арганізацыі, каб высветліць, калі прывядуць у належны стан дарогу, у ДРБУ-105 ёй паведамілі, што траса Р29 не знаходзіцца ў іх на балансе. Такі ж самы адказ яна атрымала і ў дыспетчарскай Ушацкай лінейна-дарожнай дыстанцыі ДЭУ-37 – дарога стала нічыйнай!
Аб тым, што ў пятніцу раніцай некаторыя трасы раёна сапраўды засталіся без гаспадарчай рукі, нам пацвердзілі і ва Ушацкім участку АТП №6 г.Наваполацка. Праблема з рухам аўтобусаў сапраўды была, бо з раніцы аўтадарога Р29 была падсыпана толькі да павароту на Судзілавічы, не даехаў рэйсавы аўтобус і да Мосара, дзе абледзянелае дарожнае палатно нагадвала люстра.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ