Ольга Белькович ведёт здоровый образ жизни и занимается спортом

Здравоохранение

Вольга Юр’еўна Бяльковіч забегла ў рэдакцыю па справах. Я ж прапанавала кубачак гарбаты, на што госця ветліва патлумачыла: “Ужываю толькі спецыяльныя чаі расійскай кампаніі “NL International”, ад усіх іншых, што ёсць у продажы, адмовілася”.

Так і завязалася наша гаворка пра здаровы лад жыцця, які падтрымлівае сама Вольга Юр’еўна, паступова прывучае родных і раіць знаёмым.

Дарэчы, нельга было не заўважыць выдатнага настрою маёй суразмоўцы. “Сёння атрымала вынікі біяхімічнага аналізу крыві. Усё ў парадку, хоць раней былі праблемы і з ныркамі, і з ціскам. Раблю іх два разы на год і параўноўваю з нормай. Дарэчы, наведваць паліклініку сістэматычна пачала, калі мяне перасцерагалі, маўляў, што ты робіш, ужываеш хімію. Да прадукцыі кампаніі наадварот перайшла, каб адмовіцца ад хіміі. І на працягу вось ужо чатырох гадоў зусім не прыбягаю да антыбіётыкаў”.

Здача аналізаў крыві, як і сістэматычнае наведванне стаматолага – гэта толькі адзін з яе асноўных “пункцікаў” здаровага ладу жыцця, якіх прытрымліваецца не адзін год. Асноўным лічыць здаровае, збалансаванае харчаванне, для чаго і прыбягае да біялагічна­актыўных дабавак.

– Ні ў якім разе не хачу, каб гэта было рэкламай кампаніі. Кожны знаходзіць нешта сваё, давярае ці не. Я прыйшла да ўжывання гэтых БАДаў паступова і выпадкова – пазнаёміла сястра, якая імі падтрымлівала здароўе нашай маці. Можна, канечне, ужываць толькі вырашчанае на сваім участку, піць толькі травы, аднак практыка паказвае, што працуючаму чалавеку правільна арганізаваць здаровае харчаванне проста няма часу. Калі пачала больш чытаць, пазнала напрыклад, што ў кожнай травы свой спосаб заварвання і тэрмін – ці атрымаецца вазіцца з комплексам траў, а няправільна ўжыты напой ці не ў той канцэнтрацыі – ужо атрута.

А прадукцыі кампаніі пачала давяраць пасля таго, як многа перачытала і, галоўнае, чатыры гады ёю карыстаюся. Спачатку былі чаі, яны там спецыяльныя, комплексныя. Пастаянна ўжываю вітаміны і кактэйлі, у якіх комплекс патрэбных на дзень мікраэлементаў і рэчываў. Акрамя гэтага, канечне, гатую ежу сабе і сям’і. У ёй перавагу надаю агародніне і фруктам, якія характэрныя для нашых шырот. Імкнуся поўнасцю выключыць каўбасы, яны на стале толькі па вялікіх святах, куплёную выпечку, маянэз і прыправы з рознымі ўзмацняльнікамі смаку. А так ужываем усё – мяса, рыбу, бульбу, малако.

Вольга Юр’еўна знаходзіцца ў выдатнай фізічнай форме. Ніякай лішняй вагі, паколькі акрамя здаровага харчавання яна яшчэ і актыўна наведвае спартыўную залу. Тры разы на тыдні займаецца шэйпінгам. Летам жа штодня плавае. Ды і не толькі летам – яе купальны сезон доўжыцца ўвесь верасень. Прычым, калі ёсць час, імкнуцца з сям’ёй наведваць возера Баркоўшчына, у якое сцякаюць гаючыя прыродныя крыніцы. А так зусім недалёка Вечалле.

Што можна дадаць – ды вельмі многае, калі распавядаць пра ўсё падрабязна. Наша мэта – паказаць, што здароўе – у тваіх руках, і каштуе яно не надта дорага. Не маю на ўвазе цаны БАДаў. Кажу пра падыход, аснова якога заключаецца ў актыўным ладзе жыцця, здаровым харчаванні і адмове ад дрэнных звычак, няхай і салодкіх. А дэталі могуць быць глыбока індывідуальныя.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *