“З нашых Букаў калі не асобны мінікалгас, то брыгаду або мехатрад сабраць можна!” – жартуюць вялікадолецкія механізатары. Як вядома, у кожным жарце ёсць доля праўды, а ў гэтым выпадку яна стопрацэнтная – дзейнасць вялікай гаспадаркі немагчыма ўявіць без прадстаўнікоў гэтай дынастыі хлебаробаў, якія прымаюць удзел практычна ва ўсіх відах работ.
Ураджэнец Замошша Віктар Бука не толькі старэйшы з трох братоў, якія працуюць у КУСГП “Вялікадолецкае” – ён мае самы значны стаж сярод усіх трактарыстаўмашыністаў сельгаспрадпрыемства. Калі б не мянялася яго назва, то і запіс у працоўнай кніжцы Віктара Барысавіча быў бы адзін – з 1977 года і па сённяшні дзень ён пакідаў гаспадарку толькі падчас службы ў арміі.
За амаль чатыры дзесяцігоддзі В.Б.Буку даводзілася праводзіць корманарыхтоўку яшчэ на самаходнай касілцы, садзіцца за руль розных трактароў. Напрыклад, на магутным “Кіраўцы” Віктар Барысавіч адпрацаваў семнаццаць год, а зараз ён кіруе пагрузчыкам “Амкадор”, які незаменны як на жывёлагадоўчых аб’ектах, так і пры закладцы кармоў. За сваю багатую дзейнасць, мабыць, толькі на камбайне не працаваў вопытны механізатар. Затое ў гэтым вянцы хлебаробскай справы яшчэ на “Нівах” і “Донах” прымалі ўдзел яго братыблізняты Сяргей і Генадзь.
Іх стаж у роднай гаспадарцы таксама вылічваецца дзесяцігоддзямі. Зараз, праўда, Сяргей Барысавіч за руль трактара не садзіцца, бо вопытнаму работніку даверылі пасаду інжынера па працаёмкіх працэсах. За гэтымі словамі – клопат аб механізацыі ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектаў, якіх у гаспадарцы менш не становіцца: хоць і закрылі нядаўна старое памяшканне ў Царкавішчы, але з прыняццем на баланс гаспадаркі фермы ў Скачыхах геаграфія дзейнасці С.Б.Букі яшчэ больш пашырылася. Генадзь жа працягвае адказна і сумленна працаваць на трактары, яго прозвішча пастаянна ў спісах перадавікоў раённых спаборніцтваў на касавіцы, адвозцы кармоў.
Маючы перад вачамі прыклад, а таксама магчымасць атрымаць дапамогу і параду ад бацькі і дзядзек, проста не можа дрэнна працаваць Віталь Бука, сын Віктара Барысавіча. Малады прадаўжальнік дынастыі ў гаспадарцы шосты сезон і зарэкамендаваў сябе як надзейны і кваліфікаваны работнік. Пачынаў вадзіцелем старэнькага ГАЗ53, на якім некалькі год таму быў пераможцам раённых спаборніцтваў сярод маладых механізатараў на адвозцы зерня. Тады зусім крыху не хапіла хлопцу, каб трапіць у прызёры абласных спаборніцтваў.
– “Жыццё” аўтамабіля 1982 года выпуску Віталь падтрымліваў колькі мог, – кажа галоўны інжынер “Вялікадолецкага” Юрый Фёдаравіч Васілевіч. – Зараз гэта тэхніка рыхтуецца да спісання. А Віталю ў мінулым годзе даверылі новы МТЗ1221 і не прагадалі – яму можна даручыць любое заданне і не хвалявацца за вынік. Па вялікім рахунку, гэта адносіцца да любога нашага механізатара з прозвішчам Бука і не толькі з прыгаданай сям’і.
Колькі памятаюць сваіх продкаў Віктар, Сяргей і Генадзь – амаль усе працавалі ў сельскай гаспадарцы. Пайшоўшы па слядах бацькоў, яны таксама іншага месца не шукалі, няхай “хлебным” яно лічыцца больш па назве выпускаемай прадукцыі, чым па заробках. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці мужчыны стварылі вялікія сем’і, шчырай і цяжкай працай гадавалі дзяцей, заслужылі павагу аднавяскоўцаў, калег і кіраўніцтва гаспадаркі, якія адгукаюцца аб прадстаўніках дынастыі выключна добрымі словамі.
Д.Раманоўскі.