Канец восені ў нашым рэгіёне надта снежным не назавеш. І ўсё ж практычна зімовае надвор’е прынесла нязручнасці многім ушачанам. Днямі ў рэдакцыю звярнуліся прадпрымальнікі, якія абураліся на тое, што іх “падведамасная” тэрыторыя (рынак гарпасёлка) надзвычай дрэнна ўбіраецца (і гэта пры тым, што кожны з іх аплачвае немалыя сумы арэнды!). Атрымліваецца, што і самі гандляры вымушаны слізгаць паміж ралетамі, а ў час адлігі стаяць ледзь не па шчыкалатку ў лужах, ды і патэнцыяльныя пакупнікі, бачачы такія ўмовы, нярэдка абыходзяць рынак бокам.
Каб высветліць, наколькі праўдзівыя гэтыя скаргі і як у цэлым ва Ушачах вядзецца барацьба з наступствамі першых зімовых праяў, у сераду, 16 лістапада, разам з прадстаўнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі мы накіраваліся ў рэйд па гарпасёлку. Зрэшты, пра неабходнасць своечасовай уборкі снегу і ледзяшоў, падсыпкі дарог і тратуараў жыллёвакамунальная гаспадарка, райспажыўтаварыства і іншыя арганізацыі раёна былі папярэджаны – спецыялісты санслужбы загадзя выдалі ім адпаведныя прадпісанні. І ўсё ж адказна ўзяцца за справу, як аказалася, паспяшаліся не ўсе.
Першым пунктам, куды завітала рэйдавая група, стаў рынак г.п.Ушачы. І справы тут, сапраўды, аказаліся зусім не аптымістычнымі. Расчыстку снегу хоць нядаўна і праводзілі (пра гэта сведчыла дастаткова роўная паверхня паміж радамі ралетаў і ў глыбіні рынка, бліжэй да магазінаў), аднак вывозіць снежныя масы, як таго патрабуюць правілы, не сталі – проста спіхнулі да выхаду з боку сквера. І калі многія гандляры не мірацца з няякасным добраўпарадкаваннем, самі прыбіраюць снег вакол сваіх гандлёвых кропак, то ля часова пустуючых снежныя гурбачкі “прапісаліся” надзейна. “Каму яны перашкаджаюць?!” – спытаеце вы. А прыйдзіце сюды ў час адлігі – і самі ўсё зразумееце. На момант нашага візіту падсыпка пясчанасолевай сумессю на рынку праведзена не была, а ледзяныя ўзгорачкі (да таго ж, прыцярушаныя мокрым снегам) ад харчовых кропак да вагончыка з мясной прадукцыяй уяўлялі рэальную небяспеку.
Пахвалявацца пра ўласнае здароўе давялося ў гэты дзень і ля магазіна “Бабуліны далікатэсы”. І хоць ледзяшоў на даху, на якія не раз скардзіліся ўшачане, у гэты дзень не было, без праблем зайсці ў гандлёвую кропку ўсё роўна не атрымалася. Справа ў тым, што высокая лесвіца зараз ператварылася ў сапраўдную коўзанку. “Віноўніца ўсяму – пакладзеная тут плітка, – ведаючы праблему, акрэсліла памочнік урачагігіеніста райЦГіЭ Ганна Уладзіміраўна Коўшаль. – Вырашыць жа праблему дапаможа пракладка спецыяльнага гумавага палатна. Гэтае патрабаванне ўжо агучана намі кіраўніцтву гандлёвага аб’екта”.
Не больш прывабнай з’яўляецца сітуацыя ў дварах райцэнтра. Так, па вуліцы Фрунзе (“царскі пасёлак”) камунальнікі паклапаціліся пра ўладальнікаў транспартных сродкаў, якасна расчысціўшы ім дарогу, а вось пра пешаходаў чамусьці забылі – перамясцілі гурбы прама на тратуар. Сапраўдным выпрабаваннем для ўшачан сталі лесвіцы на вуліцы Віцебскай ад аўтастаянкі да дома №1 і ад дома №3 да дзіцячай пляцоўкі – заснежаныя, пакрытыя лёдам, яны хутчэй нагадвалі атракцыён для самых смелых. Тут жа – ля дома №3 – не была расчышчана пешаходная дарожка.
Прыкладна аднолькавая сітуацыя назіралася на вуліцах Кастрычніцкай, НіжнеНабярэжнай, П.Броўкі, Чапаева і Маладзёжнай: дарогі з большага расчышчаны, аднак не падсыпаны спецыяльнымі сумесямі. На дзвюх апошніх гэтая акалічнасць прывяла да таго, што пад’ехаць пад гару стала практычна немагчыма.
Усе хібы, выяўленыя падчас рэйду, узяты на кантроль санслужбы. Мы ж у сваю чаргу вернемся да гэтай хвалюючай тэмы, бо ўся зіма яшчэ наперадзе.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.