В церкви Параскевы Пятницы в агрогородке Ореховно прошёл храмовый праздник с участием архиепископа Полоцкого и Глубокского Феодосия

Общество

Дзясятага лістапада для прыхода царквы Параскевы Пятніцы ў аграгарадку Арэхаўна заўсёды свята – храмавае. Сімвалічна, што сёлета гэтая дата і прыпала на пятніцу, якая на грэцкай мове гучыць як “параскева”. Бацькі і назвалі так будучую святую, таму што больш за ўсё шанавалі пятніцу – дзень, калі быў распяты Ісус.

І хоць 2016-­ы для арэхаўскага храма не быў юбілейным, годам пабудовы храма лічыцца 1819-­ы, тым не менш – асаблівым. Па запрашэнні айца Аляксандра храм наведаў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Удзел у службе прымалі таксама госць з Харкава, дзе доўгія гады і жыў Уладыка, – протаіерэй Леанід, благачынны Расонскай акругі протаіерэй Аляксандр Гардзевіч, былы настаяцель храма айцец Уладзімір Лаўцэвіч і настаяцель храма ў Відзах Браслаўскага раёна айцец Ігар Чачуковіч. Нягледзячы на будні дзень сабралася нямала вернікаў – пераважна пастаянных прыхаджан царквы, раздзяліць радасць свята з якімі прыехалі і прыхаджане храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры.

Трэба зазначыць, што архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій не першы раз наведвае царкву святой пакутніцы Параскевы Пятніцы ў Арэхаўне, ён добра знаёмы з гэтым прыходам і раней адзначаў архіепархальнай граматай хор, а таксама некаторых вернікаў. Вось і сёлета грамату Уладыка ўручыў рэгенту хору Любові Пятроўне Власенка, а таксама “правай руцэ” ўсіх былых і цяперашняга настаяцеля храма, старасце Анатолю Ягоравічу Прашкевічу.

Анатоль Ягоравіч – адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў аднаўлення першага на Ушаччыне храма, вельмі многа зрабіў і робіць па яго ўтрыманні. Зараз гэтае намоленае месца любімае не толькі жыхарамі Арэхаўна. Стаіць храм ля дарогі. Дарэчы, так і ставілі ў даўніну невялікія капліцы Параскевы, якія і клікалі Пятніцамі, каб кожны спадарожнік мог памаліцца заступніцы сямейнага дабрабыту, паляводаў, жывёлы ад падзяжу. Да Параскевы таксама звярталіся, каб пазбавіцца цяжкіх цялесных і душэўных хвароб.

Вольга КАРАЛЕНКА.




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *