Вопрос постановки техники на зимнее хранение — на постоянном контроле

Сельское хозяйство

Практычна ўсе сельскагаспадарчыя машыны і агрэгаты знаходзяцца на мехдварах – замаразкі сёлета наступілі рана і спынілі амаль усе палявыя работы. У канцы першай дэкады месяца начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагляда Ушацкага раёна Іван Мікалаевіч Пухальскі правёў паўторны маніторынг пастаноўкі тэхнікі. Камбайны, прэсы, граблі, пасяўныя агрэгаты, іншыя прычапныя механізмы, якія не выкарыстоўваюцца, павінны рыхтавацца да працяглага захоўвання на працягу 10 дзён. Вось толькі да зімоўкі ў розных гаспадарках яны гатовы неаднолькава, а ў многіх сельгаспрадпрыемствах заўвагі інспектара па выніках мінулай праверкі ў чарговы раз “завіслі” ў паветры.

Апошняе ні ў якім разе не адносіцца да КУСГП “Вялікадолецкае”. Інжынер гаспадаркі Юрый Фёдаравіч Васілевіч і механізатары чакалі І.М.Пухальскага ля камбайна Рыгора Філімонава, які заканчваў укрыццё праводкі КЗС­1218 плёнкай. Ён паспеў скончыць справу акурат да таго моманту, пакуль інспектар правёў агляд збожжаўборачных агрэгатаў яго калег. Многа часу гэта не адняло, бо вялікадальчане падрыхтаваліся як след і заслужылі адзнаку “выдатна”. Хаця і не ўся тэхніка была гатова да зімоўкі, але самы вялікі ў раёне камбайнавы парк – 9 адзінак – выстраіўся на лінейцы: машыны былі ачышчаныя, з загерметызаваным электраабсталяваннем, змазанымі ланцугамі і штокамі цыліндраў. Асобным радам на тэрыторыі стаялі глебаапрацоўчыя агрэгаты, кансервацыі якіх у гаспадарцы таксама надаюць належную ўвагу. “Дзе паставіш, там і знойдзеш!” – справядліва зазначылі мясцовыя механізатары.

Усе 4 камбайны паставілі на захоўванне і ў ААТ “Дземенец”. “Пастараўся наш брыгадзір!” – задаволена казаў інжынер гаспадаркі Уладзімір Ягоравіч Хамёнак, і з гэтым І.М.Пухальскі не мог не пагадзіцца, бо збожжаўборачны агрэгат Аляксандра Уладзіміравіча Яловіка меў выгляд, нібы толькі вярнуўся з капітальнага рамонту. Работы па пастаноўцы іншай тэхнікі вяліся ў “Дземенцы” і на момант візіту інспектара, які адзначыў яўныя змены да лепшага. Разам з тым І.М.Пухальскі ўказаў на неабходнасць даачысткі асобных агрэгатаў, працяг добраўпарадкавання машыннага двара і патрабаванне захоўваць тэхніку менавіта там, а не на ўласных падворках механізатараў.

Тры КЗС­1218, якія працавалі на палях, прыбылі на мехдвор ААТ “Ільюшынскі” літаральна за дзясятак гадзін да праверкі. Зразумела, што паставіць іх на захоўванне ў гаспадарцы не паспелі. А вось чатыры КЗС­10К былі надзейна ўкрыты пад навесам. Асаблівай пахвалы заслужыў Мікалай Уладзіміравіч Ступко – акрамя збожжаўборачнага камбайна ён выдатна закансерваваў і КВК­800. Не ўсё гладка было ў “Ільюшынскім” з астатняй тэхнікай. Патрабавалі належнай увагі дыскатары і сеялкі, а пры магчымасці схаваць многія механізмы ў боксах, асобныя з іх аказаліся там недаачышчанымі, з неразгружанымі коламі.

Негатовым да праверкі аказаўся адзін камбайн ААТ “Агра­-Селішча”, у якім не былі зняты жняярка і нахільная камера. Трэба адзначыць, што ў гаспадарцы няма спецыялістаў інжынернай службы, што, безумоўна, замаруджвае ход работ па падрыхтоўцы тэхнікі, але з адказнасцю да справы падыходзяць самі механізатары.

Адзін з занятых на ўборачнай камбайнаў на захоўванне згодна ГОСТу паставілі ў КУСГП “Глыбачаны”, тры астатнія нават не былі ачышчаны ад пустазелля. Нізкімі тэмпамі вяліся работы з астатняй тэхнікай, не наведзены парадак на тэрыторыі, дзе адсутнічае частка агароджы, разламаны аварыйныя вароты.

Яшчэ горшы стан спраў быў у КУСГП “Арэхаўна”. Тут ва ўсіх трох камбайнах, якія прымалі ўдзел ва ўборачнай, “красавалася” прарослае зерне. Да пастаноўкі астатняй тэхнікі або прыступалі, або паставілі яе неачышчанай, неахайны выгляд мае і мехдвор. Інжынерная служба спасылаецца на недахоп рабочых рук, кіраўнік – на іх нежаданне працаваць…

Не адпавядалі патрабаванням адпрацаваўшыя сезон камбайны ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, на захоўванне пастаўлены лічаныя глебаапрацоўчыя агрэгаты. Тры камбайны на тэрыторыі мехдвара ў Вяркудах разукамплектаваны, тут не наведзены элементарны парадак, раскіданы прыстаўкі для ўборкі рапсу, асобныя прычапныя механізмы зараслі пустазеллем.

На момант паўторнай праверкі адсутнічалі механізатары на тэрыторыі машынна­трактарнага парка КУСГП “Кублічы”. Пакінутыя на рашотным стане аднаго з камбайнаў два пустыя стаканы і няхітрая закуска сведчылі аб тым, што людзі тут усё ж бываюць, але займаюцца не тым, чым неабходна – тэхніка была не падрыхтавана.

Пытанні яе пастаноўкі на захоўванне, навядзення парадку на мехдварах былі разгледжаны на апошнім пасяджэнні калегіі райсельгасхарча. Зацягнуліся работы і, як вынік, – ні ў адной гаспадарцы не распачаты рамонт і падрыхтоўка тэхнікі да новага сезона.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *