– Якія яшчэ ўрокі падабаюцца? – такое было маё пытанне Таццяне.
– Вельмі люблю біялогію, – адказала яна. – Можа таму, што наш настаўнік Генадзь Віктаравіч Ерашоў нам яе цікава падае.
А Таццяна Іванаўна Касцючэнка, якая вядзе беларускую мову і літаратуру, пазней дапоўніла:
– Таня яшчэ і рукадзельніца, любіць вышываць крыжыкам. На раённай алімпіядзе па працоўным навучанні заняла трэцяе месца.
У вольныя хвіліны дзяўчыне падабаецца маляваць, як яна гаворыць, для сябе. Накідвае ў асноўным эскізы людзей, робіць розныя заставачкі да сваіх вершаваных кароткіх запісаў. Такіх у яе сабралася амаль два агульныя сшыткі. Не адно пакаленне дзяўчат займалася гэтым: перапісвалі кімсьці прыдуманыя радкі аб сяброўстве, дзявочай вернасці, магчымай здрадзе ў адносінах дваіх закаханых. Усё гэта – вывучэнне жыцця, сцяжынка да даросласці.
Асабліва любіць Таня маляваць сардэчкі. Рыхтуецца да экзаменаў, а ў кароткія хвіліны перадышкі малюе ўсё самае простае, але з сэнсам.
У хату забягае сусед, першакласнік Уладзік. Убачыўшы ў руках дзяўчыны малюнкі, просіць:
– Танюшка, дай мне хоць адзін.
– Пачакай, Уладзік.
Праз некалькі хвілін Таня працягвае ліст. Хлопчык разглядвае ў цэнтры малюнка два сардэчкі, апяразаныя блакітнай стужкай, і, напэўна, не разумее, чаму менавіта два. Але прыгожа, таму, акуратна трымаючы падарунак, стрымгалоў бяжыць дадому.