Владимир Безруков — настоящий профессионал среди любителей гончарства

Культура Экономика и малый бизнес

Не так даўно Уладзімір Бязрукаў дэманстраваў сваю калекцыю керамікі ў Полацку. Выстава чорнага посуду як заўсёды прыцягвала гледачоў, а пасля гэтага да яго паступіла вельмі сур’ёзная прапанова: аднавіць па рэштках, адрэстаўрыраваць пашкоджаныя гліняныя рэчы, якія захоўваюцца ў музеі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора. Тэхнікай старадаўняга ганчарства валодаюць нямногія, ці можна сказаць практычна адзінкі. Ды і Уладзімір Іванавіч пакуль не рашыўся на сур’ёзны праект. “Трэба пранікнуцца эпохай, тым часам, многа перачытаць і ўдакладніць. А галоўнае, пакуль не адчуваю голасу душы”. А ён практычна ўсё робіць па закліку сэрца.

“Натрапіў на жылу”, – усміхаецца ганчар, паказваючы жбанкі, талеркі, заварнікі. Розныя па формах і памерах, аднак літаральна ўсе з арнаментам і месячным бляскам, які робіць чорную, задымленую кераміку “металічнай”. Дасягаецца гэта выключна рукамі, марудным працэсам націрання выцягнутых з печы рэчаў. Таму і “жыла” ніякая не залатая, а духоўная, якая зусім не прыносіць карысці, толькі задавальненне, радасць ад атрыманага. І не шкада часу ганчару на асваенне новых арнаментаў і тэхнікі, якую ўдасканальвае нават у сне. Так прыдумаў адзін з элементаў націрання, а таксама нанясення малюнка.

“Ён нешта ведае, нешта ведае”, – падбягаў раз­пораз да выставы Бязрукава пажылы ганчар з Глыбокага, вельмі моцна ўсхваляваны непаўторнай тэхнікай. Чорную кераміку, канечне, робяць і іншыя майстры, аднак у кожнага яна свая, адметная. І канкурэнцыі, як кажа ўшацкі ганчар, абсалютна ніякай. Малады майстар з Наваполацка, напрыклад, робіць сучасныя рэчы, у яго чыста камерцыйны праект на продаж. Уладзімір Іванавіч, наадварот, не прадае нічога. Яго калекцыя захоўваецца ва Ушацкім Доме рамёстваў, больш новая – дома, ну і адзінкавыя рэчы падараваны сябрам, такім жа майстрам. Адзінкавы набор да спіртнога трапіў у Германію, яго адабралі ў якасці падарунка дэлегацыі Ушацкага раёна.

Асабіста мне вельмі падабаецца здымак самога ж Уладзіміра Іванавіча з выставы, дзе яго кераміка, і не толькі чорная, стаіць на ручніках прабабкі. Ён і пачаў спробы ганчарства з просьбы цешчы з Мсціслаўшчыны зрабіць ёй гаршчок для печы. А потым вывучыў не адну кнігу, знаёміўся з рознымі формамі керамічнага посуду, арнаментамі, пераздымаў, каб скапіраваць і дакладна перанесці на выпуклую паверхню.

– Вунь гэты жбан з Кубліч, а вось такія распаўсюджаны на Мсціслаўшчыне, форму гэтай патэльні я пераняў з музея археалогіі ў Сафійскім саборы. А вось гэты чайнік знайшоў у сметніку ў Арэхаўне. Па іх формах і раблю свае рэчы, – паказвае ганчар фотаздымак са старым посудам, аналагі якіх стварылі новую выставу.

Паміж матчынага арнаменту фатаграфічная выява яго катэджа, арнамент продкаў чаргуецца з лістом папаратніку. Зараз ён можа растлумачыць любы, падыходзіць асэнсавана. Невыпадкова ў ганаровай папцы яго дасягненняў мноства дыпломаў за аднаўленне народных рамёстваў.

Сярод новых керамічных рэчаў ёсць зусім унікальныя. Гэта скрыпка, несапраўднасць якой асэнсавала, толькі ўзяўшы ў рукі – больш цяжкая. А таксама акарына – гліняная свістковая флейта, здольнасці якой гаспадар прадэманстраваў. Хаця ўнікальны тут літаральна кожны прадмет, крэатыўны, які яго майстар, што спрабаваў і працягвае работу не толькі з глінай, але і дрэвам, лыкам, берастам. Ён па­ранейшаму ро­біць прафесійныя фотаздымкі і можа пашыць адзенне. Наогул, бярэцца за ўсё, што заахвоціла.

Цікавая размова адбылася падчас выставы ў Мінску. Падышоў мужчына і, разгледзеўшы выставу, з упэўненасцю сказаў: “Вы заканчвалі майстэрню ганчарства нашай Акадэміі мастацтваў”. А калі даведаўся, што Уладзімір Бязрукаў нідзе не вучыўся, прамовіў – такога проста не можа быць. Што ж, сваёй творчасцю ён разбівае стэрэатыпы, даказваючы, што сапраўдныя прафесіяналы ёсць і ў катэгорыі аматараў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Владимир Безруков — настоящий профессионал среди любителей гончарства

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *