Папярэдні раз на аўтабазе райспажыўтаварыства давялося пабываць два гады таму падчас сумесных рэйдаў па пытанні добраўпарадкавання са старшынёй райвыканкама, кіраўнікамі зацікаўленых службаў. Вытворчая тэрыторыя на той момант, мякка кажучы, не радавала вока: паўсюдна грувасціліся ржавыя кабіны, рамы і іншыя вузлы спісанага транспарту, дапаўнялі карціну адсутнасць агароджы і зараслі кустоў на межах тэрыторыі. Змрочнае ўражанне пакідалі і памяшканні: работнікам даводзілася рамантаваць тэхніку ў майстэрні з пачарнелымі сценамі і працякаючым дахам, пераапранацца ў неахайнай бытоўцы, а ў абшарпанай канторы сорамна было прымаць наведвальнікаў…
Ніхто, напэўна, не будзе аспрэчваць факт, што ўмовы працы напрамую ўплываюць на вытворчы працэс: утульнае і чыстае працоўнае месца стварае адпаведны настрой, стымулюе да адказных адносін. А таму навядзенне парадку стала адной з першачарговых задач для Генадзя Іванавіча Глінскага, які два гады назад узначаліў транспартны аддзел райспажыўтаварыства – такі статус летась пасля аптымізацыі атрымала былое структурнае падраздзяленне. Зроблена за гэты невялікі час сапраўды шмат. Амаль 400метровы перыметр тэрыторыі ўпрыгожыла новая агароджа, фасадная частка якой з металапрофілю, а дваровая – з больш таннага плоскага шыферу. Высечана кустоўе, убрана смецце, металалом. “Толькі сёлета з пачатку цёплага сезона правялі 7 суботнікаў”, – расказвае начальнік аддзела і адзначае, што работнікі прадпрыемства працавалі на іх ахвотна і з запалам, разумеючы наспеўшую неабходнасць навядзення парадку.
Не пазнаць зараз і вытворчыя памяшканні. Маштабны рамонт пачалі з таго, што прывялі ў парадак дах майстэрні, замянілі палотны варот, устанавілі вокны ПВХ, пафарбавалі ўнутраныя памяшканні. Двор зараз асвятляюць новыя ліхтары з энергазберагальнымі лямпамі. Яшчэ адным пунктам эканоміі будзе і тое, што выведзена з карыстання, а значыць, і адключана ад сістэмы ацяплення памяшканне былой канторы: “офіс” аддзела зараз размяшчаецца на другім паверсе будынка майстэрні. Калі праходзіш па чыстых утульных кабінетах, нават не верыцца, што зусім нядаўна тут былі брудныя падсобныя памяшканні, дзе валяліся дэталі, складзіраваўся непатрэбны хлам. “Зрабілі перапланіроўку і рамонт, матэрыялы для аддзелачных работ падбіралі так, каб было танна, функцыянальна і прыгожа”, – расказвае Г.І.Глінскі. І сапраўды, сучасныя панелі на сценах кабінетаў выглядаюць прывабна і будуць больш даўгавечнымі, чым тыя ж шпалеры. Вельмі ўтульна ў пакоі адпачынку, дзе маюцца новыя шафы, сталы і стулы, посуд, мікрахвалевая печ. Прыемна працаваць у адрамантаваным кабінеце адзінай жанчыне на прадпрыемстве – дыспетчару Людміле Анатольеўне Лёлі. Не пазнаць і размешчаны на ўездзе пункт тэхнічнага кантролю. У дзень нашага візіту гаспадарыў тут кантралёр Уладзімір Станіслававіч Фамічоў, які расказаў, што ў мэтах эканоміі рамонт у будынку ён і трое калегзменшчыкаў рабілі ўласнымі рукамі. Як вынік – у рабочым памяшканні зараз падамашняму ўтульна.
Паступова наводзіцца парадак і ўнутры майстэрні: устанавілі новыя лямпы, пафарбавалі і пабялілі зварачны ўчастак, зараз распачалі гэтыя работы на слясарным. “Зусім іншая справа!” – лаканічна ахарактарызаваў умовы працы малады вадзіцель Пётр Масцяеў. У дзень нашага візіту ён рамантаваў ГАЗэль, на якой развозіць прадукты па магазінах раёна. Паломка аказалася сур’ёзнай: выйшаў са строю рухавік. Гэта дало падставу закрануць набалелую праблему стану тэхнікі, знос якой на прадпрыемстве дасягае 80 працэнтаў.
– Пры ўсёй складанасці эканамічнай сітуацыі знаходзім магчымасць абнаўляць аўтапарк, – расказвае інжынер аддзела Анатоль Васільевіч Дрозд. – Штогод купляем ці бяром у лізінг 2-3 машыны. Сёлета наш парк папоўніўся МАЗам, які выкарыстоўваецца для перавозкі хлеба, і аўтамагазінам ГАЗ3309.
Адна з новых машын даверана вопытнаму вадзіцелю Аляксандру Уладзіміравічу Дразду, які больш чвэрці стагоддзя забяспечвае прадуктамі жыхароў маленькіх вёсак раёна. Работнік з задавальненнем дэманструе салон аўтамагазіна, паказвае халадзільнае абсталяванне, асартыментны пералік тавараў і зазначае, што цяперашняя яго “крама на колах” вельмі зручная. “Але ж у Валодзі Чмыра машына яшчэ лепшая, мы ўсе яму крыху зайздросцім!” – усміхаючыся, заўважае вадзіцель, паказваючы на пад’язджаючы на стаянку аўтамагазін калегі. Сапраўды, гэтая таксама нядаўна набытая машына мае больш умяшчальны фургон, што дазваляе “прыняць на борт” шмат тавараў. Праўда, ёсць і зваротны бок: крыху меншая манеўранасць, што ўскладняе рух па вясковых дарогах.
Райспажыўтаварыства як і раней нясе важную місію забеспячэння жыхароў усім неабходным. Для гэтага штодзень 8 аўтамагазінаў выязджаюць у розныя куточкі Ушаччыны, каб прапанаваць вяскоўцам каля 220 найменняў харчовых тавараў. Па графіку наведваецца ў малыя населеныя пункты і аўтакрама з прамысловым асартыментам. З самай раніцы вадзіцелі машын развозяць ушацкія хлебабулачныя вырабы не толькі па нашым, але і па суседніх раёнах, дастаўляюць разнастайны тавар, каб забяспечыць усе гандлёвыя кропкі рэгіёна, накіроўваюцца на выязны гандаль, едуць у замежныя рэйсы – гэтыя маршруты як правіла давяраюць аднаму з лепшых вадзіцеляў прадпрыемства Аляксандру Уладзіміравічу Шасцярню. Усяго ж перавозкамі і іх арганізацыяй займаецца 52 чалавекі. Сярод іх ветэраны прадпрыемства, што працуюць на аўтабазе па 35 гадоў, Юрый Васільевіч Барадзёнак, Васіль Дзмітрыевіч Дзямешка, Аляксандр Мікалаеві Крывец, Анатоль Васільевіч Дрозд, якія з’яўляюцца добрым прыкладам для больш маладых калег. “З такім працавітым, згуртаваным калектывам нам па плячы любыя задачы”, – зазначае начальнік аддзела. Галоўныя ж з іх – выкананне плана і павелічэнне прыбытку. У тым ліку і за кошт арганізацыі дадатковых відаў дзейнасці. Так, летась на тэрыторыі аўтабазы была адкрыта платная стаянка для затрыманых транспартных сродкаў, што дапамагае папаўняць бюджэт райспажыўтаварыства.
Пакуль знаёмілася з тым новым, што з’явілася на аўтабазе, падышоў да завяршэння працоўны дзень. Вярнуўшыся з рэйсаў, паркавалі свае аўтамабілі вадзіцелі, абмяркоўваючы між сабой падзеі паездак – і было вельмі прыемна бачыць, што нягледзячы на стомленасць і шэрае слотнае надвор’е, літаральна ва ўсіх іх быў добры настрой, які бывае, калі годна выконваеш сваю важную справу.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымку, А.Дрозд, В.Карэйша, С.Альхоўка, Г.Глінскі,У.Фамічоў.