В Ушачах прошёл день призывника. Будущим защитникам в торжественной обстановке вручены повестки

Общество

На Ушаччыне ўжо стала добрай традыцыяй урачыста праводзіць Дзень прызыўніка. Вось і сёлета 29 юнакам, якія праз лічаныя дні папоўняць рады Узброеных Сіл Беларусі, у пятніцу, 4 лістапада, ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі павесткі.

Пачалося мерапрыемства ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку, дзе будучыя абаронцы Айчыны хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў і ўсклалі вянок.

Працягнулася дзейства ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. Хоць многія юнакі бывалі тут ужо не раз, але з цікавасцю слухалі расказ экскурсавода  падчас прагляду экспазіцыі музея. Вельмі зацікавіліся прызыўнікі выставай савецкіх значкоў. Частку сваёй вялікай і разнапланавай па тэматыцы калекцыі спецыяльна да мерапрыемства прадставіў начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Л.П.Шахноўскі.

Звяртаючыся да будучых салдат, намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч пажадала юнакам годна несці службу, свята выконваць воінскую прысягу і заўсёды памятаць: на іх плячах заўтрашні дзень краіны, мір і спакой народа.

Сваімі ўспамінамі аб службе ў арміі падзяліўся з прысутнымі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ф.Р.Пацэйка, які ў свой час служыў у ваенна­паветраных войсках пад Мінскам. Сённяшнія ж прызыўнікі  будуць несці службу ў розных ваенных часцях краіны, а многія трапяць у ваенную часць, што базіруецца ў Заслонаве суседняга Лепельскага раёна. Прадстаўнік гэтай часці, ураджэнец Ушаччыны Р.Я.Первянёнак прыехаў падтрымаць сваіх землякоў і даць парады:

– Скончыўшы Ваенную акадэмію і адпрацаваўшы пэўны час у ваеннай часці, магу сказаць, што служба па сілах кожнаму. Гэта ваш сур’ёзны іспыт на сталасць, які зробіць вас мужнымі і вынослівымі. Магчыма, хтосьці з вас потым таксама захоча звязаць і сваю прафесійную дзейнасць з воінскай службай,  – адзначыў Раман Яўгенавіч.

Няпроста даваліся віншавальныя словы ў адрас будучых салдат Людміле Міхайлаўне Міхаль з гарпасёлка. Яно і не дзіўна, паколькі ў гэты прызыў трапіў яе сын Дзмітрый. “Будзьце гонарам для сваіх бацькоў, праявіце сябе добрымі справамі, — хвалюючыся, казала жанчына. – І пастарайцеся як мага часцей пісаць і тэлефанаваць дамоў: блізкім людзям вельмі важна ведаць, як у вас справы”.

“Служба ў арміі была, ёсць і будзе не толькі абавязкам, але і гонарам, асаблівай адзнакай мужчынскай годнасці”, — падкрэсліў падчас урачыстасці ваенны камісар Ушацкага і Лепельскага раёнаў падпалкоўнік В.І.Шапка. У сваім выступленні ён адзначыў, што зараз у вайсковых падраздзяленнях створаны належныя ўмовы для службы салдат.

Н.М.Марковіч і Л.П.Шахноўскі ўручылі юнакам павесткі, наказ прызыўніку, а таксама памятныя сувеніры. Затым будучыя абаронцы накіравіліся ў новы храм святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры, каб атрымаць блаславенне на службу айца Вячаслава.

Зусім хутка ў жыцці маладых людзей пачнецца новы этап. Пажадаем ім поспехаў, годна і сумленна несці службу і не баяцца цяжкасцей!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *