Бывае, што людзі займаюць утрыманскую пазіцыю, чакаюць, калі хтосьці навядзе парадак, абкосіць тэрыторыю, знішчыць баршчэўнік, зробіць іншыя выгоды. А вось жыхары вёскі Забалацце Сарочынскага сельсавета вырашылі набалелую праблему, не скардзячыся і прыклаўшы свае намаганні.
Прыродная стыхія, якая летам пранеслася па ўсёй краіне, пашкодзіла дамы, лясы і іншае, не абмінула і гэты населены пункт. На мясцовых могілках паваліліся некаторыя старыя дрэвы, шмат было і аварыйных, якія ўяўлялі пагрозу. Таму і вырашылі жыхары Забалацця на чале са сваім старэйшынам Аленай Генадзьеўнай Корсак навесці парадак на могілках і сабраць сродкі для ўборкі аварыйных дрэў. Трэба сказаць, што вёска гэта невялікая і пастаянна пражывае тут менш 20 чалавек, тым не менш, яны змаглі сабраць каля 400 рублёў.
– Вельмі хочацца праз газету выказаць удзячнасць усім, хто прыняў удзел у гэтай справе! – патэлефанаваўшы ў рэдакцыю, узрушана расказвала Алена Генадзьеўна. – Папершае, гэта мае аднавяскоўцы, якія адгукнуліся і не пашкадавалі на названую мэту па 30 рублёў. Падругое, ажыццявіць задуманае дапамагала старшыня Сарочынскага сельвыканкама Л.Я.Птушка. Асобна хочацца сказаць добрыя словы ў адрас раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Ведаючы, што гэтая структура аказвае паслугу па ўборцы аварыйных дрэў, звярнуліся да начальніка аддзела С.Я.Аваднёва, які ў сваю чаргу вельмі аператыўна адрэагаваў на нашу заяўку. Супрацоўнікі ўбралі паваленыя дрэвы і выразалі практычна ўсе, якія маглі б упасці і пашкодзіць помнікі з агароджамі. Аб’ём работы быў вельмі вялікі і зрабілі выратавальнікі ўсё настолькі хутка і акуратна, што мы і зараз не можам нарадавацца. Здароўя і дабрабыту ўсім гэтым людзям!
Вольга КАМАРКОВА.