В Ушачах планируют ввести новую социальную услугу «Минутка для мамы»

Общество

Многія мамы Ушаччыны сутыкаюцца з праблемай – муж на працы, бабулі і дзядулі жывуць у іншых населеных пунктах ці яшчэ не дасягнулі пенсійнага ўзросту, адпаведна, адлучыцца з дому, пакінуўшы малыша аднаго, проста нерэальна. У той жа час жанчынам неабходна перадышка: трэба і да ўрача на прыём трапіць, і ў цырульню забегчы, і за прадуктамі схадзіць.

Гэта адзін з аргументаў, які прыводзіць загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН Ушацкага раёна Наталля Аляксандраўна Коршун, тлумачачы, як узнікла ідэя новай паслугі. Другая прычына – павелічэнне колькасці выпадкаў дзіцячага траўматызму.

– Спраў у мамы назапашваецца многа, яна не можа ўвесь час знаходзіцца побач з дзецьмі, – тлумачыць спецыяліст. – Малодшыя школьнікі часта застаюцца ў кватэры адны, а гэта вялікая рызыка. Для некага і 15 хвілін могуць стаць фатальнымі: хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць траўмы ад апёкаў, глытаюць батарэйкі і манеты, выпадаюць з вокнаў…

Спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра вывучылі вопыт іншых краін, дзе пакоі, у якіх прапануюць дапамогу нянькі на некалькі гадзін, існуюць даўно; падгледзелі тое-сёе ў калег з Мінска, якія паспрабавалі ўвесці нешта падобнае, – і вырашылі, што ва Ушачах такая паслуга таксама будзе запатрабаванай. Увесці яе плануецца напачатку 2017 года.

За невялікую плату заказаць паслугу “Хвілінка для мамы” ўшачане змогуць па тэлефоне. Кваліфікаваны педагог прыйдзе па вызначаным адрасе і на працягу гадзіны ці некалькіх будзе знаходзіцца з дзіцем – пагуляе з ім у двары, пакатае на калясцы, а пры жаданні бацькоў пасядзіць з малым дома.

… Аднак усё гэта пакуль толькі ў планах. Каб паслуга стала запатрабаванай, максімальна зручнай, спецыялісты ТЦСАН просяць ушачан выказаць свае меркаванні наконт умоў яе аказання. Зрабіць гэта можна ў рабочыя дні з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па нумары 2-92-89, а таксама на сайце газеты “Патрыёт” (апытанне) і ў афіцыйнай групе нашага выдання ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *