Какие ассоциации вызывает у вас День Октябрьской революции? На этот вопросу «Патрыёту» ответили тёзки великого Ленина

Общество

Якія асацыяцыі вы­клікае ў вас Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Прадстаўнікоў старэйшага пакалення гэта свята вяртае ў гады маладосці. Яны без замінкі раскажуць, што гэта дзень нараджэння рэспублікі Саветаў і назавуць імя яе лідара – Уладзіміра Ільіча Леніна. Моладзь можа ўзгадаць, што на плошчы Ушачы менавіта бюст Леніна з’яўляецца цэнтральнай фігурай, а галоўная вуліца як і раней носіць яго імя. Ёсць сярод ушачан і пяцёра цёзак палітычнага дзеяча, у якіх мы і запыталіся, ці спецыяльна ім давалі імя камуністычнага павадыра і якія ўспаміны звязваюць іх з 7 лістапада.

Уладзімір Ільіч Мамаеў:

– Канечне, мяне бацькі назвалі так у гонар Леніна. Жылі мы ў Алтайскім краі, была звычайная працоўная сям’я, і маё, і жыццё бацькоў прайшло па савецкіх законах. Свой працоўны шлях я пачынаў рабочым на шахце, дзе, дарэчы, двойчы з завалаў выцягвалі горныя выратавальнікі. Паступова рос па кар’еры, уступіў у члены Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, скончыў інстытут. Камуністы павінны былі быць прыкладам ва ўсім і адным з самых горшых пакаранняў лічылася выключэнне з радоў партыі. На дэманстрацыі 7 лістапада выходзіў увесь горад.

Уладзімір Ільіч Барысёнак, вёска Лажане, 1950 года нараджэння:

– Калона цэнтральнай раённай бальніцы, у якой я 38 гадоў адпрацаваў вадзіцелем “хуткай дапамогі”, на дэманстрацыі фарміравалася ля паліклінікі, і па Савецкай мы з транспарантамі рухаліся да плошчы. Уперадзе заўсёды быў наш ветэран Арсен Кляменцевіч Первянёнак, камуністы і ў свой час галоўныя ўрачы Браніслаў Мікалаевіч Крыжэўскі, Пётр Васільевіч Красноў, вадзіцель Пётр Іванавіч Лапіцкі. Для мяне савецкая эпоха – гэта эпоха развіцця раёна, нястомнай працы, дапамогі чалавеку. У сямідзесятых, калі пачаў працаваць, па выкліках у Вялікія Дольцы ці Касары мы ездзілі праз Лепель, Пышна. Дарог па Кубліцкім сельсавеце ці тым жа Вялікадолецкім лічы што не было. Памятаю, рацыя таксама брала не ўсюды і ў Стараселлі мы правялі ноч, паколькі загразлі і толькі раніцай я адшукаў у суседніх Глінішчах тэлефон і нам на дапамогу з Касароў прыйшоў трактар. Толькі за адзін год з фельчарам Міхаілам Касцюковічам нам давялося прымаць у машыне чацвёра родаў. Ведаю добра раён і магу сцвярджаць, што ён вельмі змяніўся. Тата не быў камуністам, але назваў мяне Уладзімірам, думаю, у гонар Леніна.

Уладзімір Ільіч Мялешка, 1953 года нараджэння, Двор Пліна:

– Мне падабалася раней, калі называлі па імя па бацьку, і зараз, нават калі гучыць кароткае “Ільіч”. Калі так гаварылі пра Леніна, усе разумелі, пра запаветы якога Ільіча ідзе гаворка. Назваў мяне бацька Валодзем, безумоўна, асэнсавана, тым больш што нарадзіўся я 22 сакавіка. Месяц не супаў – у славутага цёзкі гэта 22 красавіка, аднак чысло і схіліла бацьку да такога рашэння. Я станоўча адношуся да гэтага свята і савецкіх часоў. Сам, дарэчы, быў камуністам, памятаю, як мяне вылучаў саўгас “Ушацкі”, у якім працаваў, прымаў першы сакратар райкама партыі Ніканор Міхайлавіч Гірса. І зараз захоўваю партыйны білет.

Уладзімір Ільіч Клопаў, 1962 года нараджэння:

– Імя мне даў дзядзька, вядомы ва Ушачах настаўнік, завуч школы і яры камуніст Павел Васільевіч Красноў. Казалі, што ён нахіліўся над люлькай і сказаў: “Ну вось, будзе Уладзімір Ільіч”. Дарэчы, зрэдку так мяне і клікаў. Ну а ў школе і арміі часта да гэтага спалучэння дадавалі “Ленін”. Так што я выдатна ведаю лёс чалавека, у гонар якога мяне назвалі. І да савецкай эпохі стаўлюся станоўча – гэта наша гісторыя і асноўная частка жыцця.

Уладзімір Ільіч Барысёнак, настаўнік гісторыі Плінскай школы, 1965 года нараджэння:

– Калі я нарадзіўся, у сям’і ўжо быў старэйшы брат – Леанід Ільіч, дарэчы яго так назвалі выпадкова, паколькі ў 1949 годзе бацька наўрад ці ведаў, што старшынёй ЦК КПСС стане Брэжнеў. А мяне ён, заўзяты камуніст назваў так асэнсавана. Я і сам, пазней, калі зачытвалі імя і імя па бацьку далучаў – “Ленін”. Стаўленне да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў мяне неадназначнае. Усе сацыяльныя мэты былі добрыя, а вось з рэалізацыяй пагадзіцца не магу, у прыватнасці з барацьбой з рэлігіяй. Як настаўнік гісторыі я не навязваю сваіх поглядаў дзецям. Гэта падзея, гістарычная вяха, прайшло, дарэчы, не так многа часу, каб даваць адзнакі. Па сабе ведаю, што погляды з часам мяняюцца.

Запісала Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *