Семья Автух из агрогородка Ореховно стала победителем в номинации «Лучшая молодёжная усадьба» на районном конкурсе по благоустройству

Общество

Не сакрэт, што многія маладыя ўшачане, стварыўшы сям’ю, шукаюць магчымасць падацца ў горад. Хай гэта будзе цесны пакой у інтэрнаце ці абшарпаная здымная кватэра – абы за вокнамі грымелі трамваі, а не спявалі птушкі. На шчасце, такога погляду прытрымліваюцца далёка не ўсе. Маладыя жыхары аграгарадка Арэхаўна Яўген і Юлія Аўтух, напрыклад, упэўнены, што камфортна і цывілізавана можна жыць і на сяле.

– 4 гады таму, калі вырашылі набыць уласнае жыллё, разглядалі розныя варыянты. Была магчымасць купіць дом ва Ушачах, але больш спадабаўся гэты – на вуліцы Садовай у Арэхаўне, – расказваюць Яўген і Юлія.

Вядома ж, на пакупку і рэканструкцыю дома спатрэбіліся немалыя сродкі. Рашыць праблему дапамог Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №585 “Аб прадстаўленні маладым і мнагадзетным сем’ям фінансавай падтрымкі дзяржавы”. Згодна з ім Юлія і Яўген, у якіх на той момант ужо нарадзілася дачка Саша, атрымалі магчымасць узяць у банку крэдыт на набыццё жылля і расплачвацца па ім на льготных умовах.

Таксама вельмі дапамаглі бацькі Аляксандр Васільевіч і Галіна Іванаўна Аўтухі. Дарэчы, менавіта на іх сядзібе ў Мосары пяць год жыла маладая сям’я да пераезду ў Арэхаўна. Уразіла, з якой цеплынёй адгукаецца Юля пра бацькоў мужа, як цэніць дапамогу – называе іх татам і мамай. Тыя ж, у сваю чаргу, задаволены чулай, гаспадарлівай нявесткай, з якой пашчасціла звязаць лёс іх сыну. Юля нарадзілася ў Завячэллі, мае прафесію прадаўца. Зараз жа, пасля нараджэння сыночка Улада, знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Яе муж займаецца вырабам зрубаў у адным з прыватных прадпрыемстваў. З дзяцінства звыклыя да працы, у свае маладыя гады яны ўмеюць літаральна ўсё, галоўнае ж, што іх вылучае – імкненне стварыць дабрабыт, навесці вакол сябе парадак і прыгажосць. Вядома ж, усё адразу давесці да толку немагчыма, таму абжываюцца паступова: рамантуюць дом, зрабілі да яго сучасную прыбудову, ужо зараз прыгожа выглядае вялікая лазня ў двары (на здымку). Паклапаціліся гаспадары і пра свайго любімага дамашняга гадаванца – сабаку Боя, які пражывае ў камфортнай будцы з бярвення. Ажыўляе падворак яркая дзіцячая пляцовачка, дзе любіць гуляць Уладзік. І першае, што зрабіла гаспадыня пасля пераезду ў дом – разбіла вакол яго мноства кветнікаў.

Намаганні маладой сям’і па добраўпарадкаванні свайго ўчастка не засталіся незаўважанымі: сёлета на раённым конкурсе сям’я Аўтух стала пераможцам у намінацыі “Лепшы маладзёжны падворак”.

– У нас тут яшчэ так многа недароблена, прыязджайце ў наступны раз, калі ўсё давядзём да толку! – запрашалі нас гасцінныя гаспадары.

А другакласніца Саша тым часам прыспешвала маму і тату:

– Давайце хутчэй збірацца! Мы ж на выставу ў музей сёння павінны паехаць!

Так, некалькі кіламетраў да райцэнтра для маладой сям’і, у якой ёсць уласны аўтамабіль – зусім не адлегласць. А пры неабходнасці можна і ў суседні горад з’ездзіць. Жыць жа ім камфортна ў Арэхаўне. У аграгарадку ёсць усё, што патрэбна: крама, клуб, ФАП, бібліятэка. Да школы і садзіка – рукой падаць.

– Зусім не шкадуем, што пасяліліся менавіта тут! – прызналіся перад развітаннем маладыя вяскоўцы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *