Сыравіна для якасных малочных прадуктаў, якія мы штодзённа набываем у краме, паступае на перапрацоўчыя комплексы ці заводы як ад сельгаспрадпрыемстваў, так і ад людзей, што вядуць падсобную гаспадарку. І калі ў першых за якасцю штодзённа сочаць лабаранты, то малако з прыватных падворкаў правяраецца выбарачна падчас рэйдаў. Адзін з апошніх, у якім удзельнічалі спецыялісты Ушацкай ветэрынарнай станцыі, райсельгасхарча і МТК “Завячэлле”, праведзены ў вёсцы Слабада Сарочынскага сельсавета. Шэсць панадворкаў здалі амаль 200 літраў малака. Пры заборы проб лабарант ветстанцыі Г.В.Цвяцінская і галоўны спецыяліст райсельгасхарча Л.М.Міхаль былі не зусім задаволены чысцінёй прадукту. А вось тлустасць, па якой часта бываюць заўвагі, наадварот, пацвердзіла сумленнасць малаказдатчыкаў. Малако сям’і Маковічаў паказала 3,9 працэнта, Пугачоў – 3,8, Кірпічонкаў – 3,7, Калбасавых – 3,5, Мароз – 3,3, Каваленкаў – 2,9. Прыгаданыя лічбы паказваюць, што літаральна ўсе прыватнікі ўклаліся ў межавыя параметры, а менавіта – 2,8 працэнта, ніжэй якіх малако ўжо не прымаецца.
Не першы раз акцэнтуем на гэтым увагу, паколькі раней можна было здаваць малако любой тлустасці, нават два, паўтара ці адзін працэнт. Аплата рабілася па працэнце, выяўленым падчас апошняй праверкі. Дарэчы, менавіта так налічаецца і зараз, а гэта азначае, што пры тлустасці вышэй 3,6 працэнта ў залік пойдзе большая колькасць малака, чым была здадзена.
Нагадаем, што новыя стандарты якасці сыравіны дзейнічаюць з 1 верасня 2015 года. І датычацца яны не толькі тлустасці. Малако павінна быць ахалоджаным да 6 градусаў, кіслотнасць не перавышаць 1618 градусаў Тэрнера, а шчыльнасць быць ніжэй 1,027 кілаграма на літр. Трэба каб сыравіна была добра працэджанай і не ўтрымлівала антыбіётыкаў. Падчас лячэння кароў малако здаваць нельга.
Дарэчы, усё гэта не ўгаворы. Пры незахаванні прыгаданых вышэй норм з малаказдатчыкам будзе скасаваны дагавор і малако проста не будзе прымацца.
А рэйды будуць працягвацца. Для таго каб выключыць паступленне няякаснай сыравіны, а таксама каб кожны малаказдатчык атрымліваў за тую тлустасць, па якой здаў малако.
Вольга СЕВЕРЫНА