Работники участка г.п.Ушачи филиала «АТП №6 г.Новоплоцка» живут по особому графику

К профессиональному празднику

У большасці арганізацый і прадпрыемстваў часавыя рамкі працоўнага дня аднолькавыя: з 8 да 17 гадзін. А вось некаторыя жывуць па асаблівым графіку, працуюць нібы экстранныя службы і ў святы, і ў выхадныя. У іх ліку – работнікі ўчастка г.п.Ушачы філіяла “Аўтатранспартнае прадпрыемства №6 г.Наваполацка”.

Штодзень а шостай гадзіне раніцы адпраўляюцца ў рэйсы першыя аўтобусы. А гэта значыць, што вадзіцелям трэба прыйсці на працу яшчэ раней, каб паспець паказацца ўрачу, упэўніцца ў спраўнасці аўтобуса, адзначыць пуцявы ліст і своечасова прыбыць на аўтастанцыю. Вечарам апошнія прыгарадныя “вандроўнікі” вяртаюцца ў парк каля васьмі гадзін, а міжгароднія ў асобныя дні прыбываюць бліжэй да адзінаццаці.

Колькі кіламетраў праехалі шафёры прадпрыемства са стажам? Такіх падлікаў ніхто не вядзе. Але калі скласці ўсе іх рэйсы ў адну стужку, то атрымаецца некалькі кругоў вакол экватара.

У калектыве 34 работнікі, палова – вадзіцелі. Большасць з іх з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі. Амаль кожны год хтосьці на раённай Дошцы гонару – сёлета туды занесена прозвішча Аляксандра Правады. Усе вадзіцелі вызначаюцца дысцыплінаванасцю і адказнасцю. Ды і як інакш – яны перавозяць людзей і любая памылка можа абярнуцца трагедыяй. А яшчэ адной характэрнай для ўсіх работнікаў арганізацыі рысай з’яўляецца камунікабельнасць. Яны працуюць непасрэдна з людзьмі, забяспечваюць выкананне сацыяльных стандартаў.

Па словах начальніка прадпрыемства Аляксандра Яўгенавіча Іоскіна, справу гэту не назавеш прыбытковай. Наадварот, маршрутныя перавозкі ў асноўным прыносяць страты. Новай тэхнікі ў аўтапарку няма і вадзіцелі беражліва адносяцца да 20 аўтобусаў. У гэтым ім дапамагаюць слесар Раман Рудзёнак, зваршчык Васіль Лабецкі і механік Мікалай Лабёнак. Але большасць шафёраў і самі дакладна вызначаюць няспраўнасці, своечасова праводзяць рамонт і абслугоўванне, не дапускаюць зрываў выезду аўтобусаў на маршруты – за выпускам на лінію спраўнай тэхнікі сочаць кантралёры Вячаслаў Асіповіч, Алег Ларчанка і Віктар Юркевіч. Бачыў, як у свой выхадны даводзіў да ладу МАЗ Сяргей Ярмош, вольны час паміж рэйсамі праводзілі за рамонтам тэхнікі Генадзь Косых, Віталь Пятніца, Іван Контараў, Мікалай Рубіс.

Апошнія два, а таксама маючы больш дваццаці гадоў стажу Васіль Парашкін – ветэраны прадпрыемства, безліч разоў выязджалі на самыя розныя маршруты. Іх усяго 33: гарадскі, 3 міжгародніх і 29 прыгарадных – такімі лічацца тыя, працягласць якіх не перавышае 100 кіламетраў. Сюды адносяцца рэйсы не толькі да вёсак, але і на Лепель, Полацк, Наваполацк.

Прыбытак прадпрыемству прыносяць неасноўныя віды дзейнасці, некаторыя з якіх шырокаму колу людзей і невядомыя. Напрыклад, калі вы пасля юбілею або вяселля захочаце развезці з рэстарана па дамах сваіх гасцей, то гэта можа зрабіць вадзіцель­прафесіянал – трэба толькі загадзя зрабіць заказ. Больш традыцыйныя паслугі – заказныя і экскурсійныя паездкі, мыццё машын, шынамантаж, здачу ў арэнду памяшканняў, камеры захоўвання.

Прыёмам заказаў займаецца Таццяна Жыцінёва, побач з ёй у будынку аўтастанцыі працуюць і астатнія прадстаўніцы цудоўнага полу. На працягу многіх гадоў сумленна і адказна спраўляюцца са сваімі абавязкамі ветэран прадпрыемства касір Наталля Клачок, яе калега Вольга Махонька і старшы касір Кацярына Марачкіна. “З другой платформы адбываецца пасадка ў аўтобус па маршруце…” – акрамя непасрэдных абавязкаў “левітанаўскія” навыкі давялося асвоіць дыспетчарам Алене Крысёнак і Людміле Бернікавай – гэта іх галасы суправаджаюць у паездкі ўшачан і гасцей гарпасёлка.

Да прафесійнага свята лепшыя работнікі прадпрыемства атрымаюць узнагароды: Ганаровыя граматы ААТ “Віцебскаблаўтатранс” за шматгадовую добрасумленную працу вадзіцелі С.Кучаронак і В.Парашкін, дыспетчар Л.Бернікава. Увесь свой калектыў А.Я.Іоскін віншуе з прафесійным святам, жадае кожнаму спраўнай тэхнікі і ўдзячных кліентаў, плённай і натхнёнай працы, здароўя, дабрабыту!

Дзмітрый РАМАНОЎСКі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *