За профессионализм и хорошие человеческие качества имя тракториста-машиниста ДРСУ-105 Николая Павленко занесено на районную Доску почёта

Ими гордятся

На любым прадпрыемстве ёсць працаўнікі, якія паказваюць дастойны прыклад астатнім, верныя сваёй справе і выконваюць яе ўзорна. У калектыве філіяла Ушацкае ДРБУ­-105 КУП “Віцебскаблдарбуд” да такіх можна аднесці трактарыста Мікалая Уладзіміравіча Паўленку. За прафесіяналізм і выдатныя чалавечыя якасці яго прозвішча па выніках працы за мінулы год занесена на раённую Дошку гонару.

З самай раніцы Мікалай Уладзіміравіч рыхтаваў да работы свой трактар. Застаць яго на вытворчай тэрыторыі прадпрыемства можна толькі ў такі час – затым ён адпраўляецца на дарогі раёна. Напрыклад, у чацвер ён спяшаўся прагрэйдзіраваць участак ад Арэхаўна да Пятніц. У любую пару года яму не даводзіцца сядзець без справы і яго трактар можа выконваць шмат функцый. Акрамя грэйдзіравання, прычапіўшы адпаведны агрэгат, ён займаецца абкошваннем дарог, а зімой – расчысткай.

– Цяпер пара снежных цыклонаў, якія сіноптыкі так любяць называць рознымі замежнымі імёнамі, пройдзе зімой – ды і ўсё. Няма такога, як 10­-20 гадоў таму. Канечне, прыходзіцца ў гэты перыяд часам працаваць і па 12 гадзін, і ўставаць ноччу на працу, але ўсё гэта вытворчая неабходнасць, – гаворыць М.Паўленка.

Як вельмі адказнага работніка характарызуе Мікалая Уладзіміравіча і выконваючы абавязкі начальніка філіяла Ушацкае ДРБУ­105 Дзмітрый Пятровіч Цімафееў: “Калі ўзнікае патрэба, выходзіць на работу і ў свой выхадны ці святочны дзень, на гэтага чалавека заўсёды можна разлічваць!”.

Беражліва адносіцца да тэхнікі – адно з асноўных правіл М.Паўленкі. А таму трактар, якому ўжо больш 20 гадоў, падводзіць рэдка.

Працы ў названай дарожнай арганізацыі Мікалай Уладзіміравіч прысвяціў больш 17 гадоў. Наогул жа на Ушаччыну М.Паўленка трапіў, можна сказаць, выпадкова. Ураджэнец Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці разам са сваёй сям’ёй вырашыў пераехаў на Віцебшчыну пасля чарнобыльскай аварыі. Мелі намер перасяліцца ў Верхнядзвінскі раён, але заехаўшы на Ушаччыну, захацелі застацца тут – зачаравалі нашы лясныя і азёрныя краявіды.

У дарожнай жа арганізацыі Мікалай Уладзіміравіч не адзіны прадстаўнік працавітай сям’і Паўленкаў. “У мяне тут і брат, і сват працавалі! Напэўна, гледзячы на мяне і ведаючы многае пра дарожную арганізацыю, адпаведную прафесію выбрала і дачка”. Наталля не адзін год працуе начальнікам планавага аддзела, а зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Да нядаўняга часу працаваў тут і сын Уладзімір.

Аб тым, што людзі гэта старанныя і верныя сваёй справе, сведчыць і той факт, што прозвішчы і бацькі, і дачкі занесены на Дошку гонару прадпрыемства, таксама не раз яны адзначаліся кіраўніцтвам за працоўныя дасягненні.

“Я ж звычайны працаўнік, як і ўсе, не трэба пра мяне шмат пісаць!” – сціпла зазначыў Мікалай Уладзіміравіч і паспяшаўся заправіць свайго “жалезнага каня”, каб хутчэй прагрэйдзіраваць чарговы ўчастак дарогі, для зручнасці вадзіцеляў і аўтамабілістаў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *