В Ушачах провели субботник, чтобы сообща благоустроить территорию возле православной церкви

Благоустройство

Раніца 22 кастрычніка сустрэла ўдзельнікаў раённага суботніка, якія прыбылі, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю ля праваслаўнай царквы ва Ушачах, тэмпературным “мінусам” і пранізлівым ветрам. Аднак дзіўная справа – ніхто з маіх суразмоўцаў за некалькі гадзін працы не паскардзіўся на холад. “Мы ж пастаянна рухаемся, як можна замерзнуць? Ды і апрануліся цёпла: ведалі ж прагноз”, – прыкладна ў такім ключы адказвалі ўдзельнікі працоўнага дэсанту.

А ён на гэтым невялікім участку быў вялікі, бо немалым аказаўся і фронт запланаваных работ. Літаральна на вачах апраналася ў плітку і аздаблялася бардзюрамі дарожка ля ўваходу на тэрыторыю храма. Працавалі на гэтым адказным участку вопытныя работнікі з ПМК­66, ПМС, УП ЖКГ. Па хуткіх і дакладных рухах мужчын, многія з якіх нядаўна мелі практыку работы па ўкладцы пліткі на цэнтральнай плошчы, было бачна, што гэтую аперацыю яны асвоілі добра. “Так хутка кладуць, што не паспяваем матэрыял падносіць!” – жартам паскардзіўся Генадзь Касьмін, які, прынамсі, дастойна прадстаўляў на суботніку сваю невялікую арганізацыю ДЭУ­37.

Старанна працавалі на падрыхтоўцы асновы для дарожкі супрацоўнікі МНС – на аб’ект была камандзіравана цэлая брыгада з шасці чалавек, а ў ходзе суботніка, змяніўшыся з дзяжурства і нават не пераапрануўшыся, да калег паспяшаўся далучыцца Дзмітрый Цюкала. На маё пытанне, хто ў іх выконвае ролю брыгадзіра, выратавальнікі безапеляцыйна заявілі: “Вядома ж, Сяргей Сыс!” Аказваецца, за 23 гады, што ён служыць у МНС, ніводны суботнік не прайшоў без удзелу старшага вадзіцеля – дужы мужчына не баіцца ніякай складанай фізічнай работы.

Не менш гарачая справа кіпела і за прыгожай агароджай храма: узброіўшыся насілкамі, тачкамі і граблямі, тут шчыравалі работнікі райвыканкама, размяркоўваючы па тэрыторыі падвезены працаўнікамі УП “Сарочына” грунт.

Шматколькасны працоўны дэсант на гэтым участку ўзначаліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. Пра добрае веданне не толькі адпаведнай тэорыі, але і практыкі, сведчылі спрытныя дзеянні дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Аляксандра Сяргеевіча Лосева, які майстраваў падлогу драўлянай альтанкі. А на работу бульдазерыста УП ЖКГ Уладзіміра Лук’янёнка проста нельга было глядзець без захаплення: яго магутная машына паспявала разраўноўваць грунт на ўсіх участках двара і перасыпаць яго каўшом праз агароджу. Сведчаннем ударнай працы людзей на гэтым участку стала тое, што за некалькі гадзін работы яны паспелі размеркаваць па тэрыторыі каля дзясятка прычэпаў гравію. “Ужо наступным летам мы зможам любавацца плёнам гэтай работы, – зазначыў настаяцель храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры айцец Вячаслаў. – Тэрыторыю ля царквы ўпрыгожаць кветнікі і малыя архітэктурныя формы, плануем пабудаваць тут таксама пляцоўку з альтанкай для дзяцей, якія наведваюць нядзельную школу”.

Ну а сама царква ўжо зараз з’яўляецца ўпрыгожаннем Ушач, і адчуванне таго, што людзі маюць прамое дачыненне да такой годнай і патрэбнай місіі, грэла іх у гэты халодны дзень не менш, чым фізічная праца і цёплае адзенне. Зрэшты, унесці сваю лепту ў высакародную справу змаглі і іншыя жыхары раёна, якія правялі суботнік на сваіх працоўных месцах. Нагадаем, што заробленыя падчас яго сродкі, якія пойдуць на добраўпарадкаванне храма, варта пералічваць на разліковы рахунак, адкрыты аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, нумар 3642328001306 у філіяле №216 ААТ “ААБ Беларусбанк” г.Полацк, код 648, УНП 300006993.

А ўжо заўтра ўшачане стануць сведкамі доўгачаканай святочнай падзеі – новая царква адчыніць свае дзверы для вернікаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *