Камунальнікаў наш народ прыгадвае, напэўна, часцей, чым работнікаў іншых службаў. Калі, крый Бог, не паспелі пасыпаць дарожкі, халаднавата ці наадварот гарачыня ў кватэры. Ну і канечне, калі, намыліўшы галаву, чуеш, як кран здзекліва адказаў шыпеннем. На жаль, часовыя перабоі з вадой, асабліва на верхніх паверхах шматкватэрных дамоў, існуюць, пра гэту праблему, як і пра іншыя ў другіх населеных пунктах, раённая ўлада ведае і вырашае. У прыватнасці і на апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў, на якой разглядалася пытанне аб стане водазабеспячэння населеных пунктаў і прымаемых мерах па паляпшэнні якасці пітной вады.
Да ведама:
Асноўная крыніца цэнтралізаванага водазабеспячэння ў раёне – падземная вада з артэзіянскіх свідравін. Цэнтралізаваным водазабеспячэннем карыстаецца 100 працэнтаў жыхароў гарпасёлка, 97,4 – аграгарадкоў, 68,7 – астатніх населеных пунктаў, пры нарматыве 50. Гэта з улікам жыхароў, якія карыстаюцца вадой з водаразборных калонак. Устаноўлена 5984 прыборы ўліку расходу вады, 45 працэнтаў насельніцтва карыстаюцца вадой з водаразборных калонак і шахтных калодзежаў. Страты і няўлічаныя расходы складаюць 14,5 працэнта пры межавых 19,1. Выручка УП ЖКГ ад рэалізацыі вады склала за 9 месяцаў 452,8 тысячы рублёў, доля насельніцтва ў ёй – 16,7 працэнта. На аднаго жыхара ў добраўпарадкаваным жыллі даводзіцца 130 літраў вады ў суткі, у дамах без выгод – 80. Існуючыя тарыфы на падачу вады не пакрываюць затрат на вытворчасць. Сярэдні тарыф для насельніцтва складае 31 капейку за кубаметр пры сабекошце 1,138 рублі (27, 3%).
На балансе УП ЖКГ Ушацкага раёна знаходзіцца 196,5 кіламетра водаправодных сетак, 4 станцыі абезжалезвання (тры ва Ушачы і адна ў Вяркудах), 62 артэзіянскія свідравіны, 31 воданапорная вежа, 482 водаразборныя калонкі, 95 шахтных калодзежаў у 39 населеных пунктах.
Сацыяльны стандарт – 140 літраў у суткі на аднаго жыхара, у тым ліку не меней 70 – на гарачае водазабеспячэнне.
Паляпшаючы якасць
Вялікія затраты нясе прадпрыемства ў прыватнасці па абслугоўванні вёсак, у якіх пражывае меней 20 чалавек. А такіх, дзе калісьці быў пракладзены водаправод і жыло дастаткова людзей – пятнаццаць: Папоўка, Краснае, Баравыя, Баброва, Воцькавічы, Заазер’е, Гушчынская Слабодка, Лясіны, Лагі, Белюкоўшчына, Двор Жары, Салонец, Заполье, Навасёлкі, Дубінец. Намнога мэтазгодней у такіх вёсках было б выкапаць шахтныя калодзежы, бо больш 90 працэнтаў перададзеных на баланс прадпрыемства водаправодных сетак маюць стопрацэнтны знос.
Прадпрыемствам сёлета было выдаткавана 34900 тысяч рублёў на работы па паляпшэнні водазабеспячэння і якасці пітной вады. У вёсках Дубраўка, Мосар, Наваселле, Старое Сяло перакладзена 2900 метраў сетак цэнтральнага водаправода. У 47 дамоў падведзена вада, у выніку чаго дэманціравана 38 водаразборных калонак. Гэта дазволіла знізіць расход электраэнергіі на 45 працэнтаў. Адрамантавана 70 водаразборных калонак, у належны стан прыведзена 95 грамадскіх шахтных калодзежаў, адноўлена 7 адзінак запорнай арматуры, заменена 5 помп на артэзіянскіх свідравінах у Крукоўшчыне, Лагах, Лутаве і Лутаве Сяльцы, Салонцы.
Пры падаражанні электраэнергіі прадпрыемства знізіла яе расход на ўздым і падачу вады на мінус 1,5 працэнта пры заданні мінус 0,5, а да аналагічнага перыяду 2014 года мінус 29,4 працэнта.
Эканамічны эфект ад праведзеных работ за 8 месяцаў склаў 16200 рублёў.
Трымаюць на кантролі
З пачатку года цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі адабрана 59 проб з шахтных калодзежаў на хімічныя і бактэрыялагічныя даследаванні, адхіленняў ад норм не выяўлена. Таксама быў зроблены аналіз 92 проб водаправоднай вады і 40 проб з артэзіянскіх свідравін. Перавышэнне жалеза ў 810 разоў ад нарматыву выяўлена ў аграгарадках Арэхаўна, Глыбачка і вёсцы Баравыя.
Праблема з перавышэннем жалеза вырашаецца шляхам будаўніцтва станцый абезжалезвання ў першую чаргу ў населеных пунктах з найбольшай колькасцю жыхароў. У г.п.Ушачы пабудаваны тры станцыі абезжалезвання, плануецца яшчэ адна на артэзіянскай свідравіне ФАК “Юнацтва”. Дарэчы, увод гэтай свідравіны дазволіць павялічыць паступленне вады ў агульную сістэму водазабеспячэння і зняць праблемы часовай адсутнасці яе на верхніх паверхах шматкватэрных дамоў у часы максімальнага разбору вады.
У наступным годзе плануецца пабудаваць станцыю абезжалезвання ў аграгарадку Арэхаўна. З абласнога бюджэту выдзелена 25 тысяч рублёў на праектныя работы.
Дэпутацкі запыт
Для ўстойлівага водазабеспячэння неабходна штогод мяняць не меней 5 кіламетраў зношаных водаправодных сетак і па 500 метраў водапад’ёмных калон на артэзіянскіх свідравінах.
Найбольшую занепакоенасць выклікаюць тыя населеныя пункты, крыніцы водазабеспячэння якіх знаходзяцца на балансе сельскагаспадарчых арганізацый.
Дарэчы, падчас сесіі дэпутат ад Павульскай выбарчай акругі Ж.Аваднёва агучыла дэпутацкі запыт наконт вырашэння праблемы водазабеспячэння ў вёсцы Павулле Вяркудскага сельсавета, у якой пастаянна пражывае 35 чалавек. Артэзіянская свідравіна вёскі знаходзіцца на балансе ААТ “Райаграсэрвіс”, там раней была і малочнатаварная ферма. З кастрычніка мінулага года аб’ект не эксплуатуецца. У сельгаспрадпрыемства няма сродкаў на яго аднаўленне. Давядзецца шукаць іх для падрыхтоўкі дакументацыі, каб перадаць свідравіну на баланс камунгаса.
А пытанне водазабеспячэння і надалей будзе знаходзіцца на пастаянным кантролі райвыканкама, райсавета. А работа УП ЖКГ, якая была адзначана як станоўчая, накіравана на далейшае паляпшэнне як водазабеспячэння, так і якасці пітной вады – асновы здароўя кожнага чалавека.
Вольга КАРАЛЕНКА.