В Веркудской школе на необычной берёзке памяти хранят ленточки с именами родных, которые участвовали в войне

Общество

Незвычайная бярозка прыцягвала ўвагу многіх на вяркудскім падворку падчас святкавання Дня Перамогі ва Ушачах. Незвычайнасць яе была ў тым, што акрамя лісточкаў на ёй развіваліся і рознакаляровыя стужкі.  Настаўнікі і вучні Вяркудскай школы прапаноўвалі ўдзельнікам свята ўшанаваць памяць сваіх родных, тых, хто ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне.  Для гэтага трэба было напісаць на стужцы іх імёны і прозвішчы і замацаваць на галінках дрэва. Паступова стужак на бярозцы станавілася ўсё больш і больш…

Такую цікавую ідэю прыдумалі ў Вяркудскай школе. Наведваючы на пачатку новага навучальнага года ўстанову, не маглі не пацікавіцца лёсам гэтага “новаўвядзення”. Трэба адзначыць, што школа з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай па рэалізацыі абласнога праекта грамадзянска-­патрыятычнага выхавання школьнікаў, а таму натуральна, што патрыятычная работа павінна быць арганізавана на высокім узроўні, з новымі формамі, метадамі, ідэямі. Не так даўно ў школе стварылі гісторыка­-краязнаўчы пакой.

– Менавіта пакой, бо да музея нам яшчэ трэба шмат расці і нямала працаваць, але ж не ўсё робіцца ў адзін момант, – падкрэслівае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Галіна Васільеўна Казлова.

Цяперашні пакой, а ў будучым – музей, мае тры аддзяленні – Ушаччына паэтычная, партызанская, гераічная. Зразумела, што ў паэтычнай частцы сабраны матэрыялы пра нашых знакамітых землякоў­пісьменнікаў. Нямала сваіх герояў мае слаўная Ушаччына – аб гэтым сведчыць і адпаведны куток, дзе асобнае месца займае тэма інтэрнацыянальнага доўгу.  Тым больш што ў школе працуюць настаўнікамі воіны­інтэрнацыяналісты М.Р.Джураеў і У.У.Друкчэнка, якія праводзяць цікавыя сустрэчы з вучнямі.

Праекты, даследчыя работы, акцыі, звесткі пра ветэранаў Вяркудскага сельсавета і многае іншае сабрана ў раздзеле, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне. Менавіта тут пачэснае месца заняла і прыгаданая бярозка памяці. Як расказала Галіна Васільеўна, гэтая ідэя належыць настаўніцы Таццяне Уладзіміраўне Ліленка. Яе адразу падтрымалі ўсе педагогі і вучні, якія з задавальненнем пакідалі запісы на стужках. Па­свойму сімвалічна, што спачатку дрэўца было з зялёнымі лісточкамі, якія сімвалізуюць маладосць і сілу, зараз жа на ім рознакаляровыя яркія стужкі – родныя жывуць у сэрцы і памяці яркім успамінам. Сярод тых, хто пакінуў свае запісы на бярозцы памяці, заслужаны архітэктар Беларусі, адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу “Прарыў” Юрый Міхайлавіч Градаў, кіраўнік нашага раёна Віктар Віктаравіч Родзіч. У школе ўпэўнены, што бярозка памяці яшчэ папоўніцца, бо вайна закранула практычна кожную беларускую сям’ю.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: Г.В.Казлова ў гісторыка­-краязнаўчым пакоі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *