Электрычная энергія незаменная ў быце, але вельмі небяспечная для жыцця чалавека. Аднак пра гэта чамусьці часта забываюцца. Чарговы няшчасны выпадак адбыўся ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці, дзе вясковы жыхар, каб здабыць дарагі каляровы метал, узламаў замкі трансфарматарнай падстанцыі. Аднак супрацьпраўныя дзеянні завяршыліся не матэрыяльнай нажывай, а моцнымі апёкамі твару і рук.
Да электратраўм нярэдка прыводзяць і спробы крадзяжу электраэнергіі: пры самавольным умяшанні ў работу электралічыльнікаў; пры падключэнні правадоў да паветраных ліній электраперадачы. Дзеянні “горараскрадальнікаў” нярэдка шкодзяць і іншым спажыўцам электраэнергіі, прыводзячы да перагрузкі электрычных сетак, пажараў, паражэнняў токам. Але яшчэ страшней, калі зза неабдуманых і нядбайных дзеянняў дарослых церпяць дзеці. У Столінскім раёне сямігадовы хлопчык атрымаў шматлікія апёкі, калі гуляў паблізу трансфарматарнай падстанцыі і, убачыўшы прыадчыненыя дзверы, зайшоў у яе. Лічаных імгненняў не хапіла пільнаму жыхару бліжэйшага да падстанцыі дома, каб перахапіць дзіця і не дапусціць няшчасця – затое ён аператыўна выклікаў хуткую дапамогу, чым выратаваў малому жыццё. А абарвацца яно магло па віне дарослых. Пры следстве высветлілася, што трансфарматарная падстанцыя была абсталявана металічнымі дзвярамі са спраўнымі замкамі, якія хутчэй за ўсё былі ўзламаны для распівання спіртных напіткаў.
Памятайце, што пабочным асобам забараняецца знаходзіцца на тэрыторыі і ў памяшканнях электрасеткавых збудаванняў, рабіць самавольныя пераключэнні і падключэнні. Пры выяўленні правіслага ці абарванага проваду, адкрытых дзвярэй электраўстановак неабходна тэрмінова паведаміць пра гэта ў РЭС па тэлефоне 27051. Сістэматычна папярэджвайце дзяцей аб небяспецы паражэння электрычным токам. Забараняйце ім залазіць на апоры ліній электраперадачы, у трансфарматарныя падстанцыі. Нагадвайце, што нельга накідваць на правады дрот і іншыя прадметы, разбіваць ізалятары, адкрываць лесвічныя электрашчыты і ўводныя шчыты ў пад’ездах. Дзеючыя электраўстаноўкі – не месца для гульняў і забаў.
В.ЛЕМЕШ, галоўны інжынер Ушацкага раёна электрычных сетак.