Многодетная семья Марочкиных — добрые, трудолюбивые, талантливые люди

Общество

Гэты дом на вуліцы Рамантыкаў у гарпасёлку ведае, напэўна, кожны. І не толькі таму, што драўляны трохпавярховы будынак вылучаецца сярод іншых. Але і таму, што жывуць тут людзі асаблівыя – адкрытыя, працавітыя, таленавітыя. Дзіву даешся: як толькі гаспадары ўсё паспяваюць?! Да таго ж яны – яшчэ і мнагадзетныя бацькі.

У тым, што сям’я павінна быць вялікай, Аляксандр Аляксандравіч і Кацярына Аркадзьеўна Марачкіны ніколі не сумняваліся: самі былі адзінымі дзецьмі ў бацькоў, таму не на словах ведалі, як няпроста жывецца без падтрымкі брата ці сястры. Так у любячай пары з’явіліся дачушкі Ангеліна, Альбіна і Караліна. Утульнае ж сямейнае гняздзечка для сваіх прыгажунь “звіў” сам гаспадар – дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Кедравы церам”.

– Прыемна, што значную падтрымку нам як мнагадзетнай сям’і аказвае дзяржава, – кажа Кацярына Аркадзьеўна. – Скажам, у дадатковы выхадны дзень, які, зрэшты, аплачваецца, маю магчымасць заняцца домам, гаспадарчымі справамі, на якія звычайна не хапае часу. Натхняе і ўвага з боку кіраўніцтва – нават самага высокага ўзроўню. Памятаю: калі нарадзілася малодшая Караліна, вельмі прыемна было атрымаць віншавальную паштоўку, падпісаную самім Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.

Дарэчы, і сёлетні кастрычнік для К.А.Марачкінай, яе блізкіх – у многім адметны. Зусім нядаўна жанчына адзначыла 35­гадовы юбілей, а таксама Дзень маці – адно з любімых ёю свят. Не за гарамі і прафесійнае – Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Менавіта аўтатранспартнаму прадпрыемству жанчына прысвяціла 13 гадоў працоўнай дзейнасці, за высокія прафесійныя паказчыкі неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі і дыпломамі.

Дарэчы, скарбонка ўзнагарод гэтай сям’і ўражвае! Не толькі памерамі, але і ўзроўнем дасягнутага. Спачатку была перамога ў раённым конкурсе мнагадзетных ячэек грамадства – пры падрыхтоўцы да яго Марачкіны і азы сцэнічнага майстэрства асвоілі, і нават вершы пісаць навучыліся. Пазней заявілі пра сябе і на абласным этапе конкурсу, стаўшы лепшымі ў намінацыі “Нашы ручкі залатыя” – выстава вырабаў з драўніны, падрыхтаваная гаспадаром, уразіла ўсіх членаў журы. Яно і не дзіўна: Аляксандр Аляксандравіч – майстар на ўсе рукі, нядаўна прымаў удзел у міжнароднай спецыялізаванай выставе “Драўнянае домазбудаванне, катэдж, лазня” і ўзнагароджаны дыпломам. Добрыя надзеі падаюць і юныя прадстаўніцы сям’і Марачкіных. Так, дзевяцікласніца Ангеліна з адзнакай скончыла музычную школу, неаднойчы станавілася прызёрам прадметных алімпіяд, навукова­практычных канферэнцый. Будучыню ж дзяўчына марыць звязаць з высакароднай і вельмі запатрабаванай прафесіяй медыка. Шасцікласніца Альбіна выдатна малюе і хоча стаць дызайнерам. “Шмат чаго ў яе ад таты, – з гонарам расказвае Кацярына Аркадзьеўна. – Часам здзіўляемся, як у яе галоўцы ўмяшчаецца столькі ідэй! То яна велічныя замкі з паперы вырабляе, то пісьменніцкія задаткі дэманструе”. У пацвярджэнне апошняму – перамога ў раённым і абласным этапах конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Казка”. У першакласніцы ж Караліны дасягненні яшчэ наперадзе, аднак дзяўчынка ўжо зараз упэўнена, што стане ветэрынарам. З катом Цімафеем, які нядаўна з’явіўся ў іх доме, яны практычна неразлучныя.

Што вылучае Марачкіных з многіх іншых? Найперш – асаблівая цеплыня іх адносінаў, непадробныя шчырасць і адкрытасць. Пакуль на момант нашага візіту гаспадыня заварвала духмяны чай, дзяўчаты ўжо расстаўлялі на стол талеркі з прысмакамі, падлічвалі колькасць гасцей і патрэбных для іх месцаў, ну а гаспадар і запрашаў нас у светлую прасторную сталовую. Дарэчы, тут у свой час на так званым сямейным савеце прымалася нямала важных для ўсёй сям’і рашэнняў. Адно з іх – працягваць працаваць Кацярыне Аркадзьеўне пасля нараджэння дзяцей ці займацца выключна домам. Муж разумеў, як няпроста спалучаць гэтыя абавязкі, і быў гатовы ўзяць на сябе ўсе пытанні па матэрыяльным забеспячэнні. Аднак даваць сабе паслабленні К.А.Марачкіна таксама не прывыкла (працавітасць – яшчэ адна характэрная рыса гэтай сям’і), таму пасля дэкрэтных водпускаў зноў уключалася ў надзвычай хуткі рытм. Уставала раней за сонейка, паколькі рабочы дзень дыспетчара пачынаўся ў 4 гадзіны раніцы, бегла на аўтастанцыю, а ўвечары гатавала ежу, прыбірала ў доме, рабіла з дочкамі ўрокі…

– Ведаеце, галоўны сакрэт у тым, што ў свой час мне пашчасціла сустрэць Аляксандра, – прызнаецца жанчына. – Гэта, сапраўды, надзейны тыл! Нават калі штосьці не паспяваю, ён гатовы падстрахаваць. Да прыкладу, неаднойчы збіраў дачушак у школу, заплятаў ім коскі. Магчыма, і не шэдэўральнымі атрымліваліся прычоскі з­пад зацвярдзелых рук майстра па дрэве, аднак дзяўчынкам было прыемна адчуваць такі клопат менавіта ад таты.

Паспяваюць Марачкіны займацца і грамадскай дзейнасцю. Так, Кацярына Аркадзьеўна з’яўляецца актывісткай бацькоўскага савета адразу ў трох класах, у якіх вучацца дочкі, не прапускае школьных мерапрыемстваў і з радасцю дзеліцца з іншымі бацькамі ўласным вопытам мацярынства. Аляксандр Аляксандравіч жа прымае ўдзел у розных дабрачынных справах. Не так даўно, напрыклад, завёз сям’і Залатых з дома сямейнага тыпу ў Арэхаўне дошкі для гаспадарчых патрэб.

Вядома, каб наладзіць добры быт, стаць паспяховымі і запатрабаванымі, Марачкіным давялося прайсці многае: атрымаць добрыя выхаванне і адукацыю, навучыцца не баяцца праблем і, вядома, шмат працаваць. Хочацца пажадаць гэтай сям’і шчасця, узаемаразумення і каб яны захоўвалі ў душы пачуцці, адпавядаючыя прыгожай назве іх вуліцы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *