Сюжэтна-гульнявую праграму “Збянтэжаны Саўка” па матывах вядомай беларускай п’есы Леапольда Радзевіча на мінулым тыдні прадставілі на абласным конкурсе гульнявых праектаў спецыялісты раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Удзел у аглядзе прынялі ажно 19 каманд. Каб уразіць членаў журы, уцягнуць у гульню гледачоў, сярод якіх былі і дзеці, і дарослыя, ушачанам давялося сур’ёзна папрацаваць!
– Мне як студэнту факультэта беларускай філалогіі ВДУ імя П.М.Машэрава тэма айчыннага фальклору вельмі блізкая, – кажа прадстаўнік нашай каманды, педагогарганізатар цэнтра Пётр Алексяёнак. – Таму пры складанні сцэнарыю мой выбар паў менавіта на гэты твор. Да таго ж ён на беларускай мове, што надало нашаму выступленню асаблівага каларыту.
Сапраўды, яркія гумарыстычныя вобразы галоўных герояў – гаспадара Саўкі і гаспадынькі Магрэты ў выкананні Пятра Алексяёнка і Наталлі Апёнак, а таксама музычнае афармленне праграмы Вольгі Пугачовай прыйшліся даспадобы ўсім прысутным. Як вынік – ушачанам прысуджана пачэснае трэцяе месца конкурсу.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.